У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У тым ліку 22 літаратары. Штогод у гэтыя дні праводзяцца акцыі памяці пад агульнай сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў».
Раней акцыя традыцыйна ладзілася ў Курапатах, урочашчы пад Мінскам, дзе ў 30-я савецкія карнікі забівалі бязвінных людзей. Але па зразумелых прычынах ужо чацвёрты год запар мерапрыемствы «Ночы расстраляных паэтаў» пройдуць за мяжой.
Зрабілі для вас расклад імпрэзаў памяці па датах і месцах. Далучайцеся да акцыі ў сваім горадзе!
25 кастрычніка
Лондан
У пятніцу, 25 кастрычніка, у 19:00 бібліятэка імя Скарыны ў Лондане і Англа-беларускае таварыства запрашаюць на вечарыну да Ночы паэтаў.
Месца: Скарынаўская бібліятэка, 37 Holden Road, Лондан
Сёлета вырашылі ўзгадаць найперш беларускіх жанчын-пісьменніц, якія пацярпелі ў гады рэпрэсій.
Сярод іх:
паэтка Ганна Брэская, якая памерла каля 1936 г. пасля расстрэлу мужа;
паэтка і дзяячка Валянціна Казлоўская, расстраляная ў 1938 г.;
паэткі Наталля Вішнеўская і Яніна Германовіч, якія былі жонкамі расстраляных паэтаў (і ўрэшце перасталі пісаць з-за страху судовага пераследу), і іншыя.
Уваход вольны.
26 кастрычніка
Цюрых
26 кастрычніка, у суботу, у 19:00 беларусы Цюрыха ўшануюць памяць расстраляных НКУС паэтаў і іншых дзеячоў Беларусі.
Месца: Punto de Encuentro, Josefstrasse 102, Цюрых
Падчас паэтычнага вечара прачытаюць творы расстраляных паэтаў, выканаюць песні, напісаныя на іх вершы.
Мастачка Інна Нікіфарава прадставіць выставу партрэтаў паэтаў. Кожны можа прачытаць верш, заспяваць песню, падзяліцца развагамі. Для маленькіх дзяцей будзе арганізавана спецыяльная прастора.
Уваход вольны.
27 кастрычніка
Вільня
У нядзелю, 27 кастрычніка, з 12.00 да 14.00 беларусы Вільні прысвячаюць штотыднёвую акцыю ахвярам Ночы расстраляных паэтаў.
Месца: плошча Кудзіркі, Вільня
На плошчы будуць гучаць музыка беларускіх выканаўцаў на вершы расстраляных паэтаў і дэкламавацца іх творы на беларускай і літоўскай мовах.
Уваход вольны.
Познань
У нядзелю, 27 кастрычніка, у Познані ў 15:00 адбудзецца сустрэча кніжнага клубу, прысвечаная гадавіне Ночы расстраляных паэтаў.
Месца: фундацыя КУТ, Kramarska, 32, Познань
Падчас сутрэчы прыгадаюць падзеі таго часу; абмяркуюць творчасць трох аўтараў — Анатоля Вольнага, Міхася Зарэцкага, Лукаша Калюгі; прачытаюць і абмяркуюць вершы паэтаў.
Сустрэча праводзіцца ў форме дыскусіі паміж прысутнымі. Па жаданні можна прыносіць пачастункі і напоі.
Уваход вольны.
Уроцлаў
У нядзелю, 27 кастрычніка, у 19:00 беларусы Уроцлава далучаюцца да акцыі «Ноч (не)расстраляных паэтаў.
Месца: CUKR, Ruska 46A (2 паверх, #4 на дамафоне), Уроцлаў
Будуць чытаць вершы (не) расстраляных паэтаў, узгадваць жахлівы час тэрору і яго ахвяр.
Уваход вольны.
Анлайн
У нядзелю, 27 кастрычніка, Асацыяцыя Беларусаў у Амэрыцы (АБА) запрашае на тэатралізавана-інтэрактыўную лекцыю да Ночы паэтаў «Вяртанне з пекла».
Час: 22.00 (час варшаўскі, гэта 17.00 па Н’ю-Ёрку і 14.00 па Сан-Францыска, 23.00 па Менску і Вільні)
Месца: ютуб-канал Асацыяцыі Беларусаў у Амэрыцы
Рэжысёр і даследчык літаратуры Васіль Дранько-Майсюк разам з акторкай Аленай Баяравай раскажуць новыя факты пра нашых пісьменнікаў, распавядуць пра той час, прачытаюць малавядомыя вершы і ўрыўкі з апавяданняў.
28 кастрычніка
Вільня
У панядзелак, 28 кастрычніка, у 18:30 у Вільні адбудзецца прэм’ера спектакля «Мая мама ў турме».
Месца: Razam, Vilniaus g. 16, Вільня
Вучні тэатральнай школы Razam і прафесійныя акторы прэзентуюць спектакль па кнізе Вольгі Вялічка «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме», у якой сабраны ўспаміны дзяцей аб рэпрэсіях, якія закранулі іх сям’ю, а таксама сны, мары і казкі, якія яны напісалі, каб перажыць траўму.
Іх досвед параўноўваецца з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных ў савецкі час ў жаночым лагеры АЛЖЫР.
Уваход вольны. Рэгіструйцеся па спасылцы.
29 кастрычніка
Батумі
29 кастрычніка, у аўторак, у 19:30 беларусы Батумі ладзяць вечар памяці «Ноч (не)расстраляных паэтаў». Будуць чытанні вершаў (не)расстраляных паэтаў.
Месца: Аксяродак, Parnavaz Mepe, 62a, Батумі
Уваход вольны.
Беласток
У аўторак, 29 кастрычніка, у 18:00 «Вольны хор» выступіць у Беластоку ў межах Ночы паэтаў.
Месца: Muzeum Pamięci Sybiru, ul. Węglowa 1, Беласток
Рыхтуюць адмысловую праграму твораў рэпрэсаваных беларускіх аўтараў.
Прагучаць песні, вершы і апавяданні пра цяжкія лёсы беларускіх расстраляных і рэпрэсаваных аўтараў у выкананні «Вольнага Хору» і беларускіх акцёраў.
Уваход вольны.
Вільня
29 кастрычніка ў 18:30 па мясовым часе ў Вільні чакаюць усіх жадаючых на вялікую імпрэзу памяці «Ноч [не]расстраляных паэтаў».
Месца: сквер ля Музея акупацый і барацьбы за свабоду (Aukų g. 2A, Vilnius)
Рэгістрацыя на ваш выступ у фармаце «Вольны мікрафон» па спасылцы.
Для дзяцей ладзіцца мастацкая лабараторыя з дасведчанай настаўніцай. Рэгістрацыя тут.
Н’ю-Ёрк
У аўторак, 29 кастрычніка, у 18:00 беларусы Нью-Ёрка ладзяць Ноч (не)расстраляных паэтаў.
Месца: паведамяць па рэгістрацыі, Манхэтан, Нью-Ёрк
Збяруцца, каб узгадаць імёны забітых і зачытаць іх творы.
Уваход вольны. Рэгіструйцеся па спасылцы.
Прага
29 кастрычніка, у аўторак, у 18:00 беларусы Прагі ладзяць імпрэзу «Ноч (не)расстраляных паэтаў».
Месца: Božská Lahvice, Bílkova 122/6, Прага
У гэты вечар ўзгадаюць беларускіх паэтаў, якія сталі ахвярай рэпрэсій. Даведаюцца факты з іх жыцця і пачытаюць іх вершы.
Уваход вольны, далучайцеся!
Талін
У аўторак, 29 кастрычніка, у 18:00 беларусы Эстоніі далучаюцца да акцыі «Ноч (не)расстраляных паэтаў». Будуць чытанні вершаў загінулых паэтаў ды выступы музыкаў.
Месца: Rahva Raamat, Viru Keskuse III-IV korrus, Талін
Уваход вольны.
Торунь
У аўторак, 29 кастрычніка, у 18:00 беларусы Куявапаморскага ваяводства ладзяць у Торуні літаратурны вечар і мітынг-перфоманс да Ночы расстраляных паэтаў.
Месца: каля помніка Каперніку (на мапе — тут), Торунь
Запрашаюць далучацца да чытання вершаў. Неабавязкова твор вучыць на памяць — можна яго прыгожа прачытаць: проста абярыце аўтара і твор альбо ўрывак, калі ён вялікі.
Можна знайсці верш на свой густ на «Беларускай палічцы».
Уваход вольны.
Ва ўсіх абвестках указаны мясцовы час.
Каб не прапусціць патрэбнае беларускае мерапрыемства, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія імпрэзы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!