Днямі ў Лёндане выйшла з друку кніга Алега Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс», якая нагадала пра часы позьняга савецкага застою і дысыдэнцкую акцыю, у якой сорак гадоў таму ўзялі ўдзел многія дзясяткі чалавек.
Першае выданьне гэтай кнігі пабачыла сьвет у 1985 годзе, і таксама ў Лёндане. Другое выданьне кнігі Алега Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» даступнае тут.
Сьцісла:
- На мяжы 1970-х і 1980-х гадоў беларускія адраджэнскія ініцыятывы, дагэтуль падпольныя, пачалі выходзіць на людзі.
- Публічнае апытаньне на тэму «Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?» стала першай адкрытай дысыдэнцкай акцыяй, у выніку якой зьявілася выдадзеная ў Лёндане кніга і пачаўся перасьлед з боку КДБ у Беларусі.
- Неўзабаве апытаньне перарасьце ў шырокія газэтныя дыскусіі, у выніку якіх беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай у БССР.
З пасьляслоўем Караткевіча
Усё пачалося яшчэ ў канцы 1970-х. Паэт Алег Бембель (Зьніч), які працаваў у Інстытуце філязофіі Акадэміі навук, задумаў правесьці публічнае апытаньне на тэму «Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?» і пайшоў у менскі бар «Рамонак», дзе тусавалася тагачасная моладзь, на першы погляд, зусім далёкая ад моўнага пытаньня. Так зьявіліся першыя адказы.
Трэба сказаць, што акцыя не задумлялася як дысыдэнцкая ці антысавецкая, але паводле свайго нефармальнага (несанкцыянаванага, сказалі б цяпер) характару такою была. Апроч таго, аб’ектыўна гаварыць пра беларушчыну і ня выйсьці на тэму дыскрымінацыі было немагчыма як у тыя часы, так і цяпер.
Наступныя свае «стрымы» Бембель праводзіў сярод калег у Акадэміі навук, сярод школьнікаў, настаўнікаў, вядомых і невядомых асобаў. Стала зразумела, што тэма набліжаецца да сваёй вастрыні, і аўтар вырашыў зрабіць апытаньне ананімным.
Вакол аўтара — ягоныя аднадумцы: пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, філёзаф Уладзімер Конан, паэт Алесь Разанаў, мовазнаўца Пётра Садоўскі, мастак Аляксей Марачкін ды многія іншыя, якія так ці інакш удзельнічаюць у акцыі і спрыяюць яе пашырэньню.
Тым часам у Менску ўзьнікае студэнцкі рух «Майстроўня», зь якім Алег Бембель хутка збліжаецца і прапануе майстроўцам таксама апытваць сваіх знаёмцаў. Зрабіць пашыраны камэнтар, то бок фактычна стаць суаўтарам праекту, Бембель запрашае Ўладзімера Караткевіча. Караткевіч адмаўляецца ад ананімнасьці, хоць разумее, што рызыкуе, бо ў адказах ужо закранаюцца самыя вострыя пункты моўнае тэмы.
Тым ня менш аўтар не пакідае надзеі надрукаваць кнігу, што ўзьнікла па матывах апытаньня, у легальным менскім выдавецтве. Майстроўцы пачынаюць вырабляць і распаўсюджваць машынапісныя копіі кнігі. Яўген Івашкевіч а чацьвертай раніцы ў падземным пераходзе на тагачасным праспэкце Машэрава каля кнігарні «Сьветач» піша на сьцяне вялікімі літарамі: «Беларусы, дзе ваша мова?». Ужо а восьмай раніцы Алег Бембель ідзе праз гэты пераход на працу, бачыць, як прыбіральніцы змываюць надпіс, і адразу запісвае верш:
Пад Машэравам як нанова
партызанская йдзе вайна.
«Беларусы, дзе ваша мова?» —
патаемна пытае сьцяна...
У 1985 годзе кніга «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» нечакана для ўсіх выходзіць у Лёндане. Гэта значыла, што ў Беларусі яна ўжо дакладна ня выйдзе, што яна ўжо дакладна антысавецкая і, што самае галоўнае, у Беларусі легальна ніхто яе прачытаць ня зможа.
У Інстытуце філязофіі рэпрэсіі. Бембеля выганяюць з працы і з партыі, ён канчаткова ператвараецца ў адкрытага дысыдэнта. Тым часам кніга працягвае хадзіць па руках нелегальна. Успамінае майстровец Зьміцер Саўка:
«Мяне выклікалі ў галоўны корпус, на другі паверх, у вельмі вялікі кабінэт, у якім чакалі два чалавекі. Гэта быў год, відаць, 1986-ы. Адзін — маёр КГБ, другі, мне здаецца, капітан КГБ. Яны назваліся. Адзін зь іх меў прозьвішча Гаркавы. Другое прозьвішча, расейскае, я не запомніў. І яны на мяне спрабавалі ажыцьцяўляць ціск, проста вэрбаваць.
Кніжка Алега Бембеля хадзіла тады па руках у перадруку. Я пры дапамозе Лявона Юрэвіча і ягонага брата, цяпер, на жаль, нябожчыка Юрася, гэтую кніжку перадрукоўваў, Юрась яе апраўляў. І ад мяне патрабавалі, каб я той асобнік, што маю, здаў у КГБ, інакш мяне чакае выключэньне. Я змушаны быў гэта зрабіць. Прыйшоў у будынак КГБ, на прахадную. Там мяне сустрэў капітан Гаркавы, чарнявы такі, і забраў гэтую кнігу. Гэта было маё выкупленьне за тое, што мяне пакінуць у спакоі. Доўга яны мяне схілялі да супрацы. Не схілілі, паведамляю. Дакладаць на сваіх аднадумцаў і сяброў я не згадзіўся. І адразу была немінучая расплата. Па навуковым камунізьме я атрымаў „тройку“ на дзяржаўным іспыце і такім чынам аўтаматычна пазбыўся магчымасьці атрымаць чырвоны дыплём. Я займаўся выключна на „пяцёркі“».
«Нацыі зьнікнуць»
Дзіўнае, як на сёньняшні дзень, уяўленьне ў тыя, застойныя часы многія ўспрымалі як аксіёму. Яшчэ больш дзіўным падаецца камунізм, на які многія людзі глядзелі як на рэальную будучыню. Але што будзе з нацыянальнымі мовамі? — пытаўся дапытлівы аналітык, разумеючы поўную супярэчнасьць мовы і камунізму, якія ніяк немагчыма было паяднаць у адно цэлае. Шукаўся і ніяк не знаходзіўся балянс паміж «нацыянальным» і «інтэрнацыянальным», абавязкова трэба было засьцерагчыся ад «нацыяналізму» (родную мову люблю, толькі ж вы не падумайце!) і засьцерагчы іншых ад «навязваньня роднай мовы». Апошні матыў, насамрэч люстэркавая рэакцыя на прымусовую русыфікацыю, быццам і родную мову можна пашыраць толькі гвалтам, — гэты матыў датрываў і да нашых дзён. Як і «нацыяналізм», страшны ярлык, які сваім пагрозьлівым гучаньнем і мусіў засьцерагаць ад «гвалтоўнае беларушчыны».
Тут ужо з усёй сваёй рамантычнай узьнёсласьцю кідаўся ў бойку камэнтатар Уладзімер Караткевіч:
«Што ж, я нацыяналіст. Украінскі (як мала хто з украінцаў ведаю Т. Шаўчэнку), польскі (Норвід і Міцкевіч — браты мае), нямецкі (за Рыльке), рускі (за ўсіх, ад Кантэміра да Паўстоўскага і Шукшына), іспанскі (за Рысаля, Вальеха і Лёрку). „Усіхні“ нацыяналіст і ганаруся гэтым ярлыком».
Раптоўныя (?) перамены
Калі некаторыя тагачасныя грамадзкія ўяўленьні безнадзейна састарэлі, дык цалкам актуальнымі ў кнізе застаюцца і само пытаньне, і Караткевіч зь ягоным эмацыйным камэнтаром, і жанр, які Алег Бембель назваў «філязофскім фальклёрам» і падкрэсьліў яго аўтэнтычнасьць, то бок дакумэнтальнасьць, дакладнасьць выказваньняў людзей. Адказы ніякім чынам не выпраўляліся. Аўтарка прадмовы да новага выданьня Натальля Гардзіенка згадвае жанравую папярэдніцу «Роднага слова…», кнігу А. Адамовіча, Я. Брыля і Ул. Калесьніка «Я з вогненнай вёскі» (1975), а мне згадалася трохкніжжа «Галасоў Беларусі» (2020–2022) зь «Бібліятэкі Свабоды», асабліва: галасы са стрымаў 2020-га, усе аўтары якіх або ў турме, або прайшлі праз турму, або ў эміграцыі. Колькі тут аналёгіяў: жанравых, аўтарскіх, тэматычных: лёс народу, лёс мовы, лёс свабоды…
Уявіце сабе Менск канца 1970-х — пачатку 1980-х. Ніводнай беларускай школы, нават клясу ніводнага. Яшчэ ня так даўно прыяжджаў Хрушчоў і сказаў, што беларусы будуць першымі жыць пры камунізьме, бо першымі адмовіліся ад сваёй беларускай мовы. Усе дачыненьні людзей зь дзяржавай і міжсобку — па-расейску. Адно адрозьненьне ад сёньняшняга дня: па-беларуску яшчэ гаворыць вёска.
Інтрыга была ў тым, што скажуць пра беларускую мову людзі, якія жывуць у цалкам зачышчанай ад беларушчыны гарадзкой прасторы. Ніякай сацыялёгіі ці апытаньняў грамадзкай думкі тады не праводзілася.
Агульны настрой, аўтарскі найперш, вычуваецца ва ўсьведамленьні, што беларуская мова памірае, што яе лёс вырашаны, што справа тут — на некалькі гадоў агляднае будучыні, і — канец. І пры тым сама гэтая праца — нібы адчайная спроба запярэчыць гэтаму паміраньню, самога сябе пераканаць, што ўсё ня так фатальна, што думкі пра сьмерць заўчасныя…
Кніга выйшла ў 1985-м, далей пашыралася нелегальна, а ўсяго празь пяць гадоў беларускую мову Вярхоўны Савет прызнае ў БССР адзінай дзяржаўнай. У 1990-я ўжо ў незалежнай Беларусі 80% школьнікаў пойдуць у беларускую школу. Пасьля, з прыходам Лукашэнкі, пачнецца адкат на тыя «перадсьмяротныя» пазыцыі, пры гэтым зьменіцца фактычны статус беларушчыны зь вясковай на гарадзкую і нават элітарную, разгорнецца новая літаратура, і папулярнасьць беларушчыны пачне расьці пад чарговымі ўдарамі таталітарнага рэжыму, які турмамі і выгнаньнем у эміграцыю будзе ўсяляк змагацца з кожнай яе праявай.
Але вернемся ў тыя часы, на мяжу 1970-х і 1980-х, калі праводзілася апытаньне. Шмат хто адказваў па-расейску.
Філязофскі фальклёр
(Каля 30 гадоў, руская, выкладчыца ангельскай мовы ў ВНУ г. Менску)
«Ведь что стало в своё время с белорусскими интеллигентами? Наивные, открытые, доверчивые — они почти все были истреблены…
…Грузин, литовец — специально не скажет по-русски без акцента, хотя прекрасно умеет это делать. А белорус стыдится своего акцента… Русские ребята по 17 лет, несмышлёныши — начинают смеяться. Им этот язык смешон, а белорусы, их сверстники, здесь, у себя, почему-то испытывают чувство неловкости… Я им показываю, в скольких белорусских словах, как и в английских, основа латинская (артыкул, палац, аматар) — и они начинают уже где-то гордиться…
…Это чувство ложного стыда начинается ещё с детского сада. Наш Ванюшка — единственный ребёнок в группе, который прочитал на 8 Марта стихотворение на беларускай мове. Так сами воспитатели на него вызверились: зачем, кому это нужно?..»
(Каля 30 гадоў, беларус, мастацтвазнаўца)
«Самае небясьпечнае — праблема школы. Па сутнасьці, у школе і прадшкольлі закладваюцца прынцыпова адмоўныя адносіны да мовы… Адсутнасьць роднай моўнай стыхіі прыводзіць да тармажэньня ў разьвіцьці стыхіі духоўнай, магутна ўплывае на псыхіку. Бязьвер’е ва ўласныя сілы — калі спраецыраваць на асобу. Бязьверʼе ў сілы свайго народу, сваёй нацыі, сваёй культуры».
(32 гады, беларус, мастак)
«У школе вучыўся слаба. І самы цяжкі прадмет — руская мова… Пакідалі пасьля ўрокаў: цэлую старонку адно слова — „пошёл“… „Цяжка з такімі вучнямі — „простолюдье“…“ — казала настаўніца. І гэта мне запомнілася… Тое самае атрымліваецца цяпер з маім дзіцём: кожны дзень з садзіка прыходзіць маленькі вораг нацыянальнай культуры…»
(1925 г. нараджэньня, беларуска, выкладчыца матэматыкі, Крупскі раён Менскай вобласьці)
«На мой погляд, здаецца, не зусім правільна (ня ведаю, як лепш сказаць) робяць тыя настаўнікі, якія вядуць выкладаньне такім шляхам: падручнікі ў вучняў на беларускай мове, сам настаўнік вучыўся ў пэдынстытуце ў Беларусі, а вось выкладаньне вядзе на рускай мове. Школа лічыцца беларускай. І вось няхай бы ён пабыў у ролі чацьвёртаклясьніка або пяціклясьніка, які 1–3 кл. закончыў на беларускай мове. (Вучням старэйшых клясаў гэта лягчэй.)
Здаецца, што гэтае пытаньне патрабуе прадуманага рашэньня ў вышэйшых інстанцыях, бо такое руска-беларускае выкладаньне, як я ведаю, паўсюднае ў Менскай вобласьці».
(Паміж 30 і 40, полька-беларуска, гідрабіёляг)
«Белорусский язык… Так вот, я другого такого языка и не знаю… Именно ни одежда, ни что другое — а язык раскрывает душу народа… Недавно бабка стала ругаться в автобусе — кто-то помешал ей сойти на её остановке… С величайшим удовольствием слушал весь автобус!.. И очень жалели, что она сошла на следующей…»
(Каля 30 гадоў, беларус, мастацтвазнаўца)
«А што да думкі, быццам беларуская мова „непрыгожая“, „неарыгінальная“, — гэта ізноў вынік ацэнак, навязаных нам у такім узросьце, калі мы яшчэ не маглі разважаць самастойна».
Паперадзе свайго часу
Караткевіч камэнтуе найбольш частыя стэрэатыпы што да беларускай мовы, напрыклад, тое, што яна непрыгожая:
«Але таварыш памыляецца ў думцы, што беларусам „навязалі“ паняцьце аб нашай мове як „непрыгожай“.
Не, яна і сапраўды непрыгожая… ад дрэннага веданьня яе. Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць ня толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г. д.) — тым больш яна прыгожая і значная. Польская шыпіць? Нямецкая брэша і гаўкае? Брахня! Якія яны мілагучныя… для тых, хто зьведаў (і, вядома, калі вусны кажуць „Der Freund“ (друг), а не „erschießen“ (расстраляць); думаю, што апошняе слова і па-італьянску прагучыць для аб’екта гэтага дзеяньня ня вельмі прывабна).
Чым болей паглыбляесься ў кожную мову, чым лепей разумееш адвечную лёгіку яе законаў — тым яна большы ўзор прыгажосьці і дасканаласьці. Лаяць нейкую мову — азначае ня ведаць яе. Ды яшчэ з самаўпэўненасьцю, уласьцівай непісьменнай тупасьці, ганарыцца, што ты — цёмная бутэлька».
Напрыканцы свайго агляду камэнтатар Караткевіч дае ацэнку ўсёй кнізе:
«З самага пачатку скажу, што праца А. А. Бембеля мне спадабалася… проста таму, што яна ўзьняла жывое пытаньне самога жыцьця.
Так, кніга балючая, кніга непрыемная (а хто хацеў ад літаратуры, ад філязофіі, каб яны „рабілі прыемна“? Мы ня ў ложку, мы ў цяжкім рэйдзе, партызаны, дзеці і ўнукі партызанаў). Кніга непрыемная, але патрэбная. Як лянцэт лекара».
Караткевічаў тэкст датаваны 1980 годам, калі апытаньне яшчэ працягвалася і канца яму не было відаць. Пройдзе яшчэ дзесяць гадоў, і моўныя дыскусіі запоўняць друк. Праблематыка кнігі цалкам выйдзе на паверхню, і стане зразумела, што кніга і сама гэтая дысыдэнцкая па сутнасьці акцыя на гады апярэдзіла свой час.