
Ужо тыдзень густанаселеная агламерацыя Заходняга ўзбярэжжа ЗША пакутуе ад пажараў. Паводле апошніх звестак, каля 180 тысяч чалавек былі эвакуяваныя, 10 тысяч будынкаў згарэла, 24 чалавекі загінулі.
Прычым тэрытарыяльна акруга Лос-Анджэлес займае плошчу ўдвая меншую за Беларусь, а колькасць насельніцтва амаль аднолькавая — больш за дзевяць мільёнаў чалавек.
Еўрарадыё паразмаўляла з беларусам Андрэем, які ўжо больш за два гады жыве ў Лос-Анджэлесе, пра тое, як горад перажывае катастрофу.
“Напружанне ў паветры ёсць ва ўсіх гарадах”
Сам Андрэй у бяспецы, бо жыве ў Паўночным Галівудзе, а там не было ўзгаранняў.

“Тым не менш тут прыходзяць паведамленні, якія блакуюць выкарыстанне смартфона, пакуль вы іх не прачытаеце. Была падрыхтоўка да эвакуацыі. Але ёсць і людзі, якія застаюцца дома. Тады яны падключаюць усе наяўныя шлангі і абліваюць будынкі, машыны, тэхніку”.
Паводле Андрэя, напружанне захоўваецца ва ўсіх гарадах.
“Ёсць сайт, на якім можна адсочваць распаўсюд пажару ў рэжыме рэальнага часу. Амаль усе гарады агламерацыі прыйшлі да часовага і частковага адключэння святлафораў, напрыклад, на нязначных скрыжаваннях. Асвятленне на вуліцах працуе не ў поўным аб’ёме ноччу. Усе службы працуюць. Гэта нейкая магія. І магія кіно, вядома, бо з’яўляецца шмат фэйкавых відэа, напрыклад, як галівудскія пагоркі палаюць. Трэба карыстацца толькі афіцыйнымі крыніцамі. Але напружанне застаецца”.
Зрэшты, Андрэй з сябрамі не страчвае пачуцця гумару. Неўзабаве ў яго павінен прайсці першы канцэрт у Лос-Анджэлесе, і хлопец кажа, што з пажарамі ўжо крыху спакайней, але “падгарае з іншага боку”.
“Яшчэ ўчора ездзіў да сяброў на дах глядзець, як адбываецца пажаратушэнне. Яны рэчы сабралі, машыны загрузілі. Елі папкорн, пілі віно каліфарнійскае і глядзелі на пагоркі, якія гараць з іншага боку, як на вогненны заход”.
Усё вельмі хутка мяняецца
Андрэй расказаў, што ў кожнай агламерацыі ёсць свае законы, свае пажарныя часткі і ўсё неабходнае для тушэння.
“Тым не менш пажар вельмі хутка распаўсюджваўся. Першы ачаг быў зафіксаваны 7 студзеня. Гэта было ў горадзе Палісадэс недалёка ад Малібу. Гэты горад, можна сказаць, згарэў увесь. Праз парывісты вецер, хуткасць якога дасягала 160 км/г, агонь вельмі хутка распаўсюджваўся.
Горад знаходзіцца на пагорках, праз што пажарным было досыць складана трапіць туды. Авіяцыя не магла падняцца ў паветра праз такія парывы ветру. Таму яго ў нейкі момант наогул ачапілі і далі ўжо агню рабіць сваю справу да канца. Людзі паспелі эвакуявацца. Але гэта самы разбуральны пажар на тэрыторыі Лос-Анджэлеса пачынаючы з 1938 года”.
За адзін раз адбывалася каля шасці пажараў. Андрэй кажа, што сітуацыя мяняецца кожны дзень: учора пажарныя змаглі лакалізаваць агонь, а сёння пажары вярнуліся з новай сілай.
Пра валанцёраў
Беларус расказаў, што адразу на месцы пачалі працаваць шэлтары, у тым ліку для хатніх жывёл.
“Вялікая колькасць шэлтараў пачала працаваць для маленькіх і вялікіх хатніх жывёл. Тут ёсць ранча, якія таксама пацярпелі ад агню. Ёсць тыя, якія на бясплатнай аснове дапамагаюць людзям прытуліць жывёл. Сеткі рэстаранаў даюць бясплатную ежу пагарэльцам і бежанцам.
Ёсць і групы валанцёраў, якія таксама дапамагаюць на месцы пажарным службам і медыкам. Гэта адрозніваецца ад Беларусі, дзе валанцёраў арыштоўваюць: тут ім кажуць “вялікі дзякуй”.
Але людзі паводзяць сябе па-рознаму. Паводле Андрэя, калі ён назірае за рэакцыяй людзей падчас катастрофы, у яго ўзнікаюць змяшаныя пачуцці.
“Усё як заўсёды. Нехта арганізуецца і дапамагае сябрам ці проста валанцёрыць, нехта жыве ў сваім звычайным рытме, нехта марадзёрыць і рабуе, нехта ўдараецца ў канспіралогію і абвінавачвае ўсіх вакол”.
