Памерла Лідзія Савік

Вельмі сумная вестка прыйшла з Мінска – памерла адна з заснавальніц і шматгадовы сябра Рады Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“ Лідзія Савік. Сёлета ёй споўнілася 88 гадоў.

Шмат гадоў Лідзія Сымонаўна працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, затым – прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта культуры і мастацтваў, выкладаючы беларускую літаратуру. Была таксама сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў.

Менавіта дзякуючы яе карпатлівай працы, у тым ліку з архівамі КДБ, да якіх яна на пачатку 90-х атрымала доступ, у культурны ўжытак вярнуліся дзясяткі імёнаў і літаратурных твораў беларускіх рэпрэсаваных пісьменнікаў і дзеячаў эміграцыі.

Выдатная пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры, Лідзія Сымонаўна выдала некалькі манаграфій, прысвечаных праблемам развіцця беларускай літаратуры, культавую кнігу „Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа“ (2001) і некалькі кніг у суаўтарстве на сумежную тэматыку. Напісала больш за 300 артыкулаў, рэцэнзіяў і энцыклапедычных артыкулаў.

Беларусь страціла цудоўнага навукоўца і культурнага дзеяча, а „Бацькаўшчына“ страціла надзейнага паплечніка і сябра.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні сваякам, блізкім і калегам Лідзіі Савік, а таксама ўсім, хто яе ведаў і ў яе вучыўся.

ЗБС „Бацькаўшчына“