У канцы восені выдавецтва «Янушкевіч» парадавала чытачоў новай кнігай Альгерда Бахарэвіча, якая называеца «Папяровы голем». Уважліва прачыталі кнігу і паспрабавалі разабрацца з тым, якія ідэі агучыў у ёй аўтар.
Першае, з чаго варта было б пачаць: а што сабой уяўляе новы твор Бахарэвіча? «Папяровы голем» — гэта не сюжэтная кніга, але зборнік абразкоў і нататак розных часоў і памераў. Для тых, хто даўно чытае Альгерда Бахарэвіча, шукаць у ёй нейкай навіны не варта, бо аўтар агучвае ўсё тое, за што выступаў раней. Хіба што робіць гэта ў больш канцэнтраванай форме. Кніга мае зацікавіць неафітаў у беларускай літаратуры, якія яшчэ не стаміліся ад бясконцага змагання Бахарэвіча з традыцыйным беллітам.
Кнігу можна ўмоўна падзяліць на некалькі тэматычных блокаў. Некаторыя з іх вельмі нават актуальныя, таму выходзяць на першы план. Іншыя наадварот — цікавыя хіба што вузкаму колу людзей, таму знаходзяцца на перыферыі.
Асабістая
Бадай што самая цікавая частка кнігі, у якой Альгерд Бахарэвіч дзеліцца нейкімі інтымнымі рэчамі з свайго жыцця. Згадвае дзяцінства, юнацтва, падзеі з нядаўняга мінулага, будуе планы на будучыню.
Як добра начытаны чалавек, ён безумоўна ведае, што чалавеку ва ўсе часы быў цікавы ўнутраны свет іншага чалавека, ягоная душа. Таму хіба і піша з такой пяшчотай і замілаваннем:
«Глядзіш на старыя сямейныя фота, зробленыя яшчэ да твайго нараджэньня. Міжволі шукаеш хоць нейкія прыкметы таго, што неўзабаве зьявісься на сьвет. Але іх няма.
Хоць пачакай, пачакай… Магчыма, гэтая хітраватая і шчасьлівая ўсьмешка на маміных вуснах — яе можна заўважыць, толькі калі вельмі доўга глядзець на здымак — і ёсьць прывітанне табе ў будучыню?».
Эмігранцкая
Альгерд Бахарэвіч, хіба як ніхто іншы з беларускіх пісьменнікаў, добра ведае, што такое эмігранцкі хлеб. Яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў ён з’ехаў з Беларусі ў Нямеччыну, каб потым вярнуцца. Акурат пасля вяртання да яго і прыйшлі вядомасць і слава.
Кнігі Бахарэвіча сталі не толькі добра прадавацца, але па іх пачалі ставіць спектаклі, а ён стаў самым сапраўдным інфлюэнсерам. Таму няма ніякага дзіва, што пасля вядомых падзей 2020 года, калі многія беларусы былі вымушаныя выправіцца ў выгнанне, ён узяўся за асэнсаванне эмігранцкага жыцця:
«Эмігранты заўсёды рана ці позна пераймаюць не толькі мову, культуру й традыцыі народаў, сярод якіх жывуць, але і іхныя нацыянальныя комплексы і гістарычныя крыўды. Яны глядзяць на сьвет праз акно таго дома, дзе ім далі прытулак. Добра, калі з гэтага акна відаць цэлы вялікі сьвет. Але звычайна яно выходзіць на задні двор, дзе ў беспарадку валяюцца стэрэатыпы, фобіі, нядобрыя мары, забабоны і смутак па выдуманай былой велічы».
Без сумневу, у перспектыве ён мог бы напісаць пра гэта асобную кнігу. Прынамсі гэта была б вельмі і вельмі добрая ідэя.
Агульначалавечая
Шмат разважае ў кнізе Альгерд Бахарэвіч і над такімі рэчамі, якія ўмоўна можна назваць «вечнымі» і зразумелымі для кожнага чалавека: аб прыродзе таталітарызму або свабодзе, аб месцы асобы ў грамадстве, аб тым, чым ёсць сучасная палітыка:
«Я не баюся савецкага — бо яно ўжо ня здольнае мне нашкодзіць. Яно ня зробіць мяне іншым, не прымусіць зьмяніць светапогляд, не пераканае ў тым, што чорнае ёсьць белым. Я дасьледую савецкае, але не насьледую. Зразумеўшы, у якой пачварнай сыстэме табе собіла нарадзіцца і вырасьці, ты ўжо ніколі ня будзеш здатны на настальгію. Толькі на нянавісьць і яе бясконцыя досьледы — эксперыменты над уласным дзяцінствам.
Найгоршае, што можа зрабіць, каб процістаяць саўку — удаць, што яго ніколі не існавала».
Бахарэвіч і раней рабіў такія спробы рэфлексіі, але тут яны больш дасціпныя. Бо як ужо адзначалася, «Папяровы голем» — гэта зборнік абразкоў, а не раман на некалькі сотняў старонак. Таму ягоныя максімы, або спробы рэфлексіі, глядзяцца тут куды больш арганічна.
Літаратурная
Частка, якая зацікавіць даўніх прыхільнікаў і ворагаў Бахарэвіча. У ёй спадар Альгерд зноў, як і раней, дзеліцца сваімі пазнаннямі ў сусветнай літаратуры. Прыгадвае забытых пісьменнікаў, якім далі Нобелеўскую прэмію ў 1917 годзе, расказвае нешта пра Джойса, Набокава ды многіх іншых:
«Дзесяць гадоў вывучаў Набокава, а потым дзесяць гадоў лячыўся ад набокаўшчыны. Вось што значыць вялікі пісьменнік — той, які забірае ў цябе дваццаць гадоў жыцьця.
Ніхто не паўплываў на мяне так, як вялікія мёртвыя і нетутэйшыя пісьменнікі мінулага стагодзьдзя».
Шмат увагі надае ён і нейкім агульным рэчам, якія можна было б назваць «калялітаратурнымі», бо наўпрост на прыгожае пісьменства яны не маюць ніякага ўплыву. Як пісьменнік робіць тое і гэта, што ў гэты час думае, з прычыны чаго пераймаецца. Пэўна, такія радкі будуць цікавымі найперш ягоным калегам па цэху і тым, хто імі хоча ў перспектыве стаць:
«Ніколі і нікому не дзякуй за рэцэнзіі і водгукі на свае кніжкі. Вы незнаёмцы, якія на імгненьне сутыкнуліся ў мэтро — за што тут дзякаваць і каму?».
Не спыняе ён і свайго адвечнага змагання з беларускай літаратурай. Крытыкуе яе забітасць, адсталасць, традыцыйнасць і тэндэнцыйнасць.
Расчаравальная
Бадай што, самая пранікнёная частка кнігі, у якой аўтар дзеліцца набалелым. Відавочна, што з узростам прыйшло разуменне многіх рэчаў, якія можна смела назваць простымі — маладосць сыходзіць, ніхто не вечны, усяго, што запланаваў, не зробіш і так далей.
Няма ніякага сакрэту ў тым, што на Альгерда Бахарэвіча нават многія калегі глядзелі як на такі сабе лакаматыў. Маўляў, зараз ён пройдзе там, дзе не ступала нага беларускага пісьменніка, а потым пойдзем і мы следам за ім па ўжо праторанай, вядомай сцежцы. І вось ужо нястомны вандроўнік дзеліцца сваім досведам, праўда, не зусім такім, як чакалі:
«Людзі, якія з сур’ёзным выглядам разважаюць пра адсутнасьць посьпеху беларускай літаратуры ў заходнім сьвеце, не разумеюць самага галоўнага: у тым сьвеце ад нас чакаюць не вялікіх твораў, а пацьверджаньня ўласных страхаў і стэрэатыпаў».
Чаму так адбываецца, Бахарэвіч разважае ўжо ў іншым эсэ, развіваючы сваю думку:
«Беларуская літаратура нікому не цікавая на Захадзе. А калі ўсё ж яны вырашаюць нас прачытаць — мы цікавыя ім толькі як ахвяры або сьведкі. Ад нас чакаюць адно скаргаў на цяжкі лёс і сьведчаньняў супраць таталітарызму, савецкага ці цяперашняга. Калі ты хочаш сказаць штосьці большае, калі ты хочаш стварыць свой сьвет, паразважаць, папярэдзіць, парушыць правілы, як і належыць мастаку, — дзверы зачыняюцца, сьвятло гасьне, мікрафон адключаны.
На цябе глядзяць як на статыста, які пралез наперад, стаў побач з выканаўцам галоўнай ролі пасярод прэм’еры і пачаў вярзьці адсябяціну перад поўнай заляй. Сарваў спэктакль, што рыхтаваўся стагодзьдзямі. Падвёў столькіх добрых людзей. За гэта цябе выкрэсліваюць з ліку акторскай трупы. Ты выходзіш з тэатру праз чорны ўваход, выдыхаеш, закурваеш і йдзеш на трамвай. Вяртаесься ў свой цесны пакойчык на ўскраіне чужой літаратуры — і пачынаеш усё спачатку».
Вядома, персанальна ён атрымаў прызнанне і пэўную вядомасць, але гэтага будзе замала для маштабаў нацыянальнай літаратуры. Бо прадстаўнікоў адной нацыі мае быць у разы болей на сусветнай сцэне, каб гэтая літаратура стала нарэшце заўважанай.
Здаецца, расчаравала яго шмат у чым і Беларушчына. Што праўда, адмаўляцца ад яе аўтар не плануе, проста канстатуе нейкі сум і зануранасць у сябе. Паглядзім, што з усяго гэтага выйдзе далей.