Як і год таму падчас нападу ХАМАС на Ізраіль, Міністэрства замежных справаў Беларусі не сьпяшаецца з эвакуацыяй сваіх грамадзян.
Наземная апэрацыя ізраільскага войска на поўдні Лібану, а таксама абстрэлы «Хэзбалой» тэрыторыі Ізраілю сталі прычынай заклапочанасьці ўладаў розных дзяржаваў лёсам сваіх грамадзянаў. Некалькі краін спачатку папярэдзілі суайчыньнікаў пра небясьпеку наведваньня рэгіёну, а затым пачалі эвакуацыю.
Украінскія СМІ паведамілі пра вываз з тэрыторыі Лібану 179 чалавек. Эвакуацыі спрыялі Міністэрства замежных справаў і Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Як паведаміла МЗС Украіны ў Тэлеграме, улады дзяржавы 1 кастрычніка эвакуавалі: грамадзян Украіны — 134, грамадзян іншых краін (Бразыліі, Лібану, Польшчы, Чэхіі, Малдовы, Літвы) — 45, а таксама двух сабак і ката.
Гэта была ўжо трэцяя эвакуацыя людзей зь Лібану. Агулам за тры эвакуацыйныя місіі Ўкраіна з дапамогай польскай авіякампаніі SkyUp вывезла з рэгіёну 234 чалавекі, сярод якіх 189 маюць украінскі пашпарт.
Пра эвакуацыю сваіх грамадзян рэйсам, арганізаваным украінцамі, паведамілі ў Літве. Як піша lrytas.lt, у аэрапорце гораду Жэшаў прызямліліся 9 грамадзян Літвы, якія вылецелі з Бэйруту.
Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс адзначыў, што задачу ўдалося выканаць супольнымі намаганьнямі дыпляматаў.
Міністэрства замежных справаў Літвы мае інфармацыю яшчэ аб 30 грамадзянах, якія зьвярнуліся па дапамогу на выезд зь Лібану. З гэтымі грамадзянамі трымаюць пастаянны кантакт, зь міжнароднымі партнэрамі абмяркоўваюць магчымасьці вывезьці іх у Эўропу.
А што МЗС Беларусі?
Адрозна ад літоўскіх і ўкраінскіх калег, Міністэрства замежных справаў Беларусі, нягледзячы на пашырэньне канфлікту на Блізкім Усходзе, пра вываз людзей нічога не гаворыць. На афіцыйнай старонцы МЗС, якая вядзецца па-расейску, на момант публікацыі ёсьць толькі парады беларусам у Лібане і Ізраілі «няўхільна трымацца рэкамэндацыяў мясцовых уладаў і выконваць правілы асабістай бясьпекі».
Таксама МЗС апублікавала ў сацыяльных сетках «экстраныя» тэлефоны амбасады Беларусі ў Ізраілі і амбасады ў Сырыі, адказнай і за пытаньні Лібану.
Год таму, пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, улады Беларусі таксама доўга не арганізоўвалі эвакуацыйных рэйсаў. Затым прапанавалі дарагія білеты. І толькі празь месяц адбылася эвакуацыя грамадзян з сэктару Газа гуміанітарным рэйсам.
Дагэтуль беларускія службоўцы называлі розныя прычыны немагчымасьці эвакуацыі. Тады ж амбасада Беларусі ў Ізраілі паведаміла, што рэйс адбываецца на камэрцыйнай аснове, цана квітка 550 даляраў.
6 лістапада эвакуацыйны рэйс авіякампаніі «Белавія» забраў 117 беларусаў з Тэль-Авіву ў Менск.