У апошнія гады значная частка беларусаў вымушана апынулася за мяжой. Відавочна, што ў большасці выпадкаў людзі не маюць магчымасці перавезці кнігі з хатніх бібліятэк, таму за мяжой паўстае пытанне, дзе набыць кнігі на беларускай мове. Аўтар-выканаўца і мастак Ілья Фаляжынскі склаў падборку з 12 сайтаў беларускіх выдавецтваў і інтэрнэт-кнігарняў, дзе беларусы замежжа могуць набыць кнігі па-беларуску. Пра некаторыя з іх вы чулі, а пра нейкія, магчыма, не ведаеце.
1. «Кнігаўка»
Кнігарня «Кнігаўка» ў Мінску зачынілася менш чым праз суткі працы. У 2023 годзе выдавецтва запусціла новую інтэрнэт-кнігарню, а 6 лютага 2024 года адкрылася таксама варшаўская «Кнігаўка».
Кнігі — на любы густ: у асартыменце кнігарні як творы вядомых і сучасных беларускіх аўтараў, як Альгерд Бахарэвіч, Ганна Янкута, Ева Вежнявец і іншыя, а таксама пераклады сусветнай літаратуры. Сярод іх, напрыклад, «Уладар пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіена, «Вядзьмар» А. Сапкоўскага, «Гары Потэр» Дж.Роўлінг, «Вялікі Гэтсбі» Ф.Фіцджэральда. Ёсць і дзіцячыя кнігі на беларускай мове. У сакавіку выйшаў з друку беларускі пераклад польскамоўнай кнігі Ціны Азевіч «Што робяць пачуцці?» і другая частка фэнтэзійна-прыгодніцкага раману Валера Гапеева «Вольнеры». З нядаўняга часу на сайце можна купляць і электронныя кнігі.
2. Kamunikat
Па-першае, Kamunikat — найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка, якая налічвае ўжо больш за 55 тысяч розных беларускіх выданняў: кніг, аўдыякніг, часопісаў, газет і г.д. Фундацыя kamunikat.org займаецца выданнем кніг з 2021 года, а сярод аўтараў ужо больш за 20 папулярных беларускіх пісьменнікаў. У інтэрнэт-кнігарні можна набыць шэраг папяровых выданняў: кнігі Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Ганны Янкуты, ажно пяць кніг Уладзіміра Арлова, кнігу «(Не)расстраляныя» пра беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937 годзе, ці «Кнігу могілак» пра беларускія пахаванні ў свеце.
3. Алфавіт
Сярод раздзелаў з кнігамі на розных мовах на гэтым сайце можна знайсці і кнігі па-беларуску. Асартымент прадстаўлены кнігамі выдавецтва «Папуры»: серыя «Мая беларуская кніга», розныя выданні твораў Уладзіміра Караткевіча, пераклады замежных аўтараў, дзіцячая літаратура і інш. Дастаўка дзейнічае па ўсім свеце.
4. Вясна
«Вясна» — незалежнае выдавецтва, задуманае як прадаўжальнік традыцыі беларускага кнігадрукавання ў Празе, якое выдае якасную арыгінальную і перакладную літаратуру. Гісторыя праекту пачалася 4 гады таму з выхаду рамана Мойшы Кульбака «Панядзелак», перакладзенага на беларускую мову адным з заснавальнікаў выдавецтва Сяргеем Шупам. Ёсць кнігі Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай, Джорджа Оруэла і іншых. Нядаўна з літоўскай мовы быў перакладзены раман Юргіса Кунчынаса «Туўла».
5. Gutenberg Publisher
Маладое выдавецтва, заснаванае беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Сярод першых выданняў — адрыўны каляндар-слоўнік «Мова вольных: 365 родных слоў» (365 беларускіх слоў з перакладам на ўкраінскую, польскую і ангельскую мовы), пазл «Бітва пад Воршай 1514» (1000 штук) і «Беларускі народны соннік». Цікава, што выдавец распрацаваў знак No AI Content Inside, які прызначаны для абазначэння кантэнту, створанага чалавекам без дапамогі штучнага інтэлекту.
Асноўныя напрамкі дзейнасці — выданне навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай і мастацкай літаратуры, стварэнне факсіміле карт і гравюр, выраб сувенірнай прадукцыі і элементаў інтэр’еру.
Нядаўна выйшлі з друку вершы ўнікальнай паэткі ХХ стагоддзя Машы Калекі і беларускі пераклад «Гражыны» Адама Міцкевіча.
6. 34 літары
Гэты сайт з’яўляецца інтэрнэт-кніжнай крамай, якая дастаўляе кнігі на розных мовах па ўсім свеце. У раздзеле беларускіх кніг можна знайсці творы беларускіх і замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову, а таксама каштоўную дзіцячую літаратуру.
7. Скарына
Ігар Іваноў заснаваў у Лондане беларускае выдавецтва «Скарына-Прэс». Першай кнігай выдавецтва сталі «Апавяданні з Бейрута» ўкраінскага пісьменніка Агатангела Крымскага. Выйшла не толькі шмат кніг розных жанраў, але і рэпрадукцыі шасці фотаздымкаў з этнаграфічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага і неўзабаве павінен выйсці слоўнік кінатэрмінаў па-беларуску.
8. Słowianka
Słowianka — гэта моўная школа ў Варшаве, якая прапануе заняткі па беларускай, украінскай і рускай мовах. На іх сайце можна знайсці некалькі дзіцячых кніжак па-беларуску, напрыклад, «Ашуканцы» Яны Вольскай ці казку «Кропля ў космасе» Маляваныча.
9. Літарка
Гэты сайт адрозніваецца ад папярэдніх тым, што ён дастаўляе кнігі ў Злучаныя Штаты. Сярод самых папулярных кніг мінулага году кнігарня залічвае «Радзіму — ілюстраваную гісторыю Беларусі ад Рагнады да Касьцюшкі» на англіскай мове Уладзіміра Арлова, «Сабак Эўропы» і «Апошнюю кнігу пана А» Альгерда Бахарэвіча, «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, але гэта дакладна не ўсе цікавыя кнігі, якія можна набыць.
10. 33 кнігі для іншай Беларусі
Мэта гэтай ініцыятывы — даць магчымасць апублікаваць як мінімум 33 творы, якія ў цяперашніх умовах не могуць убачыць свет у Беларусі. На сайце можна азнаёміцца са спісам літаратуры, якая ўжо выйшла, а таксама той, што з’явіцца ў будучым. Сярод прэзентаваных кніг — анталогія «Нетутэйшыя: Reversion», «Слоўнік вайны» Астапа Слівіньскага, а таксама эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сатырычны раман «Радзіна» Збыха Слупоўскага.
11. Мяне няма
Гэта сайт незалежнага выдавецтва, якое друкуе творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дзве кнігі ўжо ёсць: «Мяне няма» Валянціна Акудовіча і «Забыць у электрычцы» Сяргея Краўчанкі. Можна не сумнявацца, што наперадзе не менш цікавыя публікацыі.
12. Sovabooks
Кнігарня існуе як анлайн, так і стацыянарна ў Варшаве. Тут можна набыць кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах. У раздзеле з кнігамі па-беларуску можна знайсці кнігі дзіцячай і класічнай беларускай літаратуры выдавецтва «Папуры».