Ціханоўская падзякавала Байдэну за “непахісную падтрымку” Беларусі

Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская падзякавала Джо Байдэну за “непахісную падтрымку і салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю”.

“Беларускі народ глыбока шануе ўсё, што вы зрабілі для перамогі нашай справы. Гісторыя не забудзе, як вы цвёрда падтрымлівалі нас у імкненні да свабоды і дэмакратыі”, — напісала дэмакратычны лідар у “Х” (“Твітары”), звяртаючыся да прэзідэнта ЗША.

21 ліпеня 81-гадовы Байдэн аб’явіў аб выхадзе з барацьбы за пасаду кіраўніка дзяржавы, выбары якога пройдуць 5 лістапада. Амерыканскі кіраўнік, якога заклікала адмовіцца ад паходу на другі тэрмін нават частка прыхільнікаў, якія ўказвалі на зніжэнне яго кагнітыўных здольнасцяў, падтрымаў вылучэнне віцэ-прэзідэнта Камалы Харыс (59 гадоў). Выбары кандыдата ад Дэмакратычнай партыі пройдуць у жніўні. Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі ўжо вызначаны — 78-гадовы Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША ў 2017—2021 гадах.

Байдэн заявіў пра намер працаваць на пасадзе прэзідэнта да канца тэрміну (20 студзеня 2025 года).

Ціханоўская і Байдэн сустракаліся 28 ліпеня 2021 года ў Вашынгтоне і 12 ліпеня 2023 года ў Вільнюсе. 26 сакавіка 2022 года яны правялі тэлефонную размову.

pozirk.online