
З Аб’яднанага пераходнага кабінету сышла прадстаўніца ў моладзевай палітыцы, заявіўшы, што ідзе займацца «больш шырокай задачай – будаваць арганізацыйныя і тэхналагічныя асновы, якія будуць патрэбныя беларускім дэмакратычным сілам у найбліжэйшыя гады». «Белсат» спытаў яе, што гэта значыць і што будзе далей з прадстаўніцтвам.
Маргарыта Ворыхава 30 ліпеня заявіла, што пакідае сваю пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету ў моладзевай палітыцы. Яна падкрэсліла, што не пакідае дэмакратычнага руху і мае намер працягнуць працу ўжо ў новай ролі.
Пайшлі чуткі, што ейны сыход звязаны з праблемамі з легалізацыяй у Літве і Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі, які рэгулярна называе беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы».
«Гэта няпраўда, – пракаментавала Ворыхава «Белсату» гэтыя чуткі. – Ніякіх прэтэнзіяў ці праблем з літоўскімі органамі ў мяне няма і не было, мой статус легальны і дзейсны. І нам усім ужо даволі даўно патрэбна мець да нейкіх чутак без крыніцаў імунітэт».
Якая сапраўдная прычына сыходу?
Чаму насамрэч Ворыхава сыходзіць? Яна казала, што пакідае пасаду, «каб заняцца больш шырокай задачай – будаваць арганізацыйныя і тэхналагічныя асновы, якія будуць патрэбныя беларускім дэмакратычным сілам у найбліжэйшыя гады». Чаму нельга было заняцца гэтым на пасадзе «міністаркі ў справах моладзі»?
Яна адказвае: справа не ў канфліктах і тлумачыць:
«Зараз адбываецца нешта важнае. І не толькі ўнутры дэмсілаў. Беларусы мяняюцца: людзі, якія прайшлі праз 2020-ы, праз эміграцыю, праз страты, – ужо зусім не тыя, кім былі пяць гадоў таму. У нас розны досвед і розныя каштоўнасці. У таго, хто застаўся, і ў таго, хто зʼехаў; у таго, каму дваццаць, і ў таго, каму шэсцьдзесят. І тут ёсць гэтая развілка».
«Можна, канешне, спалохацца гэтай разнастайнасці і паспрабаваць яе замарозіць. Але гэта, па сутнасці, і ёсць логіка аўтарытарызму – закрытае грамадства трымаецца на страху перад пераменамі, на жаданні спыніць час і пакінуць усё як было. А можна прызнаць, што множнасць – натуральны стан жывой супольнасці.
Дэмакратыя – гэта якраз другі шлях. І палітыка пачынаецца там, дзе ёсць плюральнасць. Дзе ёсць шмат розных і новых людзей».
«Дэмакратычная культура – гэта здольнасць прымаць, што людзі мяняюцца і прыходзяць новыя. Мы шмат гаворым пра інстытуты і працэдуры, але пад імі ляжыць больш простая і больш цяжкая рэч – гатоўнасць слухаць адно аднаго. Я хачу, каб гэтаму навучыліся і наш рух, і наша будучая Беларусь. Здольнасць да абнаўлення і ёсць прыкмета таго, што мы жывыя».
«З гэтага вынікае і маё рашэнне. Любая структура з часам імкнецца замацаваць саму сябе – гэта даўно апісаная заканамернасць, і супрацьстаяць ёй можна толькі свядомай ратацыяй тых, хто прымае рашэнні. Таму я лічу правільным своечасова саступаць месца і абнаўляць прадстаўніцтва. І ратацыя – гэта адмова ад канцэнтрацыі – не трымаць адну пасаду бясконца і не замыкаць усё на адным чалавеку.
Я вызваляю канкрэтнае месца і перадаю яго далей, застаючыся ў барацьбе. Фармальная нагода толькі супала з яшчэ адным рашэннем: 28 ліпеня я вылучылася на пасаду старшыні міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады, а статут не дазваляе сумяшчаць гэтую пасаду з пазіцыяй у АПК».
Чым менавіта зоймецца далей
Фраза «будаваць арганізацыйныя і тэхналагічныя асновы» гучыць так, нібы гэта нешта ў IT-сферы. Ворыхава кажа, гэта насамрэч не пра IT:
«Я хачу прынесці ў рух кампетэнцыі, якіх нам зараз не хапае: інстытуцыйны дызайн, бяспеку, кіраванне праектамі, тэхналагічныя інструменты. Палітычная барацьба ведае моманты ўздыму і доўгія перыяды паміж імі. Устойлівасць вызначаецца не гучнасцю ў моманты ўздыму, а тым, ці ёсць у руху інфраструктура, якая працуе ў прамежках: цярплівае будаўніцтва ўласных інстытутаў замест стаўкі на адзіны момант».
«Асабліва зараз, калі ўвага партнёраў зрушваецца, а рэсурсаў менш, цана няўстойлівасці рэзка расце.
Для мяне гэта пытанне пра базавыя ўмовы, пры якіх людзі наогул могуць займацца палітыкай. Гэта не сыход у IT і не сыход з дэмсілаў: я застаюся дарадчыцай Святланы Ціханоўскай і кіраўніцай фракцыі „Наступ“».
Што будзе з прадстаўніцтвам у справах моладзі
Ворыхава была прадстаўніцай у моладзевай палітыцы без малога два гады. Ці ёсць дасягненні, якімі можа пахваліцца прадстаўніцтва?
«Думаю, так – і галоўнае, што за гэтыя два гады прадстаўніцтва стала інстытутам. Сімвал трымаецца на чалавеку, інстытут працягвае працаваць і без яго».
«Перш за ўсё мы замацавалі голас беларускай моладзі на міжнародных пляцоўках – у тым ліку ў Кансультатыўным савеце па моладзі Рады Еўропы, дзе маладыя беларусы гавораць пра свае інтарэсы самі.
Унутры мы запусцілі платформу для моладзі – прастору, дзе маладыя беларусы знаходзяць падтрымку, рэсурсы і адно аднаго.
Правялі серыю трэнінгаў і канферэнцый па лідарстве, бяспецы і адвакатаванні, праз якія прайшлі сотні чалавек.
Пабудавалі сістэму стыпендый і падтрымкі, каб маладыя беларусы маглі працягваць адукацыю і ўдзельнічаць у міжнародных праграмах.
Праводзілі штодзённыя кансультацыі, для моладзі, адказвалі на любыя пытанні – ад легалізацыі, адукацыі до простых псіхалагічных, спрабавалі замясціць дзяржаву для моладзі, якую яна кінула.
За кожным фарматам стаяць жывыя людзі, якія атрымалі нейкі доступ, навыкі. І менавіта таму, што гэта інстытут, а не мая асабістая роля, ён павінен жыць і без мяне».
Ці не звязаны ейны сыход з тым, што напрамак стаў менш прыярытэтным?
«Наадварот. Маладзёжны напрамак застаецца крытычна важным, і сыходжу я не таму, што ён страціў прыярытэт, а каб ён развіваўся – з новым чалавекам і новай энергіяй».
«На пераходны перыяд я рэкамендую свайго намесніка Аляксея Грахоўскага як выканаўцы абавязкаў, да зацвярджэння пастаяннага прадстаўніка. Але тут для мяне важны прынцып: сталасць руху правяраецца не тым, каго прызначаюць, а тым, як перадаюць паўнамоцтвы.
Я вельмі хачу, каб выбар вяла Каардынацыйная рада разам з маладзёжнымі арганізацыямі – адкрыта і па працэдуры, а не па асабістых дамоўленасцях. Легітымнасць павінна абапірацца на правілы, а не на пасады. І мне будзе толькі радасна, калі новы чалавек пабудуе паверх закладзенага намі нешта большае, чым паспела я: інстытуты і ствараюцца, каб перарастаць сваіх заснавальнікаў».
***
Да прызначэння прадстаўніцай Кабінету Маргарыта Ворыхава ўзначальвала Беларускую нацыянальную моладзевую раду «РАДА», была дарадцаю Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы, уваходзіла ў Кансультатыўную раду ў справах моладзі Рады Еўропы і прэзентавала дэмакратычныя сілы Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
