У межах цыклу сустрэч “Санаторый пад клепсідрай” Андрэй Хадановіч запрашае да прагляду відэазапісу размовы з вядомай польскай эсэісткай Зоф’яй Залескай і прэзентацыю яе кнігі “Нядзеянне” (польск. Zaniechanie), якая нядаўна выйшла па-беларуску ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай.
“Што аб’ядноўвае, – чытаем у анатацыі, – такіх розных герояў гэтай кнігі? Чаму яны адмаўляюцца дзейнічаць альбо свядома, нават дэманстратыўна лянуюцца, марнуюць час і талент, практыкуюць маўчанне і няўдачы? Заходняя культура ўхваляе актыўнасць, а бяссілле атаясамлівае з хваробай. На таго, хто адмаўляецца дзейнічаць, глядзяць падазрона. Але ў свеце войнаў і жахлівай няроўнасці, свеце, дзе ўсяго, у тым ліку зняверу, зашмат, нядзеянне робіцца выйсцем, спосабам уратаваць свабоду і годнасць”.
Разам з мадэратарам, паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам, аўтарка разважае над наступнымі пытаннямі:
- Феномен нядзеяння і яго творчы патэнцыял у сучасным свеце.
- Ці заўжды маюць рацыю тыя, што кажуць: “Лепш шкадаваць пра зробленае, чым пра нязробленае”?
- Як сабраць калекцыю “абібокаў, эскапістаў, творцаў без твораў і поспехаў”?
- “Усё жыццё піў піва і нікому не замінаў”: ці можа адмова ад пагоні за поспехам стаць не паразай, а перамогай?
- Нядзеянне як “мінус-прыём”: ці змяняе маўчанне напісаныя раней творы?
- Два бакі аднаго медаля: эксцэнтрыкі, апантаныя маніяй дзейнасці, – і эксцэнтрычныя гультаі. Чаму вучыць гісторыя Франца Фішара?
- Ці можна быць эскапістам у цёмныя часы?
- Адмаўленне як прывілей: хто і калі можа дазволіць сабе сказаць “не”?
- Падвойныя стандарты інтэрпрэтацыі: нядзеянне мужчынаў і жанчын.
Аўтарка складае суб’ектыўны каталог нядзеянняў. На старонках кнігі з’яўляюцца, сярод іншых, Арцюр Рэмбо, Дж. Д. Сэлінджэр, Франц Фішар, гераіні раманаў Элены Ферантэ, Ралан Барт, ананімныя жанчыны да любых паслуг, Ральф Элісан, дзеці, што пакутуюць на сіндром адмаўлення, альтэрнатыўныя творцы «Культуры Зборкі». Вывучэнне іх матывацыі — нагода задумацца над станам сучаснай культуры і стратэгіямі творцаў у час, што патрабуе ад нас сутаргавай актыўнасці.
Зоф’я Залеска (Zofia Zaleska) – культуразнаўца, аўтарка кнігі «Przejęzyczenie. Rozmowy o przekładzie» (Wydawnictwo Czarne, 2015), выпускніца Інстытута польскай культуры Варшаўскага ўніверсітэта і Школы сацыяльных навук пры Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук. Працавала ў “Газеце Выборчай”, друкавалася, сярод іншага, у часопісах «Zeszyty Literackie» i «Tygodnik Powszechny», супрацоўнічае з часопісам «Dwutygodnik». Стыпендыятка міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча.
