
У межах цыклу сустрэч
“Санаторый пад клепсідрай” адбудзецца анлайн-прэзентацыя беларускага выдання кнігі
Ганны Краль “Апярэдзіць Госпада Бога” – знакамітага рэпартажу, што паўстаў на падставе размоў аўтаркі з Марэкам Эдэльманам, лекарам і кіраўніком паўстання ў Варшаўскім гета.
Беларускі перакладчык
Лявон Баршчэўскі разам з мадэратарам
Андрэем Хадановічам паразважаюць пра польскі рэпартаж, выдатную пісьменніцу Ганну Краль, Халакост і звязаныя з ім “цяжкія” для літаратуры тэмы. Вось некалькі ўступных тэзаў размовы, якая імі не абмяжуецца.
Рэпартаж як літаратурны жанр і Ганна Краль як адна з яго стваральніц.
Аповед Эдэльмана і прысутнасць у тэксце аўтаркі.
Што такое годнае жыццё і годная смерць, паводле медыка і кіраўніка асуджанага на паразу паўстання?
“Мы… жудасна баяліся, што гэтая музыка заглушыць нас”: ліквідацыя гета і жыццё на “арыйскім” баку.
Пра ахвярнасць і гераізм без крыку, пафасу і перабольшання.
Што абурыла – і часам працягвае абураць – чытачоў кнігі?
Дэміфалагізацыя і дэгераізацыя ўдзельнікаў паўстання.
“…Выдатны сімвал. Але дзеля сімвалаў не варта ахвяраваць жыццём”: Эдэльман пра масавае самагубства пад час паўстання.
Тэма памяці, суб’ектыўнасці згадак і права памятаць іначай.
“Хто ж стане нас пасылаць на смерць з хлебам? Столькі хлеба змарнаваць?!”: матыў голаду ў кнізе.
Двухпланавасць аповеду: красавік 1943-га і пасляваенная рэальнасць.
Праца кардыяхірургам як працяг змагання паўстанца.
Наватарскія аперацыі на сэрцы. Чаму ў пасляваеннай Польшчы так шмат добрых лекараў?
Асаблівасці рэпартажнага стылю Ганны Краль і яго захаванне па-беларуску.
“Апярэдзіць Госпада Бога” — адна з найбольш моцных кніг пра Халакост і чалавечую годнасць. Ганна Краль стварае эмацыйна насычаную гісторыю пра жыццё, смерць і маральны выбар. Гэта не толькі дакумент часу, але і філасофскі дыялог пра сэнс чалавечай прысутнасці сярод катастрофы. На працягу больш як сарака гадоў кніга Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога» застаецца класікай польскага рэпартажу і адной з самых узрушальных аповесцяў пра паўстанне ў Варшаўскім гета ў красавіку 1943 года і лёсы польскіх габрэяў, якія стварыла літаратура XX стагоддзя.
