Піраты Мінскага мора: як дзяржава нарэшце ўзаконіла крадзеж інтэлектуальнай маемасці, які існаваў у Беларусі і раней

На фоне абсурдных навін пра судовыя выракі, якія выносяць на падставе ілюстрацый з фотакнігі «Я выходжу», улады дасягнулі новай вышыні маргіналізацыі дзяржаўных інстытутаў — прынялі закон, які пазбавіў «праваўладальнікаў з «недружалюбных» краін выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці». Калі перакласці з юрыдычнай тарабаршчыны на нармальную мову, у Беларусі фактычна адмовіліся выконваць аўтарскія правы і легалізавалі «пірацтва». Пра магчымыя наступствы гэтага закона піша кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

Цяпер любую інтэлектуальную ўласнасць (камп’ютарны софт, літаратуру, музыку, кіно), створаную на тэрыторыі Еўразвязу, Паўночнай Амерыкі і іх хаўруснікаў, можна без усялякага дазволу прывозіць у Беларусь і прадаваць. Роялці за гэта будзе пералічвацца на рахунак беларускага патэнтнага органа, які 20% ад кожнай сумы зможа выкарыстаць на свае патрэбы, а калі праваўладальнікі не заявяць правы на грошы цягам трох год, пералічыць іх у бюджэт.

Мэта новага закона цалкам зразумелая — стварыць яшчэ адну крыніцу напаўнення рэспубліканскага бюджэту, якая, відавочна, паступова драбнее праз геапалітычныя авантуры рэжыму і ўведзеныя санкцыі (пакуль што ўведзена дзевяць пакетаў абмежаванняў на гандаль, фінансы і эканоміку). Тут мы нават абскакалі нашых усходніх суседзяў, якія аналагічную норму са жніўня не паспелі разглядзець у Дзярждуме нават у першым чытанні. Куды спяшацца, калі ў цябе (пакуль што) купляюць яшчэ нафту і газ. Беларускаму рэжыму такіх магчымасцей відавочна не стае — і цяпер падаткамі з ног да галавы абкладзеныя як юрыдычныя, так і фізічныя асобы. Таму нават не здзіўляе, што дзяржава вырашыла трохі ўзбагаціцца на крадзяжы чужых аб’ектаў інтэлектуальнай працы. Як кажуць у народзе, не да жыру.

Але ж, акрамя атрымання лёгкіх грошай, узаконенае «пірацтва» мае шэраг наступстваў для нас як у самой краіне, так і за яе межамі.

Добрая навіна — для простых беларусаў нічога асабліва не зменіцца. Нават стане трохі камфортней жыць, бо з’явяцца нагоды больш хадзіць у кінатэатры за кошт з’яўлення фільмаў галівудскіх студый, якія пасля пачатку вайны сышлі з рынкаў Расіі і Беларусі.

Тут трэба разумець важную рэч — бізнес на крадзяжы кантэнту існуе ў нас з часоў БССР. Многія памятаюць шапікі на кірмашах з вялікімі скрынкамі неліцэнзійных дыскаў ці стэлажамі кніг незразумелых выдавецтваў, якія ўжо амаль зніклі з навакольнага асяроддзя.

Але кінабізнес пакуль што трымаецца.

У дзевяностыя многа хто глядзеў фільмы на вельмі зацертых VHS-касетах у адмысловых кінасалонах. У момант нараджэння постсавецкага капіталізму пытанні правоў мала каго цікавілі, але гэта былі сеансы менавіта «пірацкага» кантэнту. І цяпер, прыкладна з лістапада мінулага года, зноў мы вярнуліся да аналагічнай практыкі, толькі замест відэасалонаў у нас звычайныя кінатэатры. Адзіная праблема ў тым, што іх уладальнікі пакуль не гатовыя афіцыйна прызнаваць факт сваіх неэтычных паводзін у адносінах да ўладальнікаў правоў і сваёй аўдыторыі, якая не ведае, легальную копію фільма яна глядзіць ці пірацкую, але такое прызнанне — справа часу.

Літаратура, музыка, камп’ютарны софт і таксама кіно ад новага закона пацерпяць няшмат, паколькі дыстрыбуцыя кантэнту ва ўсім цывілізаваным свеце зараз адбываецца праз лічбавыя платформы. Тут ужо пірацкія дыскі ці кнігі наўрад ці каму-небудзь будуць патрэбныя.

А зараз пяройдзем да дзёгацю, бо ў легалізаванага «пірацтва» ёсць і зваротны бок.

Вярнуць Беларусь у цывілізаваную прастору будзе вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма, нават пасля сканчэння вайны і патэнцыйнай змены ўлады. Увесь свет нас зараз успрымае як месца беззаконня — пірацкую выспу ва Усходняй Еўропе, дзе не працуе заканадаўства, парушаюцца дамовы, адбываецца адцісканне розных відаў маёмасці. Ці захочуць заходнія кампаніі, якія клапоцяцца пра сваю рэпутацыю, весці тут бізнес, адчыняць свае прадстаўніцтвы, ладзіць праекты? Наўрад ці, рызыкаў будзе больш, чым прыбытку.

І гэта яшчэ не самае горшае. «Пірацтва» моцна ўдарыць па беларускай прамысловасці, банкаўскім сектары, сферы не з’ехалага яшчэ IT. Замежныя распрацоўшчыкі камп’ютарных праграм зараз таксама сыходзяць з рынку і адмаўляюцца прадаваць ліцэнзіі на абнаўленне софту. Што толькі павялічвае рызыкі патэнцыйнага ўзлому банкаўскіх рахункаў, крадзяжу прыватных даных грамадзян і патэнцыйнага калапсавання эканомікі. І самае смешнае, што нешта падобнае ўжо пачало адбывацца ў гандлі. А далей будзе яшчэ цікавей.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org