Памёр журналіст і пісьменьнік Віталь Каракорскі

Ілюстрацыйнае фота

6 ліпеня ў Вільні адышоў у лепшы сьвет Віталь Каракорскі, літоўскі, габрэйскі і беларускі грамадзкі дзяяч, журналіст і пісьменьнік. Пра сьмерць Віталя паведаміў у фэйсбуку ягоны сын Даніэль.

Віталь Каракорскі нарадзіўся 2 студзеня 1958 году ў Бабруйску. Сваім дзіцячым і юнацкім гадам прысьвяціў тры эсэ, якія зачытваў у адмысловых перадачах беларускай службы Радыё Свабода: «Бабруйск. 1960-я. Эсэ пра дзяцінства», «Біржа эмігрантаў», «Бабруйская багема».

Віталь Каракорскі

Не аднойчы выступаў на хвалях нашага радыё як экспэрт у справах пашырэньня NATO на ўсход, ізраільска-палестынскага канфлікту, суду над камунізмам, галакосту ў Беларусі — «Ці адказныя беларусы за галакост?» ды іншых.

Віталь вызначаўся дасьведчанасьцю ва ўзьнятых тэмах і канцэптуальным поглядам на іх.

Віталь Каракорскі браў удзел ува ўсіх беларускіх мэдыйных праектах у Літве, спрычыняўся да беларускай грамадзкай дзейнасьці, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

svaboda.org