
Пісьменнік Уладзімір Арлоў з творам «Танцы над горадам. Тры гісторыі» (у перакладзе Багдана Задуры) трапіў у лік сямі фіналістаў Цэнтральнаеўрапейскай літаратурнай прэміі «Ангелус». Узнагароду штогод уручае Уроцлаўскі Дом Літаратуры за лепшую кнігу прозы, напісаную па-польску, альбо перакладзеную на польскую мову.
Сёлета ў лік фіналістаў увайшлі:
- Уладзімір Арлоў (Беларусь)
- Сяргей Жадан (Украіна)
- Георгій Гаспадзінаў (Балгарыя),
- Юлія Ілюха (Украіна),
- Мілена Маркавіч (Сербія)
- Катаржына Тучкава (Чэхія)
- Яана Чэчат (Польшча)
«Я перакананы, што сярод сёлетніх намінантаў ёсць і будучыя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі», — кажа старшыня журы прэміі Андрэй Хадановіч.
Урачыстае абвяшчэнне лаўрэатаў прэміі адбудзецца 17 кастрычніка ва Уроцлаве. Гэта будзе часткай фестывалю Бруна Шульца, падчас якога запланаваныя сярод іншага чытанні ўрыўкаў намінаваных твораў і дыскусія з удзелам перакладчыкаў і перакладчыц.
Пераможца атрымае ўзнагароду ў памеры 150 000 злотых (што робіць «Ангелус» найвышэйшай літаратурнай узнагародай, якая прысуджаецца ў Польшчы ў фінансавым плане). Акрамя таго, прызы ў памеры 5 000 злотых уручаюцца ўсім аўтарам і аўтаркам, чые кнігі выйшлі ў фінал.
Прэмія ўручаецца аўтарам з краін Цэнтральнай Еўропы, якія ў сваёй творчасці закранаюць найбольш актуальныя для сучаснасці праблемы і паглыбляюць разуменне свету іншых культур.
