Пётру Мурзёнку — 75!

8 траўня 75-гадовы юбілей святкуе вядомы дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе, старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе, заснавальнік і рэдактар інтэрнэт-часопіса „Культура.Нацыя“, паэт і публіцыст, доктар медыцынскіх навук Пётра Мурзёнак!

Жыццёвы шлях і дзейнасць спадара Пётры Мурзёнка яскрава пацвярджаюць: адданасць сваёй справе, настойлівасць і прафесіяналізм прыносяць годныя і важныя вынікі.

Энергічнасць, нястомнасць і грунтоўнасць у свой час прывялі спадара Пётру да звання доктара медыцынскіх навук і прафесарскай пасады ў Беларусі, а пазней дазволілі і на чужыне працягнуць плённую працу ў гэтай галіне. Але ў спалучэнні з глыбокай любоўю да Беларусі і актыўным удзелам у жыцці беларускай дыяспары ў Канадзе гэтыя якасці далі такі багаты плён, што яго немагчыма ахапіць у межах аднаго ліста.

Старшынства ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва ў Канадзе, раней — у Згуртаванні беларусаў Канады і яго Атаўскім аддзеле, сяброўства ў “Згуртаванні беларусаў свету “Бацькаўшчына” і яе Вялікай Радзе; стварэнне і рэдагаванне вэб-часопіса “Культура. Нацыя”; сотні навуковых публікацыяў у галіне медыцыны, дзясяткі артыкулаў па пытаннях нацыянальнага будаўніцтва, кнігі публіцыстыкі і мемуараў, арганізаваныя мерапрыемствы, удзел у міжнародных кангрэсах і з’ездах — усё гэта складае ўражальную і натхняльную спадчыну.

І нават гэта не поўны пералік — бо ёсць яшчэ і паэтычныя зборнікі, у якіх знаходзяць адлюстраванне арыгінальнае мысленне, досвед і глыбокае адчуванне слова.

Шаноўны спадар Пётра Мурзёнак! Ваша адданасць беларускай справе заўсёды была прыкладам і крыніцай натхнення для многіх. Асаблівую вагу яна набывае сёння, у час складаных выпрабаванняў для Беларусі, калі пытанні захавання незалежнасці, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці становяцца асабліва актуальнымі.

Ад усёй душы віншуем Вас з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, нязгаснага натхнення, верных паплечнікаў, новых навуковых адкрыццяў і творчых здзяйсненняў. Няхай Ваша дзейнасць і надалей натхняе, аб’ядноўвае і ўмацоўвае беларускую супольнасць, а зробленае Вамі знаходзіць працяг у новых пакаленнях.

Шчыра дзякуем Вам за доўгую супрацу і надзейнае сяброўства.

Жыве Беларусь!

ЗБС „Бацькаўшчына“