Эўрапарлямэнт выбраў кіраўніка Дэлегацыі для дачыненьняў зь Беларусьсю

Малгажата Гасеўская (у цэнтры) разам зь першым намесьнікам Тумасам Тубэ (справа) і другім намесьнікам Міхалам Кабоскам ад партыі «Польшча 2050»

Кіраўніцай стала дэпутатка ад Польшчы.

Малгажата Гасеўская —дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Польшы (фракцыя кансэрватараў і рэфармістаў) — ачоліць Дэлегацыю ў справах дачыненьняў зь Беларусьсю ў новым складзе Эўрапейскага парлямэнту.

Галасаваньне па кандыдатуры адбылося сёньня, адзначыў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. Ён лічыць гэта добрым выбарам.

Малгажата Гасеўская ў польскай палітыцы з 90-х гадоў.

«Беларуская тэма ёй блізкая, яна нават наведвала Менск. Думаю, агульнымі намаганьнямі мы зможам трымаць беларускае пытаньне ў парадку дня Эўрапейскага парлямэнту. А пакуль, нашыя віншаваньні Малгажаце і ўсім новым чальцам дэлегацыі. Жыве Беларусь».

Першым намесьнікам Гасеўскай прызначаны Тумас Тубэ, дэпутат Эўрапейскай народнай партыі ад Швэцыі (Moderaterna Sweden), а другім намесьнікам польскі дэпутат Міхал Кабоска ад партыі «Польшча 2050 Шымана Галоўні».

svaboda.org