Калядныя гісторыі ад журналісткі і культурніцкай амбасадаркі Марыі Грыц

Ужо больш за 10 гадоў журналістка і культурніцкая амбасадарка Марыя Грыц калядуе. І робіць яна гэта ва ўсіх краінах, куды закіне жыццё. Сёлета Марыя калядавала ў Беластоку разам з групай з 5-6 чалавек, якія падтрымалі яе ў гэтай вясёлай справе. У сваім facebook яна падзялілася гісторыямі, што адбыліся з калядоўшчыкамі.

У адной хаце сям’я пераехала так даўно, што дзеці ўжо не разумелі, што мы гаворым, таму мама перакладала ім на польскую, што кажа бусел ці баба з казой. Але яны глядзелі ва ўсе вочы і былі вельмі ўражаныя. Мажліва, на Каляды яны першы раз сутыкнуліся з беларускай мовай. Спадзяюся, сутыкненне прайшло паспяхова.

У іншай хаце хлопчык гадоў трох так уразіўся, што каза ўпала/здохла/прапала, ажно кінуўся яе ратаваць печывам. Але не разабраўся, дзе ў казы рот, і пхаў печыва ў дзіркі для вачэй на масцы, то казе не было як не ўстаць ад такога ратавання.

Адна з сем’яў, што нас запрашалі, рыхтавалі вершы для каляднікаў. Двое малодшых чыталі нешта простае, а старэйшы — хлопец-падлетак — пачаў дэкламаваць Багдановіча. Гэта была параза ў самае маё сэрца, ледзь там ні расплакалася…

Адну з хат мы наведалі двойчы: 25га і 7га (ага, каб замацаваць вынік). Збольшага, гледачы і глядачкі былі розныя, але адна дзяўчынка дашкольнага ўзросту з першага разу запомніла, як ратаваць казу і ў наш другі візіт па-гаспадарску пхала ў мех усё, што стаяла на стале!

Учора на прыпынку пад нашыя калядкі незнаёмы мужчына пачаў прытанцоўваць, а падлеткі, з якімі мы ехалі разам у аўтобусе, потым беглі за аўтобусам і паказвалі нам у акно сардэчкі і дасылалі паветраныя пацалункі…

Гэта далёка не ўсе гісторыі, яны напаўняюць такім святлом, утульнасцю і любоўю, што я, як тая наркаманка, не магу без гэтай традыцыі жыць. Мажліва, маё пакліканне — смех і радасць мы прыносім людзям.

budzma.org