Сейм Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе. Устрымаліся толькі два дэпутаты

Пасяджэньне Сейму Літвы. Архіўнае фота

Літва была падпісала дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 году ў Вільні.

Сейм Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацоўніцтве ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства.

Як адзначаецца на сайце літоўскага парлямэнту, гэтае рашэньне падтрымалі 93 дэпутаты, і толькі двое ўстрымаліся.

Раней міністар фінансаў Літвы Гінтарэ Скайсьце адзначала, што цяпер двухбаковыя пагадненьні зь Беларусьсю выкарыстоўваюцца абмежавана, бо на практыцы трансьмежнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю цалкам спыненае і немагчымае.

Урад Літвы ініцыяваў дэнансацыю пагадненьня з прычыны адсутнасьці супрацоўніцтва ў мытных справах пасьля падтрыманага Беларусьсю расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

У той жа час асобы і прадпрыемствы, якія ажыцьцяўляюць гандаль з Рэспублікай Беларусь, павінны падаваць мытным органам і судам Літоўскай Рэспублікі ў адміністрацыйных справах дакумэнты, выдадзеныя ім беларускімі мытнымі службамі, якія пацьвярджаюць належнае выкананьне мытных патрабаваньняў, умоў санкцый, а таксама парадак і законнасьць гандлю.

У пачатку кастрычніка Сейм Літвы дэнансаваў тры эканамічныя пагадненьні з Расеяй і Беларусьсю, у тым ліку аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый і пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня даходаў і капіталу, а таксама і падатковых парушэньняў.

Літва падпісала дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 году ў Вільні.

svaboda.org