
Валанцёрка Алена Жаркевіч, арганізатарка ініцыятывы «Валанцёрскі цэнтр Сустрэча» ва Украіне, вырашыла спыніць акцыю «Адзін беларус замежжа — адзін еўра для Украіны».
Два з паловай месяцы таму яна звярнулася да беларусаў з заклікам дапамагчы цяжкапараненым беларускім добраахвотнікам, сабраць сродкі на іх лячэнне. Пра ідэю акцыі Алена Жаркевіч распавядае:
– Гэтую акцыю мы пачалі таму, што часта гаворым: мы ўсе падтрымліваем Украіну, хочам быць разам. Паводле розных ацэнак, з Беларусі выехала каля 600 тысяч чалавек. І мы падумалі: было б добра, каб беларусы ахвяравалі хаця б 100 тысяч еўра на падтрымку Украіны. Бо сёння ўвесь цывілізаваны свет падтрымлівае ўкраінцаў.
Аднак, на жаль, акцыю падтрымала нямнога беларусаў, адзначае Алена Жаркевіч:
– Лепш далучаць да гэтай дапамогі і падтрымкі як мага больш людзей — тады нам усім будзе жыць прасцей. І мы зможам перамагчы агрэсара і дапамагчы Украіне. Калі сёння кажуць, што гэта не наша вайна, я з гэтым не ўпэўненая. Лічу, што нельга заставацца ўбаку ад гэтай вайны. Калі з тэрыторыі Беларусі паляцелі ракеты, то не толькі нашы хлопцы павінны ахвяраваць сваім жыццём.
Паводле Алены Жаркевіч, беларусы замежжа, якія захочуць ахвяраваць адзін еўра на падтрымку Украіны, яшчэ змогуць гэта зрабіць: рахунак пакуль застанецца адкрытым. Справаздача аб сабраных сродках будзе апублікаваная з дакладнасцю да цэнта.
