Другую частку кнігі выбраных эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць гэта…» цяпер можна паслухаць

Каманда Kamunikat.org запісала і размясціла на сваіх інтэрнэт-пляцоўках новую аўдыёкнігу: другую частку зборніка эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць гэта…».

Кніга выбраных эсэ Ўладзіміра Арлова — своеасаблівая машына часу, якая дапаможа чытачу зьдзейсьніць дзясяткі падарожжаў, нязьменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і — непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам. Пунктамі прызначэньня будуць Менск пачатку 1990-х і Бэрлін з абрынутай толькі ўчора сьцяной паміж двума сьветамі, Грузія часоў Зьвіяда Гамсахурдзія і Сахара дарэвалюцыйнага Тунісу, дах яшчэ цалюткага Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і стакгольмская кватэра нобэлеўскага ляўрэата 2011 году паэта Тумаса Транстрэмэра… Разам зь пісьменьнікам чытач зможа адчуць зьмены, што адбыліся ў нашай краіне і сьвеце за цэлую чвэрць стагодзьдзя. Эсэ, што ўвайшлі ў кнігу, перакладаліся болей, чым на дваццаць моваў.

«…Незалежнасьць — гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а ня выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам — ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе…»

budzma.org