Беларускія дэмакратычныя сілы дамовіліся з суседзямі аб тым, што абмежаваньні на ўезд у ЭЗ аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі не закрануць пасажырскі рух.
Пра гэта паведаміла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлана Ціханоўская.
Ціханоўская назвала абмежаваньні на ўезд беларускіх аўтамабіляў у Эўразьвяз «пасьпешлівым і шкодным рашэньнем».
«У першую чаргу гэта бʼе па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі. Таму вядзецца актыўная работа над тым, каб дабіцца зьмяненьня гэтага рашэньня. Мы кантактуем з Польшчай, Літвой і Латвіяй і даказваем неабходнасьць зрабіць выключэньні для беларусаў, якія ўяжджаюць у ЭЗ на сваіх аўтамабілях».
Паводле яе, на сёньня ёсьць дамоўленасьць аб тым, што абмежаваньні не закрануць пасажырскі транспартны рух. Акрамя таго, беларусы, якія жывуць у Эўразьвязе, атрымаюць магчымасьць перарэгістраваць свае аўтамабілі на эўрапейскія нумары.
«Але мы разумеем: гэтае паслабленьне ўсё роўна ня вырашыць праблему мабільнасьці беларусаў. Мяжа з ЭЗ — гэта мяжа са свабодным сьветам. Яна павінна быць адкрытая для беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым і бачаць будучыню сваёй краіны ў Эўропе. Мы будзем абараняць інтарэсы беларусаў», — дадала Ціханоўская.
Як расказаў яе дарадца Францішак Вячорка, зараз дэмакратычныя сілы просяць адкласьці рэалізацыю рашэньня аб абмежаваньні на ўезд беларускіх аўта ў Польшчы, Літве і Латвіі.
«Нас запэўнілі, што пасажырскі рух застанецца і забароны на ўезд, напрыклад, аўтобусаў ня будзе», — паведаміў ён.
З 16 ліпеня Латвія забараніла ўезд у краіну легкавым аўтамабілям, зарэгістраваным у Беларусі і Расеі. У сваім рашэньні латвійскія чыноўнікі спасылаюцца на санкцыі Эўразьвязу.
У МЗС Беларусі гэты крок назвалі «бесчалавечным і антыгуманным», але заявілі, што Менск ня будзе прымаць сымэтрычныя захады ў адказ.
Раней Польшча перастала прапускаць на сваю тэрыторыю аўта зь беларускімі нумарамі без уласьніка за рулём або ў салёне.