67-гадовы беларускі ўцякач шукае дапамогі

67-гадовы беларускі пенсіянер, інвалід 2 групы Генадзь Верацінскі просіць дапамогі. Ён апынуўся ў Польшчы ў крытычнай сітуацыі. Сціплых сродкаў, каб не апынуцца на вуліцы і не галадаць, у яго засталося на 2 месяцы. Далей толькі 18 злотых польскай пенсіі. У 2023 годзе Генадзь вымушаны быў тэрмінова з’ехаць з Беларусі з-за пераследу сілавікоў. Картка на атрыманне пенсіі скончылася. У 2023 годзе атрымаў дапамогу каля трох тысяч еўра, вось за гэтыя грошы жыве і цяпер. На работу не бяруць. На будоўлі не пацягне, у мужчыны цэлы букет захворванняў і адна нырка, кажа Генадзь Верацінскі:

РР: Чаму вы вымушаны былі з’ехаць з Беларусі?

— Справа ў тым, што да мяне прыйшлі са Следчага камітэта, калі я ляжаў у больніцы. Яны пачалі мяне шукаць, а я ў гэты час быў у рэанімацыі.

РР: А што з вамі было?

— У мяне было запаленне лёгкіх, цяжкая хвароба. У больніцы я ляжаў тры месяцы. У мяне другая група інваліднасці, цэлы букет хваробаў: асноўнае — цукровы дыябет і на базе гэтага ў мяне сасуды, і толькі адна нырка.

РР: А другая нырка?

— Другая нырка ў мяне проста ссохла. Яны пачалі мяне шукаць, прыйшлі туды, забачылі, што я ляжу ў рэанімацыі, і пакінулі мяне так. Званілі, позвы дадому дасылалі. Пасля таго як мяне выпісалі, мне прыйшлося з’ехаць з Беларусі.

РР: З якой нагоды яны вас шукалі?

— Не ведаю. Я здымаў усе мерапрыемствы, якія праходзілі ў Менску.

РР: А вы самі з Менску?

— Так, я здымаў усе мерапрыемствы, якія адбываліся ў Менску з 2020 года і дагэтуль. Апошні раз я здымаў недзе 13 снежня.

РР: 2020 года?

— Так, 2020 года.

РР: Яны дзесці пабачылі, што вы там здымалі, таму і шукалі вас?

— Я сябра БАЖа, сябра аб’яднанай дэмакратычнай партыі. Так што дзе мяне толькі не пабачыш, на відэа паўсюль я ёсць. Калі былі апошнія мерапрыемствы, мяне спрабавалі затрымаць тры-чатыры разы. Адзін раз гэта быў чорны АМАП, другі — ГУБАЗіК, а трэці — нейкія хлопцы, я не ведаю, таксама, вайскоўцы.

РР: Але кожны раз вы ўцякалі, хаваліся?

— Не, я не хаваўся. Я паказваў сваё пасведчанне журналіста, і яны мяне адпускалі. Апошні раз усё здарылася ў нашым раёне, дзе я жыў. Я выйшаў у краму, а там было нейкае мерапрыемства. Бегалі міліцыі тэрміновай службы. Гэта нават не міліцыя, а курсанты Акадэміі МУС. Яны лавілі ўсіх, хто ім не спадабаўся. Я стаяў на прыступках крамы, і яны падышлі да мяне, узялі за рукі і павялі. Нават у мяне нават ёсць відэа, як мяне затрымлівалі. Павялі проста ў бусік.

РР: Але адпусцілі?

— Не, не адпусцілі. Завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, а пасля гэтага — на Акрэсціна.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Паводле Генадзя Верацінскага, ён звяртаецца да добрых людзей за дапамогай. Вырашыць сам праблемы не ў стане. Генадзь — добры фатограф. Будзе ўдзячны за прапанову работы фатографам.

Рахунак Генадзя Верацінскага: 71 1020 1169 0000 8402 0865 7506 (PKO Bank Polski)

racyja.com