
Група Спецыяльных дакладчыкаў ААН звярнулася да ўрада Беларусі адносна прынятага ў першым чытанні законапраекта «Аб папраўках у законы аб забеспячэнні правоў дзяцей». Паводле законапраекта, асобам, асуджаным за «злачынствы экстрэмісцкага характару» будзе забаронена займацца педагагічнай дзейнасцю і займаць пасады, звязаныя з рэгулярнай працай з дзецьмі.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, тлумачыць:
«25 лютага 2025 года спецыяльныя дакладчыкі ААН выказалі сур’ёзную занепакоенасць новым законапраектам у Беларусі, які робіць больш жорсткімі рэпрэсіі пад падставай абароны правоў дзяцей.
У чым яго сутнасць:
- Настаўнікі, трэнеры, выхавальнікі, якія калі-небудзь падвяргаліся рэпрэсіям, больш не змогуць працаваць па прафесіі;
- Забарона будзе дзейнічаць нават у тым выпадку, калі судзімасць была знята або крымінальны пераслед спынены з-за сканчэння тэрміну даўнасці ці амністыі;
- Улады працягваюць выкарыстоўваць размытыя паняцці «экстрэмізм» і «тэрарызм», каб пераследваць іншадумцаў;
- Гэта парушае міжнародныя законы, якія Беларусь афіцыйна абавязалася выконваць.
Прадстаўнікі ААН ужо запатрабавалі адмяніць гэты законапраект і прывесці законы краіны ў адпаведнасць з правамі чалавека».