«Аўтар выбудоўвае фантасмагарычную канцэпцыю гісторыі». Навумчык адказаў Някляеву

Паэт Уладзімір Някляеў у вялікім эсэ для выдання Dekoder назваў тры гістарычныя памылкі Беларусі. «Наша Ніва» перадрукоўвала гэты тэкст. Публіцыст і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргей Навумчык адказаў на закіды Някляева. Nashaniva.com прыводзіць яго меркаванне.

Надрукаваныя ў «Нашай Ніве» нататкі Уладзіміра Някляева ў частцы перыяду першых гадоў Незалежнасці можна было б назваць адным словам: ахінея. Але той, хто гэтак зробіць — памыліцца.

З тэксту вынікае (ва ўсякім разе, складаецца такое ўражанне), што аўтар — удзельнік тых падзеяў. Канешне, кожны чалавек у той ці іншай ступені стварае Гісторыю. Але непасрэдны ўдзел у палітычным працэсе — гэта, усё ж, крыху іншае.

Што датычна палітычнага нацыянальнага руху, дык я не магу прыгадаць удзел у ім Уладзіміра Някляева ў перыяд 1990-1996 гадоў. Паўтараю: гаворка не пра паэтычную творчасць (якая, канешне, можа ўплываць на грамадства, і тут я прыгадаю магутны верш Някляева пра Дзяды-88 «Усё, што коціцца, дакоціцца да нас…»), а менавіта пра палітычную дзейнасць.

Ён не падтрымліваў БНФ, які ў пачатку 90-х быў не проста «найбольшай апазіцыйнай сілай», да чаго зводзіць яго Някляеў, а авангардам нацыянальна-дэмакратычнага руху (вызначэнне Васіля Быкава).

Не падтрымліваў БНФ нейкай публічнай заявай у прэсе ці на мітынгу ні ў змаганні за Незалежнасць у 1991-м, ні ў адстойванні гэтай Незалежнасці ў супрацьстаянні з праімперскімі сіламі ў асобе Кебіча і ягонага атачэння ды падкантрольнай ім парламенцкай большасці, якія фактычна кіравалі краінай.

Для пэўнасці (магчыма, пра нешта не ведаю) я запытаўся ў Пазняка. Не, я не памыліўся.

Натуральна, ніхто не абавязаны браць непасрэдны ўдзел у палітычнай дзейнасці, падтрымліваць тую ці іншую палітычную сілу, гэта права асабістага выбару. Але калі ты спрабуеш выходзіць на гістарычныя ацэнкі, варта ўсё ж хоць мінімальна пацікавіцца фактамі.

Высновы Някляева датычна пачатку 90-х базуюцца на тэзе, якая 30 гадоў таму асабіста мне магла прымроіцца хіба што ў жудасным сне, і якая з найбольшай паўнатой была выказаная ў артыкуле Міколы Бугая ў «Нашай Ніве» да 80-годдзя Пазняка: ва ўсім, што здарылася з Беларуссю, вінаваты БНФ і яго лідар.

Вядома, у Някляева гэта выяўлена менш рэльефна (тут, думаю, Мікола Бугай яшчэ доўга застанецца непераўзыдзеным), але тым не менш.

Вось, скажам, сцвярджэнне, што нібыта ў пачатку Незалежнасці БНФ і яго старшыня не ўспрымалі прапановы ісці ў Еўразвяз (паводле Някляева, «першая палітычная памылка, якую можна назваць гістарычнай»).

Але перад тым, як рабіць такія высновы, варта было б, усё ж, завярнуцца да праграмных дакументаў БНФ таго часу ды заяваў яго лідара.

У газеце «Навіны БНФ» за 9 студзеня 1992 году практычна ўся першая паласа — тэкст Зянона Пазняка (паводле выступу на снежаньскім Сойме БНФ). Загаловак — «Мы павінны ісці ў Еўропу». Ніжэй — цытаты.

«Палітыка Расеі аб’ектыўна выражае імперскія інтарэсы. Дзяржаўная пазіцыя Расеі акрэсліваецца зацікаўленнем у захаванні на пэўным этапе саюзных структураў, каб потым, шляхам адпаведных юрыдычных і палітычных захадаў, стаць фактычным пераемнікам Савецкага Саюзу, але ўжо ў форме класічнай імперыі».

«У дачыненні да Расеі мы павінны праводзіць узаемаўзгодненую палітыку, па-добрасуседску жыць з ёю, гандляваць, наладжваць іншыя сувязі, але ніколі, ні пры якіх абставінах мы не павінны ўступаць з Расеяй ні ў якія палітычныя пагадненні, ні ў якія палітычныя саюзы. Такое «аб’ядненне» ўжо было ў канцы 18 стагоддзя й у 1922 годзе».

«Аб’ектыўна, у інтарэсах нашага народу, у інтарэсах нашае дзяржавы мы павінны ісці толькі ў Еўропу, мы павінны праводзіць толькі незалежную дзяржаўную палітыку. Але на працягу гэтага году (1991 — С.Н.) наша кіраўніцтва не зрабіла нічога, каб умацаваць свой суверэнітэт, аслабіць залежнасць ад расейскай сыравіны».

«Што тычыцца Беларусі, яна мае лепшыя (у параўнанні з суседзямі — С.Н.) умовы для інтэграцыі ў еўрапейскую сістэму. Нашая дзяржава арыентаваная на вытворчасць і вываз тавараў і прадуктаў, а не сыравіны. Мы цалкам забяспечваем свае ўнутраныя патрэбы й шмат што можам экспартаваць (рэспубліка — донар). У нас дастаткова збалансаваная эканоміка, функцыянуе паўнавартасны народнагаспадарчы комплекс на дастаткова высокім арганізацыйным і тэхнічным узроўні, існуе высокі ўзровень кваліфікацыі рабочай класу, вялікая канцэнтрацыя інтэлекту фундаментальнай і прыкладной навукі — асноўнай вытворчай сілы на сучасным этапе».

Я таму прыводжу такія вялікія фрагменты, што яны сведчаць: еўрапейскі выбар лідарам БНФ быў не проста прапанаваны. Ён быў геапалітычна ды эканамічна абгрунтаваны.

Збіраўся перайсці да аналізу іншых двух «гістарычных памылак» паводле Някляева, калі ў першым выпадку (Белавежскія пагадненні) аўтар прадэманстраваў фенаменальнае няведанне працэсу распаду імперыі, а ў другім (вылучэнне Карпенкі ў прэзідэнты) свядома ці несвядома спрашчае (каб не сказаць — скажае) тагачасную сітуацыю.

Але зразумеў, што гэта не мае сэнсу. Ды і аналізаваць інтэрпрэтацыю Някляевым нібыта адсутнасці «еўрапейскага выбару» з боку БНФ сэнсу не мела (але пакіну, для інфармацыі).

Уладзімір Някляеў — літаратар, паэт. Магчыма, найбуйнейшы беларускі паэт з цяпер жывучых.

І аналізаваць ягоны тэкст на прадмет адпаведнасці гістарычным фактам — усё роўна, як каментаваць ягоны раман «Гэй Бэн Гіном» з пазіцыі рэальнай біяграфіі Янкі Купалы.

Някляеў прыводзіць фрагмент раману — дыялог Сталіна з Купалам, якога, як мы ведаем, у рэчаіснасці не было. Хаця — мог бы быць; Сталін сустракаўся з найбольш выбітнымі прадстаўнікамі «нацыянальных літаратур», гутарыў з імі на ўрадавых прыёмах, таму хутчэй даводзіцца здзіўляцца, што асабістай гутаркі з Купалам не здарылася. Але ў рамане ёсць і сюжэты, скажам гэтак, з інфернальнай сферы — якія працуюць на мастацкую задуму аўтара, але ўжо дакладна не могуць быць прадметам колькі-небудзь сур’ёзнага навуковага аналізу гісторыкаў ды біёграфаў. Прадметам літаратурнай крытыкі — колькі заўгодна.

Не ведаю, якая задума была ў Някляева, калі ён пісаў пра пачатак 90-х. Але як абсурдна шукаць супадзенні ці несупадзенні эпізодаў «Гэй Бэн Гіном» з рэчаіснасцю, гэтак жа, па вялікім рахунку, і рэфлексіі Някляева пра Беларусь першых гадоў Незалежнасці бессэнсоўна супастаўляць з рэальнымі падзеямі ў тагачаснай Беларусі.

Як і ў рамане, аўтар выбудоўвае нейкую фантасмагарычную канцэпцыю гісторыі, напаўняе яе прыдуманымі падзеямі ў выкананні рэальных асобаў.

У гэтай версіі, калі крыху гіпербалізаваць (але толькі крыху), уся ўлада ў руках БНФ, і менавіта Народны Фронт вызначае стратэгічны кірунак развіцця Беларусі. А ўзначальваюць дэмакратычны рух Шушкевіч з Пазнякам.

І фраза «Расея ніколі не нападзе на Украіну», упісаная Ельцыным у Віскулёўскае пагадненне, азначае 100% гарантыю, што і пры Пуціне не нападзе.

А імпічмент у 1996 правальваецца толькі з-за таго, што некалькі дэпутатаў адклікаюць свае подпісы (усё ж, не ўтрымаюся, каб не нагадаць сапраўдную прычыну: у рэальнасці гэта адбылося таму, што старшыня ВС Шарэцкі і старшыня Канстытуцыйнага Суду Ціхіня паддаліся на пагрозы Лукашэнкі і ўгаворы Крамля).

Але, паўтараю, мы маем месца не з гістарыяграфіяй, а з літаратурай — і прэтэнзія ў мяне не да аўтара, а да рэдакцыі НН, якая гэты тэкст мусіла б размясціць пад адпаведнай рубрыкай — «Літаратура». Як газетчык у сваім мінулым, разумею, што ў журналісцкай запарцы здараецца і не такое, але аўтар, усё ж, не хлопчык з вуліцы, варта было б паставіцца больш уважліва.

Цягам трох дзесяцігоддзяў сапраўдная гісторыя здабыцця Незалежнасці не выкладалася ні ў школах, ні ва ўніверсітэтах, у афіцыйных выданнях яна ў лепшым выпадку замоўчвалася, а звычайна — фальсіфікавалася.

У жыццё ўступіла другое пакаленне, якое мае скажонае ўяўленне пра найноўшую гісторыю. Якое лічыць, што Шушкевіч змагаўся за Незалежнасць (насамрэч, яшчэ ў першы дзень сесіі 24 жніўня 1991 ён актыўна выступаў супраць гэтага патрабавання БНФ), што праводзілася «гвалтоўная беларусізацыя» (тады як Закон аб мовах, прыняты Вярхоўным Саветам, дзе яшчэ не было апазіцыі БНФ, прадугледжваў паэтапны пераход цягам 10 (дзесяці!) гадоў), што Пазняк клапаціўся выключна пра беларускую мову (я знайшоў толькі два такіх ягоных выступу на сесіях ВС за шэсць гадоў), што Народны Фронт не меў эканамічнай праграмы (за 1990-95 гг. іх было чатыры плюс некалькі дзясяткаў эканамічных законапраектаў). І гэта далей.

У апошнія месяцы я адмовіўся ад некалькіх прапаноў ютуб-каналаў аб інтэрв’ю пра падзеі першых гадоў Незалежнасці — пераканаўся, што яны не маюць сэнсу. Абсалютна.

Бо што б ты ні сказаў, потым з’явяцца фантасмагарычныя нататкі літаратара ці развагі якога аналітыка з дыпломам заходняга ўніверсітэту, дзе левая прафесура ўбіла яму ў галаву, што «нацыяналізм = фашызм». Гэтак можна бясконца бегчы па коле, як тая вавёрка.

Пісаць дакументальныя кнігі пра тыя падзеі яшчэ ёсць сэнс, бо яны маюць шанец быць прачытанымі праз колькі гадоў хоць трыма-чатырма цікаўнымі. І, канешне, захоўваць дакументы, ды запісваць успаміны ўдзельнікаў падзеяў.

А ўсведамлення грамадствам рэальнай найноўшай гісторыі на маім вяку, баюся, ужо не дачакацца.

nashaniva.com