26-30.03: Праграма Лейпцыгскай міжнароднай кніжнай выставы, на якой Альгерду Бахарэвічу будзе ўручана прэмія еўрапейскага паразумення

Фота: Юлія Цімафеева

Альгерд Бахарэвіч анансаваў імпрэзы з яго ўдзелам на Лейпцыгскай міжнароднай кніжнай выставе, якая адбудзецца з 26 па 30 сакавіка ў горадзе на трох рэках. Нагадаем, што на адным з найбуйнешых літаратурных форумаў Еўропы беларускі пісьменнік будзе ўганараваны прэстыжнай прэміяй еўрапейскага паразумення за раман «Сабакі Эўропы».

Так, цырымонія адкрыцця выставы і ўручэння прэміі пройдзе 26 сакавіка ў гарадской канцэртнай залі Гевандхаус (Gewandhaus). Урачыстую прамову на імпрэзе прачытае літаратурны крытык, аўтарка і рэдактарка Сіглінда Гайзель. Таксама чакаецца прамова і ад Альгерда Бахарэвіча.

Гевандхаус ужо анансаваў адмысловую музычную праграму падчас урачыстацяў: пад кіраўніцтвам дырыжора Омер Меір Вельер аркестр Гевандхауса выканае творы Іагана Себасцьяна Баха, Юхана Свендсена і Эдварда Грыга. Уваход на імпрэзу толькі па запрашальніках.

Адкрыццё выставы і ўручэнне Лейпцыгскай кніжнай прэміі Альгерду Бахарэвічу адбудзецца ў канцэртнай зале Гевандхаус (Gewandhaus). Фота: сайт інстытуцыі

Але з 27 сакавіка, з моманту пачатку працы Лейпцыгскай кніжнай выставы, трапіць на сустрэчы з удзелам беларускага аўтара будзе цалкам магчыма.

Так, расклад падзей з удзелам Альгерда Бахарэвіча выглядае наступным чынам:

27 сакавіка

10.45 — Europas Hunde. Размова літаратурнага крытыка Зігліндэ Гайзэль з Альгердам Бахарэвічам.

Пляцоўка: Cafe Europa, Messegelände / Halle 4, Stand E401.

19.00 — Zeitgeschichtliches Forum Leipzig. Размова пра «Сабакаў Эўропы». Зігліндэ Гайзэль размаўляе з аўтарам рамана і з перакладчыкам Томасам Вайлерам.

Пляцоўка: Zeitgeschichtliches Forum.

28 сакавіка

11.00 — Размова Альгерда Бахарэвіча з Jo Schück пра раман «Сабакі Эўропы». Пляцоўка: Messegelände ARD, ZDF, 3sat / Literaturbühne, Glashalle, Ebene 1, Stand 01.

19.00 — прэзэнтацыя новых кніг edition.fototapeta, з удзелам Андрэаса Ростэка, Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай, Інга Пэтца, Тацяны Арцімовіч. Прэзэнтацыя кнігі Інга Пэтца пра Беларусь «Rasender Stillstand». Дыскусія.

Пляцоўка: Кінатэатр UT Connewitz.

29 сакавіка

16.00 — Europas Hunde. Размова пра раман «Сабакі Эўропы» з удзелам Альгерда Бахарэвіча і Томаса Вайлера. Мадэратар Томас Хуміч.

Пляцоўка: Übersetzungszentrum / Forum International, Halle 4, Stand Nr. C403.

Нагадаем, што навіна аб прысуджэнні Лейпцыгскай кніжнай прэміі Альгерду Бахарэвічу стала вядомая напрыканцы мінулага года. Журы ахарактарызавала раман «Сабакі Эўропы» як «дзікую сумесь палітычнага трылера, эпасу, прыгодніцкай гісторыі, сатыры і казкі», якая апускае чытача «ў самыя цёмныя куткі і закуткі сучаснасці». Аўтар па-майстэрску выкарыстоўвае супярэчнасці, ператвараючы іх у іскры, якія «згараюць у 2050 годзе паміж Мінскам, Вільняй, міжземнаморскім востравам, Гамбургам, Прагай і Берлінам», — адзначылі літаратары. Сябра журы Майке Альбат дадала, што рашэнне журы было «абсалютна аднагалосным».

Падрабязней пра імпрэзы з удзелам беларускага пісьменніка на Лейпцыгскай кніжнай выставе можна дазнацца тут і тут.

reformby.org