Сёння дзень памяці айца Аляксандра Надсана. 15 красавіка 2015-га ня стала чалавека, які зацікавіў Захад беларускімі дасьледаваньнямі і адкрыў многім брытанцам, а яшчэ як ні дзіўна, і шматлікім зрусіфікаваным беларусам Беларусь.
Чалавек, зь якім ліставаліся і кансультаваліся вядомыя славісты-беларусісты другой паловы 20 ст. і пачатку 21 ст: ад Юрыя Шавялёва, Фэрдынанда Нойрайтэра, Пітэра Мэё да Эльжбеты Смулковай, Арнольда Макміліна, Джыма Дынглі, Шырын Акінэр, Адама Мальдзіса, Пола Вэкслера, Германа Бідэра, Аляксея Каўкі, Аляксандра Баршчэўскага, Тэрэзы Альт і многіх іншых. Сьвятар і кніжнік, Аляксандар Надсан спрычыніўся да зьяўленьня як першых анталёгіяў беларускай літаратуры па-ангельску, па-нямецку і па-італійску, так і да фармаваньня цэлай плеяды адмыслоўцаў у беларусіцы ва ўнівэрсытэтах Эўропы і Паўноўчнай Амэрыкі. Айцец Аляксандар сам быў выбітным беларусістам, аўтарам шматлікіх тэкстаў па рэлігійнай, палітычнай і моўнай гісторыі Беларусі, па літаратуры, перакладзе і біблістыцы. З 70-х гадоў 20 ст. да сьмерці айца ў 2015 шляхі ўсіх беларусістаў-ак сьвету літаральна вялі ў Лёндан у працоўны кабінэт кніжніка-сьвятара. Доказам чаго сталася гіганцкае ліставаньне айца з больш чым сотняй адрасатаў на тэму беларусікі — каштоўнае ліставаньне захоўваецца ў архіве айца ў Скарынаўцы.
А яшчэ айцец Аляксандар апынуўшыся пасьля Другой сусьветнай вайны ў выгнаньні, навучыўся жыць удалечыні ад акупаванай радзімы і знайшоў сэнс выгнаньня. Цікава, з выгнаньня ён стварыў ня проста нешта цярпімае, пасыўнае і ніштаватае, як стрымана зазначаў ён сам у інтэрвію брытанскім журналістам у канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, а сапраўдную мяккую сілу, зброю для беларускасьці і беларускай справы як у сваім атачэньні, так і для патомных пакаленьняў.
І, падаецца, сучасным беларус-к-ам новай хвалі выгнання досьвед айца Аляксандра можа якраз гой як спатрэбіцца. Як і айцец Аляксандар у свой час, сяньняшнія беларусы і беларускі пасьля паразы пратэстаў і выбуху барбарыі рэжыму ў 2020 годзе апынуліся ў нявыкрутцы, скрусе і тузе па радзіме. Праўда, у адрозьненьне ад многіх айцец Аляксандар выбраў шлях аптымізму, стваральнай працы і канструктыўнага дыялёгу. Адзін чалавек замяніў сабою цэлыя інстытуцыі і, стаўшы бібліятэкарам лёнданскай Скарынаўкі, ператварыў яе ў сапраўдную беларусазнаўчую Мэку.
Вядома, айцец меў пэўны прывілей — ён быў сьвятаром, навучаўся на Захадзе, ня меў сям’і, але ж да прывілея дадавалася адказнасьць: у адсутнасьць уласнай сям’і ён літаральна нёс адказнасьць за ўсіх беларусаў-ак, апынулых у выгнаньні.
Ягоным асноўным сэнсам выгнаньня сталася гіганцкая праца, скіраваная перадусім на адкрыцьцё Беларусі, беларускай культуры заходняму сьвету, артыкуляваньне і пастаяннае падтрымліваньне беларускай тэмы ў заходняй, перадусім акадэмічнай, інтэлектуальнай і рэлігійнай позьве дня.
Быўшы паліглётам, актыўным, адкрытым, зь вялікім шармам чалавекам, айцец Аляксандар ня мог проста адбыць свае выгнаньне, як прысуд, ён ператварыў яго ў творчы і інтэлектуальны працэс, а часам вір, у які ўцягнуў іншых беларусаў, але і замежных сымпатызантаў беларускай справы. Можна сьмела сказаць, што айцец Аляксандар стаўся галоўным беларусазнаўцам-міждысцыплінарнікам другой паловы 20 ст. — пачатку 21 ст., аўтарам 20 кнігаў, каля 200 артыкулаў, 37 перакладаў літургічных тэкстаў і незьлічоных прамоваў. Да ўсяго неўяўляльны маштаб ліставаньня з інтэлектуаламі славістыкі 20 стагодзьдзя і славісцкімі цэнтрамі, бібліятэкамі, асацыяцыямі і факультэтамі пацьвярджае гэтае званьне.
Замест тугі, апатыі ці злосьці айцец Аляксандар прапанаваў інтэлектуальную працу на карысьць распаўсюду крытычнай, альтэрнатыўнай веды пра Беларусь, якая часта ўступала ў спрэчку і перамагала савецкую расейскацэнтрычную падачу зьвестак пра Беларусь партызанскую, Беларусь калгасную і чырвонаармейскую.
Кніжная зброя Скарынаўкі вельмі часта адбівала ідэалягічную атаку інстытуцыяў і прадстаўніцтваў БССР/СССР на Захадзе і выкрывала злачыны савецкага рэжыму 30-х гадоў, пасьляваеннай русіфікацыі ці чарнобыльскай бяды. Нават калі Беларусь стала незалежнай, ён працягнуў змаганьне і працу, ня даўшы веры ў сапраўдны незалежны выбар Лукашэнкі і афіцыйных элітаў, зьнітаваных з Масквой, якіх айцец называў да канца вельмі проста — «духоўныя сыны Сталіна». Пасьля жніўня 2020 году трапная назва айца Аляксандра пацьвердзілася.
Эстафэту вялікай працы, ажыцьцёўленай слынным кніжнікам Скарынаўкі, цяпер падхапілі маладзейшыя беларусы і беларускі ў выгнаньні, згадзіўшыся з тым, што сэнс выгнаньня ў адвечнай інтэлектуальнай працы па множаньні беларускай веды за межамі радзімы, зноў захраслай у абдоймах імпэрыі. Гэтым разам без айца Аляксандра Лёнданская Скарынаўка зноў ператвараецца ў прывілегаваны цэнтар беларусікі, які ўжо мае досьвед працы ў сытуацыі залезнай заслоны і вынішчэньня беларускасьці на радзіме. Зноў выходзіць часопіс «The Journal of Belarusian Studies», мадэрнізуецца бібліятэка, пашыраецца музэйная праца, адчыненая ўнікальная бажніца, створанае выдавецтва «Скарына», якое супрацоўнічае з Скарынаўкай. Новыя беларусы і беларускі цікавяцца, схіляюцца, зазіраюць у Скарынаўку і трапляюць пад ейны шарм.
Такім парадкам, выгнаньне мае сэнс, як і лічыў айцец Аляксандар, толькі тады, калі яно актыўнае, стваральнае, крытычнае, беларусацэнтрычнае і разбуральнае для імпэрыі, інакш яно ператвараецца ў асыміляцыю і маўклівую згоду з барбарыяй.