
Прэм’еру дакументальнага фільма «Лісты», які праз дзённікі і асабістыя гісторыі распавядае пра сучасную Беларусь і жыццё беларусаў ва ўмовах рэпрэсій, уключылі ў праграму Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю. «Белсат» паразмаўляў пра галоўную задачу фільма і падрыхтоўку да прэм’еры з яго рэжысёрам Андрэем Куцілам.
Пачуць галасы, якія змоўклі
«”Лісты” – гэта гісторыя сучаснай Беларусі, расказаная праз гісторыі людзей, якія перажылі зняволенне, рэпрэсіі і выгнанне, – галасоў, якія змоўклі пад аўтакратычным рэжымам», –кажуць аўтары фільма.
Унутры кіно некалькі гісторыяў, кожная з якіх «раскрывае асобны досвед рэпрэсій». Бацька хаваецца ад сачэння, каб пазбегнуць арышту і разлукі з дачкой. Былы крымінальны следчы вырашае пакінуць сістэму, уцякае з Беларусі і ў выгнанні ў Польшчы сутыкаецца з паўторнымі допытамі і адчуваннем тупіку і бяссілля. Студэнтка Кася, асуджаная за ўдзел у пратэстах, выжывае дзякуючы маляванню. Гісторыя 50-гадовага Вітольда (палітзняволенага Вітольда Ашурка, які загінуў у турме) раскрываецца праз фатаграфіі, дасланыя сябрам з дому, – старанна адабраныя фрагменты свету па-за турэмнымі сценамі, якія дораць яму імгненні свабоды.
У фільме спалучаюцца дакументальныя кадры, архіўныя і знойдзеныя матэрыялы, аповеды герояў і анімацыя, заснаваная на малюнках, створаных у зняволенні.
«Падзяліцца з сусветам» ведамі пра Беларусь
«Як я выехаў з Беларусі, я пачаў думаць, як я магу падзяліцца са светам тым, што мы перажылі і што перажываем зараз. Шмат чаго адбылося пасля, у наступныя гады, што змяняла праект, штосьці дадавала, штосьці з гэтага праекта вымушана было быць вынятае», – тлумачыць Андрэй Куціла.
Ён называе фільм спробай «падзяліцца з сусветам, што сёння ўяўляе сабой Беларусь» і перш за ўсё людзі:
«Гэта спроба праз лісты, праз дзённікі, праз галасы беларусаў, якія аказаліся рэпрэсаванымі, якія аказаліся ў зняволенні, выкінутымі з краіны ў выгнанне, распавесці пра сучасную Беларусь, пра наш боль, пра тое, што мы перажылі і пра што мы марым, чаго хочам і да чаго імкнёмся, і, скажам так, кошт гэтай мары і гэтага імкнення. І пытанне – тут няма адказу на яго, кожны сам для сябе яго ставіць – ахвярнасці. Наколькі мы гатовыя змагацца, наколькі мы гатовыя ахвяраваць і чым ахвяраваць на гэтым гістарычным шляху».
Рэжысёр дадае, што ілюзіяў пра тое, што фільм проста цяпер зменіць сітуацыю ў Беларусі, ў яго няма, але людзі, якія робяць кіно, спрабуюць працаваць у сваёй сферы, «распавядаючы пра нашу гісторыю і сучаснасць мовай мастацтва, мовай кіно».
«Калі кожны будзе рабіць сваю справу на сваёй дзялцы, то мы наблізімся да таго, пра што мы ўсе марым, правільна? Да кагосьці можна дагрукацца, паехаўшы на палітычную канферэнцыю і аперыруючы лічбамі і тэзісамі, а да кагосьці – паказаўшы кіно», – падкрэсліў творца.
Ён лічыць, што гэтае кіно збірае ў сябе шматлікія пачуцці беларусаў, прынамсі ягонага атачэння і тых, з кім ён сутыкаецца.
Паводле яго, «ёсць канкрэтная задача і нават вера ў тое, што па-за межамі Беларусі нас больш зразумеюць», таму што «у 2020 годзе, 21-м пра нас ведалі, пра нас паказвалі на тэлебачанні і пра Беларусь шмат гаварылі, а сёння старонка перагортваецца, пра нас забываюць, і знешне нібыта нават рэпрэсіі змяншаюцца, і з’яўляецца такі наратыў, што адліга». І хоць гэта не так, гэтую «цукерку з пэўным жаданнем могуць з’есці па-за межамі краіны».
«Фільм мае пашырыць гэтую свядомасць не лічбамі, не тэзісамі, а проста распавядаючы звычайныя і інтымныя гісторыі людзей, якія сёння вельмі цяжка пачуць, цяжка сесці і выслухаць, цяжка, можа быць, прачытаць. Але, калі яны аб’яднаныя і паказаныя праз мастацкія сродкі, то, можа, мы такім чынам пашыраем разуменне, што з намі адбываецца сёння пасля 2020 года», – кажа Андрэй Куціла.

Пяць гадоў працы міжнароднай каманды
Рэжысёр-дакументаліст кажа, што праца над фільмам у яго «заняла ад пачатку да прэм’еры, якая яшчэ не адбылася, роўна 5 гадоў».
«Я пакінуў Беларусь у верасні 2021 года, і прэм’ера мусіць адбыцца ў верасні 2026 года. Прынамсі практычна ўсе гэтыя 5 гадоў я займаўся выключна гэтым праектам, за нейкімі рэдкімі адыходамі ад тэмы», – патлумачыў Андрэй Куціла.
Яму цяжка вызначыць, колькі чалавек працавала і працуе над фільмам, бо «хтосьці прыходзіў на пэўны перыяд, хтосьці месяц дапамагаў, а хтосьці ўсе пяць гадоў быў побач». Але агулам рэжысёр кажа пра дзясяткі асобаў з шэрагу краінаў (у асноўным Польшчы, Літвы і Германіі):
«У розных праграмах мы ўдзельнічалі, каб гэты праект развіваць, і таму, можа, нават больш за 100 асобаў прайшло, хто дапамагаў. А касцяк – гэта, не ведаю, чалавек 10, хіба».

«Уся каманда была проста ў шоку»
«Я нават сабе такую мару раней не дапускаў, – кажа Андрэй Куціла пра прэм’еру свайго фільма на Венецыянскім кінафестывалі. – Мы, кінадакументалісты, больш сціплыя людзі і менш амбітныя, чым рэжысёры ігравога кіно».
Паводле яго, ёсць топавыя фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, Лейпцыгу, Капенгагене – усяго дзесяць.
«На іх кожны дакументаліст марыць патрапіць. Але ёсць яшчэ іншага кшталту фестывалі ігравога кіно, якія апошнія гады сталі браць і паказваць дакументальнае кіно, таму што яно становіцца не менш уплывовае і нават часам больш цікавае, чым ігравое. І ў Канах сталі паказваць дакументальнае кіно, і ў Берліне вельмі шмат, і ў Венецыі», – распавёў рэжысёр.
Паводле яго, каманда не спадзявалася на тое, што фільм будзе адабраны на Венецыянскі кінафестываль, і калі навіна прыйшла, «то ўсе былі ў шоку», і гэта было «свята для ўсіх».
«Фільм з Беларусі, пра Беларусь. Можа, не з самой Беларусі, але створаны творчай камандай польска-беларуска-літоўскай, з падтрыманнем нямецкага боку – ва ўсіх краінах, уся каманда была проста ў шоку. І нашы літоўскія кінапрадусары, і нямецкія. Для тэлеканалаў гэта важна, дзе пасля будзе фільм паказвацца. Таму мы пару дзён не маглі прыйсці да сябе. А пасля пачалася праца, каб падрыхтавацца да прэм’еры», – адзначыў Андрэй Куціла.
Цяпер каманда працуе «дзень і ноч», амаль суткамі. Андрэй прачынаецца ў 6 раніцы і пачынаецца праца з кампазітарамі, ідзе праца з прадусарамі, дарабляецца анімацыя, «робіцца карэкцыя гуку, дызайн гуку ў Літве, карэкцыя колеру ў Варшаве». Задача творчай часткі давесці фільм да стадыі, каб у кінатэатры ён глядзеўся на 100%, каб «працавала так, як яно было задумана».
«Мы ўжо ведаем, што на «Берлінале» былі беларускія фільмы, у савецкія часы ці ў 90-я былі ў Венецыі. Для незалежнай Беларусі гэта штосьці, канешне, новае. І я гэтым асабіста цешуся, і цешацца мае калегі, і гэта дае проста веру ў тое, што нават дакументальнае кіно можа прабіваць сабе дарогу на такіх буйных фестывалях «класа А», дзе чырвоныя дарожкі і дзе ходзяць Джоні Дэп і Пенелопа Крус, і там могуць ісці звычайныя дакументалісты са сваімі такімі сціплымі стужкамі, але з беларускай тэмай. І гэта натхняе», – кажа рэжысёр.
«Венецыя – гэта пункт старту для «Лістоў»
«Венецыя — добрае такое свята для дакументальнага беларуска-польска-літоўска-нямецкага кіно, скажам так, але гэта толькі такі пункт старту для гэтага фільма. Мы ўжо маем шмат запрашэнняў пасля адбору на Венецыі далей, каб паказваць гэты фільм. Мы цешымся, што заангажаваныя тэлеканалы, якія пакрываюць таксама ледзь не ўвесь свет праз спадарожнік, праз інтэрнэт, і фільм будзе паказаны даволі шырока і некаторых верне да разумення, што ў нас адбываецца», – адзначыў Андрэй Куціла.
У стварэнні фільма былі задзейнічаныя Польскае тэлебачанне, DW, ZDF, ARTE.
Рэжысёр перакананы, што неўзабаве фільм пабачаць і ўсе ахвотныя беларусы.
«Звычайна пасля фестывальнай дыстрыбуцыі кіно трапляе на тэлебачанне, на антэны, – патлумачыў ён. – Беларусь – гэта тэрыторыя, якая пакрыта і «Белсатам», і DW. Можна будзе паглядзець праз стрымінг, праз інтэрнэт. Не ведаю, у якой форме гэта будзе, але праз пэўны час фільм будзе даступны кожнаму беларусу».
