Сяргей Будкін — пра бясконцыя хвалі рэпрэсій і цудоўныя з’явы насуперак усяму ўнутры краіны.
У Нацыянальным тэатры оперы і балета звольнілі ўжо чацвёртага вядомага дырыжора – Алега Лесуна. Да гэтага з 2020 года там звольнілі таксама галоўнага дырыжора Вячаслава Чарнуха-Воліча, Андрэя Галанава і Івана Касцяхіна.
Пад рэпрэсіўныя звальненні папалі і іншыя супрацоўнікі гэтага тэатру і другіх устаноў культуры. Пра жудасныя хвалі тэрору, даносы на калег і нацыянальную культуру, якая жыве насуперак усяму, Филин паразмаўляў з кіраўніком Беларускай Р*ды культуры Сяргеем Будкіным.
— У цэлым сітуацыя прадказальная, не толькі паводле гісторыі ў Вялікім тэатры, але і паводле звальненняў у навучальных установах, іншых установах культуры, дзе як раз ёсць унікальныя спецыялісты, якіх адзінкі, якіх не падменіш студэнтамі ці кімсьці яшчэ, — адзначае суразмоўца. — Тое, што адбываецца, было бачна, у прынцыпе, і ў 2021 годзе. Безумоўна, з цягам часу праблема разрастаецца.
Вядома, што практыкуюцца даносы, некаторыя выкарыстоўваюць сітуацыю, каб пабудаваць кар’еру. Такія выпадкі не адзінкавыя. Але потым і гэтыя людзі таксама падпадаюць пад рэпрэсіі.
Усё паўтараецца. У 30-я гады такое ўжо было, калі адны на адных пісалі даносы, а потым самі сутыкаліся з рэпрэсіямі, з новымі даносамі. Гэта такое зачараванае кола, якое ўласціва дыктатуры, сістэме, дзе чалавек нічога не варты, дзе лаяльнасць цэніцца вышэй за прафесійнасць, дзе проста нейкая неабгрунтаваная пісулька можа дапамагчы заняць месца іншага чалавека.
Гэта ў плоскасці чалавечых якасцяў, у плоскасці кола гісторыі, якое ў нас адкручваецца назад, таму што мы не асэнсавалі сваіх памылак.
Што тычыцца даносаў, то гэта заахвочваецца начальствам. Наўпрост у нас былі сведчанні ад дзеячаў культуры з дзяржаўных устаноў. У некаторых ставіцца пытанне рубам – альбо ты пішаш данос і сочыш за калегамі, хто дзе выказаўся не так, альбо звальняюць цябе. То-бок альбо ты, альбо цябе.
У такія ўмовы ставяцца людзі, якія магчыма ў звычайным жыцці ніколі б не напісалі той данос. Гэта адна лінія. Ёсць і другая. Сапраўды ёсць прыхільнікі рэжыму, якія выкарыстоўваюць гэта як інструмент для прасоўвання ўласнай кар’еры. Гэта таксама класічны даносчык з 30-х.
Ёсць вымушаныя сітуацыі, калі чалавеку няма куды дзецца і ён спрабуе ўратаваць сваю справу, сваю сям’ю, сваё жыццё і штосьці вымушаны рабіць. Але гэта пытанне будучай люстрацыі. Мне здаецца, вымушаны данос і данос свядомы ўсё ж такі варта падзяляць.
— Нават даносы і супрацоўніцтва з рэжымам не гарантуюць бяспекі, таго, што ты не будзеш звольнены?
— Нават калі ты апранаеш «правільнае адзенне». У нас быў запыт ад чалавека з адной установы, які расказаў, што ён імкнуўся мімікрыраваць пад нейтральнага і нават на нейкае мерапрыемства надзеў чырвона-зялёны швэдар, але ўсё роўна звольнілі.
І тут пытанне, да якой ступені можна трываць, у кожнага асабістае. Кожны вырашае, дзе гэта мяжа, якую ён ужо не можа пераступіць. Некаторыя пераступаюць і пішуць даносы, некаторыя прыходзяць да таго моманту, калі разумеюць, што далей не могуць у гэтай сістэме нічога рабіць.
Але бягучка вялікая, мы шмат чаго не можам ведаць, бо гэта не публічныя працэсы. Вымыванне прафесіяналаў па-ранейшаму працягваецца, дзесьці яшчэ больш-менш, у шэрагу ўстаноў каласальнае.
Гэтыя людзі замяняюцца альбо спецыялістамі ніжэйшай якасці, альбо рускімі. У тым жа Вялікім тэатры з мінулага года працуе расейскі дырыжор. Яго выпісалі з Тальяці. Ён замяніў аднаго са звольненых беларускіх. І так гэта будзе працаваць далей. Выпішуць з другіх расейскіх філармоніяў. Зараз часты госць беларускага тэатру — дырыжор з Башкірскай оперы.
Можа адбыцца і такое, мы прыйдзем у Нацыянальны тэатр на спектакль, пастаўлены расейскім рэжысёрам па рускай п’есе, з расейскім дырыжорам і выканаўцамі.
А адкуль браць такіх спецыялістаў? Хутка іх не вывучыш. З Еўропы ніхто не прыедзе. Таму шлях адзін — клікаць з Расеі. Але якое дачыненне гэта тады будзе мець да нацыянальная культуры?
Альбо можа быць як у тым жа Купалаўскім, пачуў неяк кавалак аўдыязапісу з цяперашняй пастаноўкі: гэтыя артысты вымаўляюць беларускія словы так, быццам яны ўпершыню ў жыцці размаўляюць па-беларуску. Гэта проста дзіка чуць пасля таго, што ты памятаеш сапраўдных купалаўцаў.
Тое самае мае адбыцца з усімі сферамі — і з навукай, і з адукацыяй, і з класічнай музыкай, і з бібліятэчнай справай. Паўсюль ідуць гэтыя працэсы вымывання спецыялістаў, нават тых, хто сядзіць цішэй вады, ніжэй травы. І, на жаль, пакуль што гэты працэс вельмі прадказальны.
— А да якой мяжы яны могуць дайсці? Адзін тэатр цалкам знішчылі, некалькі хваляў рэпрэсій прайшлі па астатніх установах.
— Кірунак гэтага быў відавочны. Калі звальнялі проста тых, хто адкрыта ўдзельнічаў у пратэстах, было зразумела, што потым пойдзе другая хваля і выдаляць тых, хто іх падтрымліваў, а потым трэцяя — тых, хто прамаўчаў, потым будзе хваля проста пошуку ворагаў сярод тых, хто застаўся, і гэтак далей.
Але нават у самым страшным сне ў мінулым годзе, калі б я адказваў на гэта пытанне, я не мог уявіць, што адбудуцца такія зачысткі ў Акадэміі навук, калі прыйшлі і забралі 40 супрацоўнікаў!
На нашых вачах адбываюцца жахлівыя рэчы, якія мы ў гэтым двухгадовым кашмарным сне яшчэ не можам уявіць. І разлік як раз на гэта — запужаць усіх. Зрабіць, каб было адчуванне, што прыйдзем да кожнага, прымусіць людзей нават у думках не дапускаць нешта крамольнае.
І тут вялікі выклік, як захаваць тое, што можна захаваць толькі рукамі тых людзей, якія працуюць ва ўстановах адукацыі і культуры ўнутры Беларусі. Таму што ёсць справы, якія трэба рабіць менавіта там на карысць беларускай культуры. Усе не могуць з’ехаць. І я вельмі рады, што дагэтуль такія людзі ёсць, нам гэта дакладна вядома.
— Дагэтуль усё яшчэ застаюцца людзі, якія дапамагаюць?
— Так. Паколькі пад акупацыяй краіна, і культура таксама апынулася пад акупацыяй. Але ёсць шанец, што і пад гэтай снежнай гурбай прарастуць пралескі, тое, што можа выспяваць у нечаканых месцах, дзе падаецца, усе пад кантролем.
Я ведаю, што ў многіх беларускіх установах культуры цепліцца вось гэта жыццё, дзякуючы адданай справе сапраўдных прафесіяналаў.
Мы ж культурныя партызаны з вялікімі традыцыямі выжывання, што наша культура засведчыла за гэтае стагоддзе. Як ты яе не знішчай, яна ўсё роўна прабіваецца, прарастае і жыве, цяпер у тым ліку і сіламі тых людзей, якія застаюцца на месцы.
А які новы моцны ўздым беларуская культура атрымала падчас рэвалюцыі! Тое, што да нас даходзіць нават з турмы ў выглядзе дзіцячай літаратуры, сведчыць, што працэсы ідуць: пішуцца творы, пішуцца пастаноўкі, адбываюцца канцэрты, канешне, кватэрнікі, якія вярнуліся з савецкіх часоў.
Гэтыя з’явы, пра якія я не магу казаць па вядомых прычынах, цудоўныя. Тое, што робяць некаторыя людзі зараз у тых умовах, і не толькі ў сталіцы, тыя праекты — гэта неверагодна!
Я катэгарычна супраць таго, каб казаць, што нічога не адбываецца ўнутры краіны. Таму што адбываецца! Я нават мог бы назваць ТОП-5 крутых падзей у Беларусі сёння. Безумоўна, я не буду іх называць, але факт застаецца: культурнае жыццё ўнутры краіны не спыняецца.
Тое, што там застаюцца людзі, тое, што яны працягваюць рабіць, нягледзячы на гэты каласальны ціск і не дужа спрыяльны для творчага натхнення час, гэта ёсць. Такая нескаронасць, нязломнасць — яна ёсць.