Перакладчыку «Калевалы» на беларускую было 80 гадоў.
Якуб Лапатка, перакладчык на беларускую з фінскай, іспанскай, англійскай, французскай, лацінскай ды іншых моваў, памёр 30 снежня ў Хельсінкі. Яму было 80 гадоў.
Да самай смерці ён працаваў над беларускім перакладам «Песні пра Сіда» з іспанскай мовы.
Новае выданне ягонага перакладу «Калевалы» якраз рыхтуецца ў Мінску.
Якуб Лапатка быў з таго пакалення, якое захавала беларускасць ва ўмовах савецкага паняволення, і працягваў служыць беларускай справе нават у эміграцыі. Ён расказваў беларусам пра Фінляндыю, ён рэтрансляваў досвед фінскага народа, які выстаяў і вытрымаў удар савецкіх захопнікаў.
Якуб Лапатка быў слаўны і тым, што ў 1991 годзе менавіта ён, тагачасны дэпутат Наваполацкага гарсавета, пасля паразы маскоўскага путчу зайшоў у кабінет першага сакратара гаркама КПБ Алега Захаранкі, папрасіў таго пакінуць памяшканне і ўласнаручна апячатаў яго.