8 верасьня паўсюдна у беларускім замежжы адзначаўся Дзень беларускай вайсковай славы. Гэтае сьвята было запачаткавана пад час новага беларускага Адраджэньня – 8 верасьня 1992 году ў памяць пра выбітную падзею гісторыі Беларусі – Аршанскую бітву 1514 году, калі войскі ВКЛ і Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага перамаглі ў бітве амаль у тры разы большае па колькасьці маскоўскае войска і тым самым перапынілі на некаторы час маскоўскую экспансію супроць ВКЛ, а таксама вярнулі захопленыя раней маскавітамі свае тэрыторыі. Гэтая бітва сталася адметнай падзеяю ў гісторыі цэлай Эўропы, як бліскучая вайсковая апэрацыя, здзейсненая гетманам Астрожскім, яна увайшла ў падручнікі эўрапейскіх вайсковых вучэльняў і нават у самой Расеі.
Сьвяточную імпрэзу ладзіла ў нядзелю 8 верасьня Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) сумесна з Парафіяй Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у будынку Беларускага цэнтру на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне.
А 10-й гадзіне раніцы ў царкоўнай залі пачалася сьвяточная літургія з удзелам архіепіскапа БАПЦ Уладыкі Сьвятаслава, які прыехааў з Таронта. Праваслаўная царква ў гэты дзень адзначала вялікае сьвята – Дзень нараджэньня Багародзіцы – Маці Божай Марыі. Багаслужба прайшла вельмі ўрачыста. Напрыканцы ў сваёй пропаведзі Уладыка Сьвятаслаў нагадаў прысутным, што далей сьвяткаваньне працягнецца ў грамадзкай залі, дзе будзе адзначацца Дзень беларускай вайсковай славы. Гэтыя два сьвяткаваньні маюць між сабою наўпроставую сувязь. Аршанская бітва адабывалася менавіта ў гэты самы дзень і перад змаганьнем ваяры сьпявалі вядомы гімн пад назваю “Багародзіца”. Пазьней, ужо ў грамадзкай залі прысутныя маглі пачуць гэты гімн у сучасным выкананьні з відэа, што гучаў надзвычай велічна і ўражліва.
Сьвяточную імпрэзу адчыніла Ганна Сурмач, як намесьніца старшыні Галоўнай управы БАЗА. Яна коратка распавяла пра гісторыю бітвы, пра тое, як захоўвалася ў народзе памяць пра гэтую падзею. Алесь Пазьняк зачытаў тэкст адной такой песьні, якая была складзеная ў народзе.
Упрыгожыў сьвята выступ Валянціны Якімовіч і Гэніка Лойкі, якія дуэтам прасьпявалі народную песьню таго часу. Таксама на экране было падазена выкананьне яшчэ адной народнай песьні пра Оршу вядомым гуртом “Ліцьвіны”, якія некалі выступалі тут у нас і можна было пачуць гэтую песьню-баладу ўжывую.
Далей гаворка ішла пра тое, што ўслаўленьне бітвы было перапынена на доўгі час, калі беларускія землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай трапілі ў склад Расейскай ім пэрыі. Памяць пра Оршу была адноўлена ў незалежнай Беларусі, калі сьвята атрымала сваю адметную назву і потым пачало адзначацца штогод беларускай патрыятычнай грамадзкасьцю.
Пад час першага сьвяткаваньня 8 верасьня 1992 году ў Менску на Плошчы незалежнасьці Беларускі Народны Фронт і Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў сарганізавалі ўрачыстую дзею прыняцьця прысягі на вернасьць незалежнай Беларусі дзейнымі і былымі беларускімі вайскоўцамі. Відэя гэтай знамянальнай падзеі было паказана прысутным. У зале быў прысутны непасрэдны ўдзельнік, які тады прымаў прысягу разам з паплечнікамі – Зьміцер Левіт, ён распавёў пра свае ўражаньні.
Уладыка Сьвятаслаў у сваім выступе засяродзіўся на асобе Канстанціна Астрожскага і паведаміў некаторыя менш вядомыя факты з жыцьця гетмана і ягонага шляху да Аршанскай перамогі. Сам гетман быў шчырым праваслаўным вернікам, па ягонаму запавету ён быў пахаваны ў саборы на тэрыторыі сучаснай Кіева-Пячэрскай лаўры. Воіны з Палка Каліноўскага пад час сьвяткаваньня Дня беларускай вайсковай славы ўсклалі кветкі на ягоны саркафаг. Сучасны выканаўца абавязкаў камандзіра Палка сп. Павал Шурмей выступіў з прывітаньнем да беларусаў з нагоды сёлетняга сьвяткаваньня, ягоны выступ быў паказаны прысутным на экране.
Каліноўцы мацуюць беларускую вайсковую славу сёлета. На сьвяце было падкрэсьлена, што яны працягваюць справу папярэднікаў, якія пасьля Оршы ўпісалі свае старонкі ў пантэон герояў, што ў вайсковых дзеяньнях баранілі свабоду і гонар беларускага народу . Гэта паўстанцы 1831 т 1863 гадоў – каліноўцы, Тадэвуш Касьцюшка, Слуцкія паўстанцыя, героі вайны з нямецкім фашызмам. Усе яны сваімі дзеяньнямі сьцьвярджалі, што беларусы, гэта не толькі спакойны мірны народ, але і пры патрэбе гераічныя змагары са зброяй ў руках.
Вельмі актуальна прагучаў выступ сп. Расьціслава Гарошкі, прадстаўніка паваеннай хвалі эміграцыі і сучаснага кіраўніка Парафіяльнай рады нашага Саабору. Ён нагадаў, што Аршанская бітва наўпрост зьвязаная з сучаснасьцью. Цягам больш 5 стагоддзяў і да сёньня мы змагаемся за нашу свабоду з той самай Масковіяй – цяперашняй імпэрскай Расеяю, змагаемся побач з украінскім народам, які стаўся ахвяраю чарговай расейскай агрэсіі. Прыклад ваяроў бітвы пад Оршаю павінен быць для нас натхняльным у нашай сучаснай вайне з Расеяю
У працяг гэтага меркаваньня мадэратарка імпрэзы Ганна Сурмач на завяршэньне падкрэсьліла, што хацелася б, каб сучасная бітва з новай Расейскай імпэрыяй стала апошняю. Мы мусім назаўжды перамагчы ў гэтым змаганьні са злом, каб захаваць нашу прысутнасьць у сьвеце. Нашым лёзунгам павінна стаць выслоўе:
“Перамаглі пад Оршаю,
Пераможам і сёньня!”
Жыве Беларусь!