24 лютага 2024 года ў утульным гасціным пакоі, дзе працуе таварыста “Уздым” у гарадскім Палацы культуры, сабраліся сябры таварыства і госці, каб разам адзначыць яшчэ адну сустрэчу ў рамках праекта “На лукавіне Даўгавы”. Тэма сустрэчы: “Маёй зямлі нязведаныя сцежкі і таямніцы”. За дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства я, як вядучая сустрэчы, выказваю шчырыя словы падзякі Валянціне Ліпінскай.
У кожнага месца на зямлі ёсць свая гісторыя. Дзесьці яна ляжыць на паверхні, а дзесьці мае свае схаванкі і таямніцы. С пакон вякоў людзі хацелі, марылі і здзейснялі свае паходы ў мінулае.
Зараз нашым правадніком у мінулае быў гісторык і краязнаўца, заснавальнік таварыства “Уздым” Мікола Паўловіч. Яго добра ведаюць на радзіме ў Беларусі, у Латвіі, у Ізраіле і Польшчы. Мікола – гэта гістарычная энцыклапедыя аб беларусах Латвіі, цікавы апавядальнік і суразмоўца.
Жыццё раскідвае людзей па розным куткам зямлі. Але, дзе б мы не былі, родная старонка, вёска, гарадок заўжды будзе светлым агеньчыкам у нашым сэрцы. Дзяцінства і юнацтва Міколы праходзіла ў г.п.Карэлічы, Гродзенскай вобласці, што ў Беларусі. Нарадзіўся ў сям’і вясковых інтэллігентаў. Маці працавала бібліятэкарам, а бацька – удзельнік Другой сусветнай вайны, супрацоўнікам міліцыі.
“Назвалі мяне ў гонар дзеда, бацькі маці, які прапаў без вестак падчас фарсіравання таго самага Одэра, за які бацька атрымаў ордэн”, – так расказваў Мікола пра сябе. Ён скончыў Цырінскую сярэднюю школу, а потым Латвійскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці настаўнік гісторыі. Захапленне гісторыяй перадалося ад бацькі.
Усё свае жыццё Мікола няспынна збірае матэрыялы, гістарычныя артыфакты і шчодра дзеліцца імі з музеямі ў Беларусі – музей вайны і музей імя Я.Купалы ў Мінску, музей Віцебска, музеі Міёраў, Браслава, Наваградка; з музеямі Латвіі: Даўгаўпілс, Краслава, Наўенэ, Мэдума.
Толькі ў Браслаўскі музей перадаў больш за 1,5 тысячы экспанатаў. На падставе дакументаў, сабраных даследчыкам, ягоная цешча была ўзнагароджана званнем “Праведнік свету” за ўратаванне яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны.
Аўтар артыкулаў, надрукаваных у “Браслаўскіх сшытках”, зборніках Браслаўскіх чытанняў, бюлетэні “Беларускі калекцыянер” у Оршы. Аўтар некалькіх артыкулаў у бюлетэні “Павет”. На аснове матэрыялаў, якія былі прадстаўлены калекцыянерам, падрыхтаваны і надрукаваны ў мясцовым перыядычным друку (“Наша газета”, Даўгаўпілс) цэлы шэраг артыкулаў.
У 2014 годзе на аснове матэрыялаў Міколы і пад яго кіраўніцтвам удзельнікам маладзёжнай групы, якая ў той час працавала ў “Уздыме”, Вадзімам Сіняковым была падрыхтована праца на конкурс даследчых работ Саюза беларусаў Латвіі “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснае”. Праца называлась “Канстанцін Александровіч – настаўнік і тэатральны дзеяч”. Прысвечана яна жыхару нашага горада. А потым прайшло цікавае мерапрыемства, арганізаванае беларускім таарыствам “Уздым” і польскім “Промень” у Цэнтры польскай культуры, прысвечанае Канстанціну Аляксандровічу і ягоным сваякам.
У 2018 годзе ўжо я ўвасобіла ў жыццё сваю мару – падрыхтавала працу на конкурс даследчых работ Саюза беларусаў Латвіі “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснае”, прысвечаную Міколе Паўловічу, “Жыццё, поўнае падзеяў”.
Збірае Мікола матэрыялы на тэму “Беларусы Латгаліі”: паштоўкі, фотаздымкі, маркі, манеты, перыядычныя выданні, пісьмовыя крыніцы, атрыбутыку. Праводзіць пошук прыватных архіваў былых вучняў Беларускай гімназіі. Мае каля 150 кніг, карт, нотаў, паштовак, выдадзеных у міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, Латвіі, а таксама дарэвалюцыйных выданняў.
На пытанне “Ці ёсць сёмае пачуццё, што трэба зараз збірацца, ехаць, капаць, шукаць?” адказаў: “Пачуцця няма. Збіраюсь і еду.”
Беларускае таварыства “Уздым” арганізовывала асабістыя выставы краязнаўца: “Беларуская адукацыя ў Латвіі ў даваенныя гады”, “Адукацыя. Літаратура. Тэатр”, “Сяргей Сахараў”. У 2012 годзе ў краязнаўчым музеі Даўгаўпілса адбылася выстава “Гісторыя, захаваная ў метале”. У жніўні 2023 года была падрыхтавана выстава да 20-годдзя Саюза беларусаў Латвіі “Беларуская гімназія ў Даўгаўпілсе”.
Падчас нашай сустрэчы Мікола знаёміў нас са сваімі цікавымі знаходкамі і забаўляў гісторыямі іх пошуку. Прадэманстраваў выданні, якія былі надрукаваны ў 18 – 19 стагоддзях, і дакументамі. Пазнаёміў нас з кнігамі, у якіх ёсць інфармацыя пра яго дзейнасць.
За гады, якія ён жыве ў Латвіі, ён знайшоў і захоўвае шмат дакументаў, кніг, фатаграфій і фактаў пра жыццё і дзейнасць беларусаў Латвіі. Яго матэрыялы былі выкарыстаны студэнтамі Даўгаўпілскага ўніверсітэта пры напісанні дыпломных работ, пісьменнікам С. Панізнікам, гісторыкам В. Ліхадзедавым, выкладчыкам Беластоцкага ўніверсітэта А. Латышонкам, мастаком і педагогам В. Целешам, гісторыкамі М. Казлоўскім і К. Шыдлоўскім, настаўнікам-гісторыкам В. Ермалёнкам.
Мікола з’яўляецца заснавальнікам таварыства “Уздым”. Зараз у беларускай нядзельнай школе праводзіць урокі па гісторыі.
Да 25-годдзя таварыства “Уздым” выдадзена кніга – “Уздым” на пачатку 21 стагоддзя”; а да 25-годдзя беларускай нядзельнай школы – “Вясёлка”-25”, да 30-годдзя “Уздыма” брашура аб дзейнасці беларускага таварыства г. Даўгаўпілса ў фотаздымках; календар на 2024 год, прысвечаны 5 Міжнароднаму фестывалю аўтарскай песні “Восеньскія зоры”; нумары газеты “Уздым”(№№5-11, 26) – аўтарамі гэтых выданняў з’яўляецца Мікола Паўловіч і Людміла Сінякова.
Яго жонка Вольга, у якую ён закахаўся падчас вучобы адразу і назаўжды, падтрымлівае яго захапленне краязнаўствам. Але шкадуе, што ў доме засталіся свабоднымі ад архіваў Мікалая толькі кухня і калідор.
Аб сваіх жаданнях і марах Мікалай сказаў: “Жыць і быць здаровым”.
Людміла Сінякова, куратар беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”, вядучая сустрэчы