Будучыня Беларусі – еўрапейская: у Празе прайшоў Круглы стол з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і чэшскіх партнёраў

11 красавіка 2025 года ў Празе, на базе ўніверсітэта CEVRO, адбыўся Круглы стол пад назвай «Будучыня Беларусі – еўрапейская: выбар на карысць каштоўнасцяў, а не страху». Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, чэшскіх палітыкаў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, дыпламатаў, экспертаў у сферы бяспекі і аналітыкаў.

Арганізатарамі дыскусіі выступілі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы на чале з дырэктаркай Крысцінай Шыянок і Prague Center for Transatlantic Relations (PCTR) пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Чэхіі.

Праграма круглага стала ўключала тры тэматычныя панэлі:

  • Панэль па абароне, прысвечаную ролі дэмакратычнай Беларусі ў еўрапейскай сістэме бяспекі і падтрымцы Украіны ва ўмовах расійскай агрэсіі;
  • Аналітычную, якая закранала пытанні еўрапейскай ідэнтычнасці беларускага грамадства і гістарычныя сувязі Беларусі з Еўропай;
  • Палітычную, у межах якой абмяркоўваліся перспектывы інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую палітычную прастору, уключаючы супрацоўніцтва з Радай Еўропы і ініцыятыву па стварэнні Кансультатыўнай групы паміж Еўрапейскім Саюзам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Сярод ключавых спікераў на мерапрыемстве былі:

  • Ян Мар’ян – намеснік міністра замежных справаў Чэхіі;
  • Павел Фішэр – сенатар Парламента Чэшскай Рэспублікі, старшыня Камісіі Сената па замежных справах, абароне і бяспецы;
  • Томаш Копэчны – упаўнаважаны ўрада Чэхіі па рэканструкцыі Украіны;
  • Давід Стулік – спецпрадстаўнік Чэхіі па Усходнім партнёрстве;
  • Вадзім Кабанчук – прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі;
  • Дзяніс Кучынскі – дарадца нацыянальнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі;
  • Аляксандр Мілінкевіч – канцлер Вольнага Беларускага Універсітэта.

Мадэратарамі дыскусіі выступалі:

  • Мацей Ручай – былы польскі дыпламат і старшы аналітык у Prague Center for Transatlantic Relations (PCTR), які спецыялізуецца на пытаннях еўрапейскай інтэграцыі і трансатлантычных адносінаў.​
  • Габрыэла Свароўска – чэшская экспертка ў галіне знешняй палітыкі і бяспекі, якая мае значны досвед у аналізе міжнародных адносінаў і палітычных працэсаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.​
  • Павел Гаўлічэк – даследчык у Association for International Affairs (AMO), вядомы сваімі даследаваннямі ў галіне міжнароднай палітыкі і дэмакратычных трансфармацый у постсавецкіх краінах.​

Дырэктарка Офіса беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэшскай Рэспубліцы Крысціны Шыянок:

«Для нас, беларусаў, Еўропа – гэта адзіная альтэрнатыва так званаму «рускаму міру». Толькі ў Еўропе могуць захоўвацца нашая незалежнасць, нашая ідэнтычнасць і нашая культура».

tsikhanouskaya.org