Моніка Шэўчык “Важна падтрымліваць беларускую культуру ў выгнанні”

Моніка Шэўчык

9 лістапада ў беластоцкай Галерэі Арсенал адбылася прэзентацыя новых твораў, набытых для «Калекцыі II». Сярод іх — інсталяцыя беларускай мультыдысцыплінарнай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай «Borderline Depth» («Памежная глыбіня»).

Дырэктарка галерэі Моніка Шэўчык падкрэсліла важнасць падтрымкі беларускіх творцаў у эміграцыі, якія пазбаўленыя магчымасці свабодна працаваць і выстаўляць свае творы на радзіме:

– Беларускія мастакі часта вымушаныя эміграваць. Таму яны твораць на Захадзе, і шмат беларускіх мастакоў працуе ў Польшчы. З нашага пункту гледжання, гэта цудоўна. Але, на жаль, гэтыя мастакі не могуць працаваць і выстаўляцца ў сваёй краіне.

Інсталяцыю «Borderline Depth» Анастасія Рыдлеўская стварыла ў 2023–2024 гадах, ужо пасля вымушанага пераезду ў Польшчу. Мастачка пакінула Беларусь у канцы 2021 года пасля ўдзелу ў антырэжымнай выставе ў Менску, а таксама праз немагчымасць свабодна працаваць у краіне.

У 2026 годзе Галерэя Арсенал накіравала на папаўненне «Калекцыі II» 155 тысяч злотых. З гэтай сумы 75 тысяч злотых выдзеленыя з бюджэту горада Беластока. Акрамя працы Анастасіі Рыдлеўскай, галерэя набыла і прадставіла творы Яна Бачынскага, Даніэля Катоўскага і Томаша Мруза.

racyja.com