На інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org здзейснена хакерская атка

Сайт атакі не вытрымаў і на гэты момант не працуе.

«Весткі пра нашу смерць, так як і пра смерць беларускай культуры і мовы, заўчасныя і крыху перабольшаныя, — напісаў у сваім фэйсбуку стваральнік і адміністратар бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк. — Хаця, трэба прызнаць, што атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей. Але мы не здаемся».

«Ва ўмовах узмацнення рэпрэсій супраць беларускай культуры і мовы, Kamunikat.org быў не толькі бібліятэкай, але і інструментам абароны культурнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, а таксама платформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасці. Хакерская атака чарговы раз пацвердзіла, што Камунікат гэта важны культурніцкі праект, які як соль у воку для спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў Яраслаў Іванюк.

Паводле яго, не выключана, што праца па аднаўленні рэсурсу зойме шмат часу.

ЗБС «Бацькаўшчына»