Блогер Павук пра свой завочны суд паводле 14 артыкулаў: «Гэта яны нас баяцца»

Блогер Андрэй Павук, архіўнае фота

Блогер Андрэй Павук фігуруе ў завочнай крымінальнай справе, у якой таксама абвінавачаныя ягоная былая жонка Вольга Павук, сьпявачка Маргарыта Ляўчук, музыкі і актывісты Аляксандар Чахоўскі, Ільля Салянкоў і Ўладзіслаў Наважылаў. Завочны працэс пачынаецца 31 траўня ў Берасьцейскім абласным судзе.

Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая, і такою і застанецца, бо суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя — Сьвятлана Крамянеўская.

Усе абвінавачаныя цяпер за мяжой.

Паводле абвінавачаньня, Андрэй Павук нібыта парушыў 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Да некаторых зь іх блогер ставіцца супярэчліва: не прызнае віны, але прызнае дзеяньне.

«Што паводле абвінавачаньня я дзяржаўныя сымбалі зьневажаў, дык гэта сьвятая справа змагара — не прызнаваць і змагацца з сымбалямі той дзяржавы, якая абвясьціла ворагам уласны народ. Нас хочуць запалохаць, а я бачу, што гэта яны нас баяцца, баяцца нашых сымбаляў, прычым гэты страх будзе іх перасьледаваць да канца жыцьця. З усіх артыкулаў турбуе толькі адзін — нібыта што я нанёс камусьці цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Спрабую з гэтым разабрацца», — сказаў у камэнтары «Радыё Свабода» Андрэй Павук.

Блогер згадаў, як аднойчы ў 2021 годзе тэлефанаваў жанчыне старога веку, па ягоных зьвестках, бабцы супрацоўніка пракуратуры, каб папярэдзіць яе адносна яе ўнука.

«Казаў ёй, што ўнук парушае закон, калі перасьледуе пратэстоўцаў, даводзіў, каб ён не займаўся гэтым. Можа, з той жанчынай штосьці здарылася, можа перахвалявалася, ня ведаю, але мяне грызе думка, што тая размова магла неяк пашкодзіць яе здароўю. Гэта адзінае, пра што шкадую, хоць ня маю ніякіх зьвестак у пацьверджаньне. А ў астатнім сумленьне цалкам чыстае», — кажа перад судом блогер Андрэй Павук.

Паводле Павука, ён тэлефанаваў у калегію адвакатаў Берасьцейскай вобласьці, каб высьветліць, хто прызначаны яго абараняць у судзе, але імя абаронцы яму не назвалі. Не атрымаў Андрэй Павук адказу і са Сьледчага камітэту.

«У Сьледчым камітэце таксама не назвалі імя сьледчага ў маёй справе. Сказалі толькі: «Прыяжджайце і пра ўсё даведаецеся», — згадаў Андрэй Павук.

Вяртацца ў Беларусь, каб узяць удзел у судовым працэсе, блогер не зьбіраецца. «Абсалютны бандытызм зь іх боку — такія суды. Яны робяць гэтак таму, што цалкам беспакараныя», — мяркуе Андрэй Павук.

Андрэй Павук лічыць, што праз такія суды беларускія ўлады спрабуюць запалохаць тую частку грамадзтва, якая гатовая далей змагацца за аднаўленьне дэмакратыі ў краіне.

«Чаму ім важна праводзіць такія завочныя суды, хоць яны ня могуць пасадзіць нас на лаву падсудных, а потым адправіць у лягер? Бо для ўладаў галоўнае — не дамагчыся справядлівасьці, а паказальна пакараць нязгодных, учыніць над імі хаця б такі ўмоўны гвалт, каб запалохаць тых, хто застаецца жыць у краіне і яшчэ на волі, але нечым незадаволены.

А яшчэ такія суды падбадзёрваюць „ябацек“ — прыхільнікаў Лукашэнкі, бо тыя хочуць атрымліваць задавальненьне ад сваёй дзейнасьці, іх трэба пераконваць у тым, што яны занялі дакладную пазыцыю. Таму, калі беларускія ўлады кажуць, што ў іх там пабудавана сацыяльная дзяржава, дык мне сьмешна. Насамрэч гэта аднаўленьне старога савецкага канцлягеру: ніякай свабоды, ніякіх правоў, а толькі зьдзек, зьнявага, нявольніцкая праца, а цяпер і абсурд», — мяркуе Андрэй Павук.

svaboda.org