Гісторыя «Нашай Нівы» пачалася ў Вільні роўна 118 гадоў таму, 23 лістапада 1906 года. Да юбілею газеты, у 2021-м, мы складалі гід па знакавых месцах. «Наша Ніва» паказвае, дзе працавала рэдакцыя, тусіў Янка Купала і захоўваў скарбы Іван Луцкевіч.
Першая рэдакцыя «Наша Нівы»
Вялікая Пагулянка (Basanaviciaus), 17
У гэтым доме ў кватэры №20 пачалася гісторыя «першай беларускай газеты з рысункамі». Тут рэдакцыя знаходзілася з 1906 да 1907 года. Першым рэдактарам тыднёвіка быў Зыгмунд Вольскі, пасля ім на доўгі час стаў Аляксандр Уласаў, землеўладальнік з-пад Мінска.
Друкарня Марціна Кухты
Універсітэцкая (Universiteto), 4
Тут набіраліся першыя нумары «Нашай Нівы». Але не толькі — у друкарні выпускаліся зборнікі вершаў Багдановіча, Багушэвіча, Цёткі.
Рэдакцыя ў 1907-1909 гадах
«Дом пад балванамі», як яго называюць мясцовыя, мае багатую гісторыю. Гэта палац графаў Тышкевічаў, на фасадзе дагэтуль вісіць іх родавы герб. У канцы XIX стагоддзя тут месціўся акруговы суд, дзе адвакатам працаваў Францішак Багушэвіч. Рэдакцыя «Нашай Нівы» пераехала сюды ў 1907 годзе.
Калі Вацлаў Ластоўскі ўпершыню завітаў у рэдакцыю, то ўбачыў не самую прыглядную карціну: у пакоі стаяла канапа выгляду дохлага вярблюда, на печцы-буржуйцы грэлася патэльня, на якой пальцам пераварочваў шкваркі мужчына з рудой барадой, а іншы маладзён у мятліку абураўся фінансавым станам газеты. Шкваркі смажыў Ядвігін Ш., а ў мятліку быў Янка Купала.
Тут таксама жыў і працаваў Якуб Колас.
А непадалёк ад рэдакцыі, на Pylimo, 9, жыў адзін з рэкламадаўцаў газеты — Зыгмунд Нагродскі. Культурны дзеяч, сябар Багушэвіча і прадавец сельскагаспадарчай тэхнікі, ён даваў у газету абвесткі пра свае тавары.
Рэдакцыя ў 1911-1913 гадах
На першым паверсе збіралася рэдакцыя, на другім жыў сакратар газеты Вацлаў Ластоўскі разам з жонкай Марыяй Іванаўскайце.
Тут жа быў збор будучага музея Луцкевіча. Карціны віселі на сценах арандаванага памяшкання, каштоўныя рэчы ляжалі ў скрыначках, шуфлядках — меч віленскага ката, аль-кітабы, пярсцёнак Усяслава Чарадзея, слуцкія паясы. Калі ў Вільню прыязджаў Максім Багдановіч і спыняўся начаваць пры рэдакцыі, ён быў вельмі ўражаны калекцыяй: «Святое месца!».
У гэтым будынку да 1926 года знаходзілася і беларуская кнігарня.
Рэдакцыя ў 1913-1915 гадах
Пры рэдакцыі тады жыў і Янка Купала. У 1914-м ён стаў рэдактарам «Нашай Нівы», а потым ледзь не трапіў пад суд — за артыкул «Думкі». Але набліжаўся ваенны фронт, і Купала эвакуяваўся з Вільні. У сувязі з акупацыяй горада газета спыніла свой выхад.
Побач (на Vilniaus, 20) знаходзілася масонская ложа. Туды ўваходзілі браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі.
Кавярня «Чырвоны Штраль»
Цяпер на гэтым месцы стаіць гатэль, а раней была любімая кавярня Купалы і іншай беларускай інтэлігенцыі.
Аднойчы тут у кампаніі літаратараў адпачывала актрыса і муза Купалы Паліна Мядзёлка. У той дзень да яе прыехала маці і хацела зайсці ў кавярню, каб пабачыцца з дачкой. Але швейцар не прапусціў жанчыну ў простым адзенні. Разбірацца выйшлі Купала і Уласаў. «Мы ж тут за дэмакратыю!» — павучалі яны швейцара і забралі жанчыну ўнутр.
У 1990-я тут была іншая кавярня — «Паланга», якая таксама стала ўлюбёным месцам нашаніўцаў. На першым паверсе месцілася бюджэтная сталоўка, а на другім — раскошная зала, дзе па вечарах давалі джаз.
Дом Браніслава Тарашкевіча
Аўтар першай беларускай граматыкі быў падпісчыкам газеты. Па гэтым адрасе ён жыў у 1923-1926 гадах.
На «тарашкевіцы» друкавалася адноўленая «Наша Ніва» (да 2008 года). У 1998-м газеце вынеслі за гэта папярэджанне — што не прытрымліваецца агульнапрынятых моўных нормаў. Але рэдакцыя адстаяла ў судзе права выходзіць на «тарашкевіцы».
Віленская беларуская гімназія
Астрабрамская (Aušros Vartu), 7а
Яе адкрыў выдавец «Нашай Нівы» Іван Луцкевіч. Гімназія знаходзілася ў будынку базыльянскага кляштара і дзейнічала з 1919 да 1944 года. Тут працавалі Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма, Аркадзь Смоліч і іншыя вядомыя нацыянальныя дзеячы.
Першы і другі паверхі належалі гімназіі, а трэці — праваслаўнай семінарыі. Юнакі далі адно аднаму мянушкі: семінарыстаў называлі кашаедамі, а гімназістаў — зацірачнікамі.
У базыльянскіх мурах месціўся таксама музей імя Івана Луцкевіча.
Могілкі Росы
Велічны некропаль з капліцамі ўражвае сам па сабе. На Росах знаходзяцца пахаванні братоў Луцкевічаў. Сімвалічныя, бо саміх Луцкевічаў тут няма. Іван памёр у польскім Закапанэ (на Росы прывезлі жменю зямлі з яго магілы), месца пахавання Антона невядомае.
Адноўленая рэдакцыя
Тут з 1991 года аднаўлялі выданне. Рэдакцыі выдзелілі памяшканне былой камуналкі — з трыма пакоямі, прасторнай кухняй, гарышчам і падвалам. У гэтым жа доме жылі некаторыя аўтары. Цяпер ад будынку застаўся толькі падмурак.
Рэдактарам стаў Сяргей Дубавец. «Ніякай літасці да чытача», — такім быў негалосны дэвіз. У тым плане, што газета задавала высокую інтэлектуальную планку. Тут друкаваліся пераклады нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры, філасофскія дыскусіі.
Рэдакцыя ў 1998—2000
У тыя гады большая частка рэдакцыі была ўжо ў Мінску, у Вільні заставалася некалькі супрацоўнікаў. На трэцім паверсе яны працавалі і прымалі гасцей — старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу, паэта Томаса Венцлаву.