«Справа не ў тым, што нашы мастакі не дацягваюць да нейкай планкі, нашыя рэзідэнты — гэта сапраўды прафесійныя, унікальныя творцы. І яны ёсць часткай еўрапейскай культуры, але пра якую не так шмат казалі, не так шмат прасоўвалі. Таму адна з задач Дома творцаў — знаёміць еўрапейскую, ды і ўвогуле сусветную публіку з беларускім мастацтвам», — гаворыць заснавальнік Дома творцаў у Варшаве Сяргей Доўгушаў.
Днямі працы беларускіх мастакоў з’явіліся на партале сусветна вядомай анлайн-галерэі SAATCHI ART. Гэта міжнародны партал для продажу мастацкіх твораў, на якім выстаўляюць свае працы сёння амаль 100 тысяч аўтараў з больш чым сотні краін свету. Цяпер на партале можна паглядзець і набыць і беларускія творы. У асноўным тут працы таленавітых беларускіх мастакоў, якія ўдзельнічалі ў мастацкіх рэзідэнцыях варшаўскага «Дома творцаў».
Заснаваў Дом творцаў у Варшаве ў снежні 2021 года Сяргей Доўгушаў.
Сяргей Доўгушаў — беларускі спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф, выкладчык, арт-менеджар, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход», заснавальнік і кіраўнік Установы развіцця традыцыйнай беларускай культуры «ЭтнаТрадыцыя» (Tradycyja), заснавальнік Варшаўскага Вольнага аркестра, сольны выканаўца і ўдзельнік гуртоў Fratrez, Vuraj, Five-storey ensamble, TryNići (Беларусь), Isna Trio (Польшча), Slavalachia (ЗША).
Дом творцаў — праект, накіраваны на псіхалагічную рэабілітацыю і творчую падтрымку беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва. Гэта не шэлтар, падкрэслівае Сяргей Доўгушаў. Так, творцы з Беларусі могуць прыехаць сюды, каб пажыць пэўны перыяд, атрымаць псіхалагічную дапамогу, але і папрацаваць, сустрэцца з аднадумцамі, пракансультавацца наконт рэалізацыі праектаў, прадэманстраваць публіцы вынікі працы і г. д.
У інтэрв’ю Budzma.org Сяргей Доўгушаў кажа, што выхад Дому творцаў на анлайн-галерэю SAATCHI ART — гэта толькі этап у прасоўванні беларускага мастацтва за мяжой.
— Задача Дома творцаў — знаёміць еўрапейскую, ды і ўвогуле сусветную публіку з беларускім мастацтвам. Нашыя рэзідэнты — гэта сапраўды прафесійныя, унікальныя творцы. І, я б сказаў, іх творы — гэта частка еўрапейскай культуры, пра якую, што праўда, нідзе асабліва не казалі, па-за межамі краіны пра яе асабліва не чулі.
А ёсць яшчэ і праблема такая, што нашы мастакі, асабліва тыя, што застаюцца ў Беларусі, часцей за ўсё самі не ведаюць, як сябе прэзентаваць, як знайсці магчымасць выстаўляцца. Таму Дом творцаў вырашыў, акрамя арганізацыі рэзідэнцый, яшчэ дапамагаць з правядзеннем выстаў і не толькі. Зараз вось засвойваем арт-пляцоўкі, дзе прадаюць творы мастацтва. Акрамя галерэі SAATCHI ART існуюць жа яшчэ і іншыя, сканцэнтраваліся на дзясятцы самых вядомых. Там можна паглядзець карціны, там жа і набыць. Ну і агулам тыя, хто цікавіцца мастацтвам, калекцыянеры з усяго свету, ведаюць, што на такой платформе як SAATCHI ART можна пабачыць нешта неардынарнае, цікавае і штосьці знайсці для сябе. Таму спадзяёмся на ўвагу, на тое, што больш будзе выхадаў у свет для беларускіх творцаў.
Але гэта такі вельмі маленькі крок. Мне здаецца, што трэба больш яшчэ казаць, арганізоўваць і прадстаўляць наша мастацтва на міжнародным узроўні.
— То-бок Дом творцаў выступае зараз яшчэ і пасярэднікам для мастакоў пры продажы сваіх твораў?
— Можна і так сказаць. У нас ёсць мастакі, з якімі мы супрацоўнічаем, але спіс увесь час папаўняецца, у асноўным гэта тыя творцы, якія пабылі ў нашых рэзідэнцыях. Пасля іх мы працягваем камунікаваць з мастакамі. Але таксама і з іншымі, увогуле, усім, хто да нас звяртаецца, спрабуем максімальна дапамагчы, падзяліцца пэўнай інфармацыяй. Ды і ёсць падобны досвед, мы ўжо не раз прадавалі карціны нашых мастакоў, ёсць продажы і ў ЗША, і ў Канадзе, і ў Еўропе. Часам проста на нашых старонках у Facebook ці Instagram публікавалі, але ёсць у нас ужо і каталог, які хутка перааформім у сайт, дзе можна будзе пабачыць працы і звязацца наконт набыцця — і тым самым дапамагчы мастакам.
Агулам мы дапамагаем творцам з продажам карцін, пэўнымі кантактамі і ў будучыні з правядзеннем выстаў. Зараз разглядаем такія пытанні як правядзенне ў шэрагу краін мастацкіх пленэраў і выстаў.
— Ужо можаце казаць пра цікавасць да нашых мастакоў?
— Усё ж застаецца праблема — нас мала ведаюць. Ёсць адзінкі, хто спрабуе сваімі сіламі выбівацца на еўрапейскі рынак. Для нас, напрыклад, было вельмі прыемна пачуць ад прафесараў варшаўскай Акадэміі мастацтваў, якія прыходзілі на выставу гэтай вясной (праходзіла каля месяца) і казалі, што для гэтых прац трэба яшчэ большае месца і найлепш, каб у цэнтры Варшавы. Мы праводзілі у Ośrodek Kultury Ochota. Яны падкрэслівалі, што пра нашых творцаў трэба расказваць, паказваць, што трэба, каб больш людзей пазнаёмілася, каб больш людзей даведалася пра беларускае сучаснае мастацтва, бо яно таго вартае. Пра беларускую культуру ўвогуле мала ведаюць у шырокіх колах. Ведаюць больш палітычнае, знаёмыя з негатыўным кантэкстам. А што да культуры, то… А ў нас жа сапраўды вялікая колькасць мастакоў. А зараз і ў Варшаве толькі адной іх ужо таксама багата.
— І колькі творцаў прайшло праз ваш Дом за гэты час?
— Тут складана сказаць. Наш дом адкрыты нават і не падчас рэзідэнцый, у нас заўсёды могуць проста пажыць творцы. За тыдзень апошні вось, напэўна, чалавек дзесяць прайшло. Напрыклад, быў мастак, якому проста не было куды пайсці — вымушана эміграваў, мусіў тэрмінова пакінуць Беларусь. Мы даем такую магчымасць — ад месяца да двух проста пажыць бясплатна ў нашым Доме творцаў. Гэта вельмі дапамагае тым, хто толькі вось пераехаў у Польшчу. Але не лічым, скажу, што адбылося ўсяго ў нас 8 рэзідэнцый, у кожнай з іх брала ўдзел ад 20 да 30 чалавек. Акрамя таго, бываюць і іншыя праекты.
— Беларуская культура ў выгнанні — гэта самазахаванне, ці ўсё ж развіццё, рух?
— Я магу сказаць на сваім прыкладзе. Я вельмі ўдзячны Польшчы — тут сапраўды вельмі шмат магчымасцяў для людзей мастацтва. Тут не трэба баяцца нядобрай увагі ці пакарання ад дзяржавы, калі падаеш заяўку на грант, можаш увогуле знаходзіць дзяржаўную падтрымку — тут багата для гэтага магчымасцяў.
Але, канечне, таксама ёсць сум за тое, што мы напрацоўвалі гадамі. У Беларусі я шмат паездзіў у экспедыцыі, рабіў фестывалі, запісваў альбомы, у планах было вельмі шмат усяго. Але ж усё гэта засталося там, у Беларусі. І будучы за мяжой, трэба пачынаць новую старонку жыцця. Камусьці гэта не так проста, асабліва, калі вымушана пакідаюць краіну людзі не юнага ўзросту, ды і проста — людзі звязвалі свой лёс і творчасць з Беларуссю, шмат усяго ўжо зрабілі, а тут кідай і пачынай усё з нуля, напрацоўвай публіку, гледачоў, слухачоў і ўсё, што заўгодна.
Можам бачыць і плюсы: багата магчымасцяў — гэта і праекты, стыпендыі, рэзідэнцыі, стажыроўкі і г. д.
Наша задача — не хандрыць, наша задача ў тым ліку адно аднаго падтрымоўваць, не столькі захоўваць набытак культурніцкі, колькі ствараць, развівацца — кожны ў сваім кірунку.
Вельмі важная, на маю думку, супольная праца. Калі вось творцы аб’ядноўваюцца ну не ў саюзы, а, хутчэй, супольнасці. Вельмі мару, каб у Варшаве быў Беларускі культурніцкі цэнтр. Мы — Дом творцаў — зараз больш выконваем функцыю падтрымкі творчых асобаў праз рэзідэнцыі, выставы, ды і прыстанак. Але хацелася б арганізаваць такі цэнтр, дзе былі б прадстаўленыя яшчэ музыка і тэатр. Каб акрамя наўпроставай дапамогі, рэзідэнцый, мы маглі б таксама даваць пляцоўку для рэпетыцый музычных, тэатральных, каб было дзе паставіць спектакль, каб мастакі мелі студыі ці майстэрні. Гэтага не хапае. Прастораў шмат, у прынцыпе, але вось такой, канкрэтна скіраванай на культуру, культурніцкага цэнтра — такога пакуль няма.
Мне было, напрыклад, вельмі прыемна назіраць, калі распачаліся рэзідэнцыі ды ці проста збіраліся людзі нейкага мастацкага кірунку — чалавек 40-50, і мы проста святкуем, дзелімся інфармацыяй, размаўляем, паказваем нешта. Гэта такая, не пабаюся, беларуская багема. І публіка вакол такіх асяродкаў з’яўляецца свая. Гэта сапраўды дарагога каштуе.