Унікальны філалагічны конкурс (такога ў Польшчы не мае ніводная нацыянальная меншасць!) ладзіць кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Галоўныя асяродкі, у якіх праходзіць алімпіяда — гэта ліцэі з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, Бельску-Падляшскім і Беластоку. Зрэшты, падаць заяўку можа вучань абсалютна любой польскай школы.
Традыцыйна конкурс ладзіцца ў тры этапы. Першы — школьны. За ім праходзіць акруговы тур і, нарэшце, адбываецца трэці, цэнтральны этап. Яго ўдзельнікаў — а гэта 14 фіналістаў і 3 лаўрэаты — і віталі ў сярэдзіне красавіка на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Маладыя людзі прыехалі ў Варшаву атрымаць дыпломы і каштоўныя падарункі. Разам з універсітэцкімі выкладчыкамі іх прывітаў і беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, творчасці якога было прысвечана юбілейнае філалагічнае спаборніцтва.
Вядомы аўтар выступіў перад школьнікамі з натхняльнай лекцыяй, распавёў пра свае дзіцячыя мары, расказаў, як нараджаліся яго творы і цэлыя кнігі і прачытаў фрагмент свайго легендарнага эсэ «Незалежнасць — гэта…». Вучні ж у сваю чаргу задавалі пісьменніку цікавыя пытанні і атрымлівалі на іх шчырыя змястоўныя адказы.
— Вы ведаеце, я той літаратар, якому трэба зваротная сувязь з чытачамі, — падзяліўся пісьменнік уражаннямі ад сустрэчы. — І тут якраз былі мае чытачы, бо сёлетняя алімпіяда была заснаваная на вывучэнні маіх кніг.
— Вам сёння задавалі нямала цікавых пытанняў. Цікавіліся, напрыклад, як бы вы апісалі сваю творчасць у трох словах.
— А я адказаў у чатырох: «Мая радзіма — беларуская мова». Увогуле, у мяне ёсць кніга «Пакуль ляціць страла. 100 пытанняў пісьменніку». Магчыма, я напішу яе працяг, і адно з сённяшніх пытанняў абавязкова там з’явіцца!
Кожнаму з фіналістаў пісьменнік падпісаў кнігу «Ордэн белай мышы», а лаўрэаты конкрусу атрымалі ў падарунак «Каханка яе вялікасці». «Таму што каханне — гэта наймагутнейшая крыніца натхнення ў любой сферы чалавечай дзейнасці», — тлумачыць аўтар. Асобнік за яго асабістым подпісам атрымаў і галоўны герой імпрэзы — пераможца алімпіяды Ілля Рой. Малады чалавек вучыцца ў другім ліцэі ў Бельску-Падляшскім.
— У мяне былі некаторыя сумневы наконт першага месца, але я ўсё ж такі верыў, што я яго займу. І таму, калі даведаўся пра перамогу, вельмі радаваўся.
— Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта заўсёды новыя веды і адкрыцці. Што натхніла?
— «Айчына» Уладзіміра Арлова — гэта самая цікавая гістарычная кніга, якую я чытаў у жыцці. Увогуле, я даведаўся вельмі шмат цікавостак пра беларускую культуру, беларускіх пісьменнікаў, паэтаў. Часамі было даволі цяжка, асабліва на трэцім этапе, таму што было вельмі шмат матэрыялаў для падрыхтоўкі.
Выдатна справіўся з задачай і вучань Гайнаўскага ліцэя Юльян Раманюк. У яго — другое месца.
— Я вельмі задаволены вынікам, я дасягнуў таго, чаго вельмі хацеў — тытулу лаўрэата. І я вельмі шчаслівы, што мая работа не змарнавалася і зараз я не буду пісаць матуру па беларускай мове (выпускны экзамен — рэд.).
Уражаннямі ад перамогі малады чалавек дзеліцца на выдатнай беларускай мове з прыгожым падляшскім акцэнтам:
— Мае дзяды размаўляюць «па-своему», мама размаўляе «па-своему». Разам з маім бацькам яна таксама вучыліся ў Гайнаўскім беларускім ліцэі, яны пазналіся на Купалле, любяць усё беларускае. І я таксама вельмі люблю беларускую мову, беларускую культуру, ад малодшых гадоў ездзіў на «Басовішча».
Старшыня навуковага камітэта алімпіяды кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк падкрэслівае, што Алімпіяда па беларускай мове мае ў Польшчы высокі статус і прыносіць лаўрэатам шмат карысці:
— Гэта стыпендыі, ільготы пры паступленні і нават магчымасці бясплатнага навучання ў самых прэстыжных прыватных ВНУ.
Падрыхтоўка да конкурсу — грунтоўная і вельмі сур’ёзная. Менавіта таму на алімпіядзе адзначаюць поспехі не толькі вучняў, але і іх настаўнікаў. І гэта — яшчэ адна прыгожая традыцыя спаборніцтва, якое кафедра ладзіць з 1994 года. Падтрымаць сваіх вучняў у Варшаву прыехала Ганна Бжазоўская. Для настаўніцы з ліцэя ў Бельску-Падляшскім гэта ўжо дваццатая па ліку алімпіяда:
— Я пенсіянерка і выйшла на працу па просьбе дырэктара, каб падрыхтаваць вучняў да алімпіяды.
— І які вынік?
— Мой Ілля заняў першае месца, маю яшчэ 6 фіналістаў у першай дзясятцы.
— Выдатна! У Бельск цяпер — з цэлым россыпам узнагарод?
— Калісьці я сама скончыла там беларускі ліцэй, пасля вучылася на беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, працавала ў беларускім грамадска-культурным таварыстве, а ў 1994 годзе вярнулася ў школу. Дзеці, дарэчы, заўсёды ўдзячныя, што вучыліся ў такіх школах. І нават калі яны не звязваюць сваё жыццё з беларускай мовай, то заўсёды з цеплынёй ўспамінаюць гэтую навуку.
Нагадаем, з 1994 года Алімпіяду па беларускай мове ў Польшчы праводзіць кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Cёння гэта адзінае па-за межамі Беларусі месца, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «беларуская філалогія».