Фонд Kamunikat.org адчыніў інтэрнэт-кнігарню Kamunikat.shop!

Рана ці позна гэта павінна было адбыцца – Фонд Kamunikat.org адчыніў інтэрнэт-кнігарню Kamunikat.shop! Цяпер тут можна рабіць замовы на ўсе кнігі, выдадзеныя Фондам, а таксама – на кнігі партнёрскіх выдавецкіх ініцыятываў.

На сайце Kamunikat.shop, сярод іншага, можна замовіць манументальную кнігу «(Не)расстраляныя», усе 12 кніг Уладзіміра Арлова і новыя кнігі Барыса Пятровіча «Ад жыцця прачнуцца… Фрэскі розных гадоў» ды Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага». Таксама можна набыць кнігу Беларускага Гістарычнага Таварыства «Беларусы ў Польскім Войску (1919 – 1947)» аўтарства праф. Юры Грыбоўскага.

– Гэта дасканалая магчымасць для нашых кніг трапіць да больш шырокай аўдыторыі ва ўсім сьвеце – кажа Яраслаў Іванюк, дырэктар фундацыі Kamunikat.org. — Дагэтуль нашы кнігі прадаваліся ў асноўным на розных кніжных кірмашах з удзелам беларускіх незалежных выдавецтваў, а таксама падчас аўтарскіх сустрэч, арганізаваных Фондам і яго партнёрамі. Праўда, мы прадавалі таксама нашы кнігі ў Інтэрнэце, але гэта было вельмі па-партызанску… Цяпер гэта будзе больш проста, зручна і сучасна.

Варта дадаць, што з канца 2021 года фонд арганізаваў больш за сотню аўтарскіх сустрэч. У асноўным у Польшчы, але таксама ў Нямеччыне, Італіі, Літве, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.

Зноў з’явілася «Мова» Віктара Марціновіча.

— Мы ўжо друкавалі гэтую кнігу ў Беластоку ў 2022 годзе. Цяперашняе выданне стала адказам на частыя пытанні чытачоў — дадае Яраслаў Іванюк.

Таксама неўзабаве выйдзе кніга да 100-годзьдзя Васіля Быкава з яго аповесцямі «Бліндаж» і «Афганец». У выдавецкіх планах і кніга журналіста «Радыё Свабода» Алега Грузьдзіловіча «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы». Гэта «кніга вершаў для дзяцей з дарослымі», у якой аўтар тлумачыць «як гэта – быць у турме».

Перад вакацыямі павінен выйсьці таксама новы дэтэктыўны раман Змітра Дзядзенка «Гульні Цырцэй», дзеянне якога адбываецца на пачатку 1920-х гадоў мінулага стагоддзя ў пасьлярэвалюцыйнай Воршы.

— Сёлета «Камунікат» плануе выданне трох кніг беларускіх класікаў, але няхай гэта пакуль застанецца таямніцай – якіх менавіта! — дадае дырэктар Фундацыі Яраслаў Іванюк.

На сайце Kamunikat.shop можна замовіць не толькі кнігі, выдадзеныя фондам Kamunikat.org. Ёсць і тыя выданні, якіх з’явіліся пры падтрымцы Фонду ў супрацы з іншымі выдавецкімі ініцыятывамі. 

У будучыні тут можна будзе набыць кнігі іншых незалежных беларускіх выдавецтваў.

Фонд Kamunikat.org плануе дасылаць кнігі чытачам па ўсім свеце!!!

Сачыце за сацсеткамі!

Instagram

Kamunikat

Бібліятэка Kamunikat

kamunikat.org