Выступ беларускай дэмакратычнай лідэркі адбыўся празь відэасувязь, у Сэрбію Ціханоўская не паляцела.
20 лістапада ў Бялградзе адбываецца Міжнародная канфэрэнцыя аб бясьпецы. У відэазвароце да ўдзельнікаў Ціханоўская падзякавала афіцыйнаму Бялграду за вызваленьне рэжысэра Андрэя Гнёта.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, Гнёт «правёў год пад арыштам тут, у Бялградзе, бо Лукашэнка выкарыстаў супраць яго Інтэрпол».
Яна падзякавала сэрбскаму кіраўніцтву за тое, што ня выдала яго рэжыму Лукашэнкі.
«Дзякуй дыпляматам і грамадзянскай супольнасьці за кампанію ў яго вызваленьні», — дадала палітык.
Беларуская палітык выступала на этапе канфэрэнцыі пад назвай «Вайна і дэмакратыя: палітычнае разьвіцьцё ва Ўсходняй Эўропе ў сьвятле расейскай агрэсіі».
Ціханоўская заклікала ўлады Сэрбіі да ўстанаўленьня адносінаў і афіцыйнага супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
«Працуйце з дэмакратычнай Беларусьсю, а не з узурпатарам, які захапіў уладу. У барацьбе з тыраніяй нам патрэбныя хаўрусьнікі», — падкрэсьліла яна.
Напярэдадні канфэрэнцыі супраць удзелу ў ёй Ціханоўскай выступіў пракрамлёўскі сэрбскі рух «Нашы». Ягоны кіраўнік Іван Іванавіч назваў Ціханоўскую «тэрарысткай» і заявіў, што яе «ніхто ня хоча слухаць у Сэрбіі».
Па словах руху, групы пад кіраўніцтвам Ціханоўскай нібыта «ажыцьцяўлялі сабатаж на чыгуначнай інфраструктуры, каб спыніць перасоўваньне расейскіх войскаў, тым самым ня толькі парушаючы сувэрэнітэт Беларусі, але і пагражаючы жыцьцю простых грамадзян».
Шэраг сэрбскіх добраахвотнікаў ваююць на баку Расеі ў захопніцкай вайне супраць Украіны. Пры гэтым прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч не займае пэўнай пазыцыі. Вайны ён не асуджае, але і Крэмль адкрыта не падтрымлівае. Бялград ня ўводзіў такіх строгіх санкцый супраць Масквы і Менску, як іншыя дзяржавы Эўропы.