Кнігі вядомага беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі ўпершыню выйдуць па-беларуску. Выданне аповесцяў распачынае выдавецтва Gutenberg Publisher. Першымі выйдуць кнігі «Былы сын» і «Крэмулятар». Апошняя атрымала прэстыжную французскую прэмію Transfuge як лепшы еўрапейскі раман 2023 года.
З нагоды выдання кніг Сашы Філіпенкі па-беларуску «Салідарнасць» паразмаўляла з пісьменнікам пра новае гучанне яго кніг, моўнае пытанне, атмасферу на Радзіме і вызваленне палітзняволеных. А таксама даведалася, ці працуе ён над новымі кнігамі.
— Канешне, пераклад маіх кніг на беларускую мову — вельмі значная для мяне падзея, — кажа Саша Філіпенка. — Амаль год мы спрабавалі гэта зрабіць, было цяжка. Вось людзі бачаць: з’явілася новая кніжка, але, каб гэта адбылося, мы шмат чаго зрабілі. І я вельмі рады, што атрымалася.
— А ў чым былі складанасці?
— Часам трапляліся беларускія выдаўцы, якія казалі, што кніга ўжо выйшла на расейскай мове: яна вельмі вядомая, і ўсе, хто хацелі, напэўна, ужо прачыталі, таму прадаць яе, магчыма, будзе цяжка. Таму было складана знайсці свайго выдаўца, і я вельмі ўдзячны выдавецтву Gutenberg, што гэта нарэшце здарыцца.
Мне падаецца, што пераклад атрымаўся вельмі добры. Я не пішу на беларускай мове, бо я яе не адчуваю так добра. І калі пачалі перакладаць на беларускую мову, я зразумеў, што ў перакладчыцы і рэдактаркі пачуццё мовы значна лепей, чым у мяне. У мяне гэта проста пытанне інструментарыю.
— А ці раіце беларусам, якія прачыталі ўжо гэтыя кнігі па-расейску, перачытаць па-беларуску?
— Канешне, мне падаецца гэта вельмі цікавым. Ты чытаеш гэтую гісторыю не тое, што інакш, але гэта іншы погляд. Мне самому вельмі цікава было чытаць.
— Зараз сярод беларусаў, здаецца, востра стаіць моўнае пытанне: шмат беларусаў пераходзяць на беларускую, абмяркоўваецца статус нашай мовы ў будучыні. Якія ў вас думкі наконт моўнага пытання?
— Я бачу, што большасць беларусаў, якія пераходзяць на беларускую мову, па-за межамі краіны. Яны пераходзяць на яе ў Тбілісі, у Варшаве. І я не вельмі разумею, як гэта можа дапамагчы беларускай мове ўнутры краіны. Думаю, што будзе добра, калі беларусы ў Беларусі будуць размаўляць па-беларуску.
Па-другое, мне падаецца, што зараз многія беларусы, якія ніколі не размаўлялі на беларускай мове, пачынаюць размаўляць на ёй таму, што нібыта расейская стала таксічнай, а беларуская быццам бы не: з ёй усё добра, таму, маўляў, лепш быць добрым чалавекам і сапраўдным беларусам.
Але для мяне моўнага пытання ўвогуле не існуе. Мне ўсё роўна, хто вы, на якой мове размаўляеце. У гэтым сэнсе для мяне беларус не становіцца лепшым ці не, калі размаўляе на беларускай ці расейскай. Гэта выбар кожнага чалавека.
Зараз сітуацыя склалася так, што беларускую мову кожны дзень знішчаюць, мы гэта разумеем. Калі мы хочам, каб яе не знішчалі, то, па-першае і самае галоўнае, што мы павінны рабіць — гэта размаўляць са сваімі дзецьмі на беларускай мове. А потым ужо кожны сам будзе вырашаць, якую мову хоча выкарыстоўваць.
— Вы размаўляеце на мове са сваім сынам, ці, можа, ён вывучае беларускую?
— Ён не вывучае беларускую мову, але глядзіць відэа на YouTube па-беларуску. Канешне, мы размаўляем (на беларускай — С.), і калі мы гаворым з сябрамі на беларускай, ён таксама гэта чуе.
Я размаўляю з сынам на англійскай, французскай, расейскай мовах. Далей, калі ён будзе вырашаць, дзе жыць, ён ужо сам будзе выбіраць, на якой мове размаўляць.
Ён ведае, што ў яго ёсць такія карані (беларускія — С.), такая мова таксама. Але зараз яму яе цяжка менавіта вывучаць, расейскую ён таксама не вывучае, бо мы жывём у Швейцарыі.
— Вашы кнігі ў перакладзе на беларускую мову можна будзе прачытаць анлайн на сайце выдавецтва. Гэта добрая навіна для людзей у Беларусі, бо яны змогуць чытаць кнігі без магчымых абмежаванняў. А ці падтрымліваеце вы сувязь з беларусамі ўнутры краіны, што можаце распавесці пра стасункі людзей між сабой?
— Я шмат з кім размаўляю з Беларусі, у тым ліку для працы, бо таксама працую як журналіст і пішу для еўрапейскай прэсы. Зараз, зразумела, усе трошкі прыціхлі. Але гэта зусім не кажа пра тое, што ўсе здаліся. Напэўна, гэта была параза (у 2020 годзе — С.), не атрымалася зрабіць тое, што мы хацелі.
Але я разумею, што, як толькі будзе магчымасць, беларусы зноў будуць пратэставаць, у гэтым сэнсе нічога не скончылася. Нейкі бой мы прайгралі, але вайна ўсё яшчэ ідзе, і менавіта з-за гэтага кожны дзень працягваюцца рэпрэсіі.
Людзі, якія захавалі ўладу, адчуваюць: калі гэтых рэпрэсій не будзе, то беларусы адчуюць, што пачалася нейкая адліга і можна зноўку выходзіць на вуліцы.
Дарэчы, найбуйнейшая ўзнагарода для мяне (я згадваў гэта нядаўна ў Берліне, калі ўпершыню чытаў урыўкі на беларускай мове) — гэта тое, што ў 2020 годзе людзі, знаходзячыся за кратамі, чыталі «Былога сына» і перадавалі яго з камеры ў камеру. Я ведаю, што гэтая кніжка была важная для людзей, што гэта была тэрапія за кратамі.
— У французскай газеце «Камета» вы апісалі ўмоўны даведнік па сучаснай Беларусі. Можаце расказаць, што больш за ўсё здзіўляе замежнікаў у беларускім пытанні і што ў гэтым кантэксце здзіўляе вас?
— Мяне здзіўляе, што ніхто нічога не ведае пра Беларусь. Але, падаецца, у гэтым таксама ёсць і наша віна. Вельмі цяжка, калі ты апісваеш тое, што адбываецца. А людзям у Еўропе вельмі цяжка паверыць у гэта.
У Швейцарыі ад людзей я чуў, што яны былі ў нас тры дні: у Беларусі добрыя рэстараны, чыстыя вуліцы, і нельга казаць, што Лукашэнка — дыктатар. То бок людзі насамрэч не разумеюць, што адбываецца ў краіне.
Тыдзень таму ў мяне быў выступ у Базэлі: жанчына-швейцарка пачала распавядаць, што зацікавілася пенсійнай сістэмай Беларусі і лічыць, што яна значна лепшая, чым у Швейцарыі.
Што нібыта ў нас пенсіянеры жывуць лепш, чым пенсіянеры ў Швейцарыі і маюць магчымасць ездзіць у санаторыі. Я слухаў гэта і думаў, ці змагла б яна месяц пажыць так, як жывуць беларускія пенсіянеры?
— Цяпер таксама востра стаіць пытанне палітвязняў. Няма адзінага рашэння, як вызваліць з-за крат людзей. Вы ў гэтай гісторыі, на жаль, ужо не толькі назіральнік, бо нядаўна затрымлівалі вашага бацьку. Што вы думаеце наконт пытання палітзняволеных?
— Я бачу, як зараз людзі кажуць, што трэба ісці на ўступкі, адмяняць санкцыі, каб выратоўваць палітвязняў. Нібыта пасля іх вызвалення ўлады не затрымаюць іншых. Мне падаецца, што так не будзе, і ў гэты ж дзень за кратамі апынуцца новыя людзі, бо ўлада будзе разумець: ага, значыць, гэта працуе.
У мяне зараз бацькі ў Менску ў закладніках. Але я ўсё роўна разумею, што ёсць толькі адзіная ўмова: людзі павінны апынуцца на свабодзе без усялякіх умоў. Улады павінны ўсвядоміць, што не будзе ніякіх перамоў: людзі павінны апынуцца на волі і ўсё.
Нехта казаў, што нават на вайне бакі мяняюцца палоннымі. Але ў нас няма палонных: няма ў Варшаве Азаронка ці кагосьці з таго боку. Мяняць санкцыі на палонных — гэта зусім не тое.
Мы можам уявіць, што Калеснікава ці Бабарыка выйдуць на волю, і кожны беларус хоча, каб гэта здарылася. Але ў гэтага ёсць нейкі сабекошт, калі на наступны дзень іншы чалавек апынецца за кратамі. Як гэта можна не ўлічваць?
І чамусьці, калі ты не падтрымліваеш ідэю саступак, то ў цябе нібыта няма сэрца, няма эмпатыі. Наадварот, ёсць сэрца і ёсць эмпатыя, проста, калі ты змагаешся з дыктатурай, трэба быць рэалістам.
— Вы шмат разоў распавядалі, што на фоне вайны ва Украіне беларускі кантэкст губляецца. Ці мяняецца сітуацыя апошнім часам?
— Так, цяпер яшчэ губляецца і ўкраінскі кантэкст. Адбываюцца падзеі ў Ізраілі, іншыя падзеі. Думаю, зараз украінцы пачынаюць адчуваць тое, што адчувалі мы. Зараз я працую з журналістамі, якія апісваюць, што адбываецца ў ЗША перад выбарамі, і ва ўсіх кандыдатаў, і на мясцовых выбарах Украіна стаіць на 10-м ці 11-м месцы.
Канешне, думаю, большая падтрымка будзе ад краін, якія побач (з Украінай — С.). Але людзям, якія жывуць у Партугаліі, Іспаніі, Італіі…У мяне сын прыходзіць са швейцарскай школы і распавядае, што людзі ў Швейцарыі не разумеюць, што ідзе вайна ва Украіне.
Мне падаецца, што мы захапляемся канфліктамі як серыяламі Netflix: ого, давайце паглядзім другі сезон. А потым становіцца не цікава, і давайце ўжо нейкі новы серыял паглядзім.
Таму тое, што мы можам рабіць — працягваць распавядаць, што нічога не змянілася.
— Вы шмат кажаце пра працу журналістам. А ці пішаце вы зараз кнігі?
— Так, я пачаў працаваць над новай кніжкай.
— Што змянілася, бо крыху больш, чым год таму, вы казалі, што не можаце пісаць кнігі? І, калі не сакрэт, якая тэма новай кнігі?
— Сакрэт.
У нейкі час я стаміўся і не мог пісаць. Нават не мог уявіць, што пачну пісаць новую кніжку. Гэта цяжкае пытанне — ці ёсць сэнс зараз увогуле пісаць кніжку, бо ты разумееш, што кнігі ні на што не ўплываюць. Але, з іншага боку, яны ўплываюць на цябе, на шмат каго з чытачоў, ставяцца п’есы ў тэатры.
І вось калі паглядзець на тое, што адбываецца зараз з нашым светам, бачна, што толькі ў гэтым і ёсць сэнс — займацца культурай, літаратурай, тэатрам.
Пастаноўка, якая выйшла па «Крэмулятары» ў Берліне, вельмі паўплывала на мяне: не ў тым сэнсе, што я ганаруся: вось, па маёй кніжцы паставілі, а ў тым, што Дзідзенка (Максім Дзідзенка, рэжысёр — С.) і ўсе, хто там удзельнічаў, зрабілі сваімі сіламі, без падтрымкі тэатраў ці кагосьці, вялікі буйны спектакль.
Для мяне вельмі важна і істотна, што людзі займаюцца мастацтвам, нягледзячы ні на што. І тады ты пачынаеш думаць, што трэба пісаць, і пішаш. Таму я лічу, што зараз вельмі важна займацца мастацтвам — гэта тое, што мы можам рабіць, каб заставацца людзьмі.
— У кнізе «Вяртанне ў Астрог» вы прадказалі поўнамаштабную вайну Расіі і Украіны. Што вы думаеце пра будучыню сёння: мы на парозе вялікай катастрофы ці, наадварот, рухаемся да пазітыўных змен?
— Можна я не буду адказваць? Усё, што я кажу, потым здараецца. Яшчэ да Астрогу ў 2015-2016 годзе я ў інтэрв’ю казаў, што будзе вялікая вайна. Тое, што я зараз бачу і адчуваю… У мяне няма добрых прагнозаў. Таму давайце зробім так, што я не адказаў на гэтае пытанне.