Нядаўняя праца ў Варшаве Перакладчыцкай Майстэрні ўзняла праблемы польскамоўнай літаратуры Падляшша, якая знаходзіцца на скрыжаванні польскай і беларускай культур. Пад пільную ўвагу спецыялістаў трапілі розныя рэгіянальныя творы: ад дакументальнай прозы Анэты Прымакі-Онішк да паэзіі Касі Сянкевіч, якая сама перакладала свае вершы на беларускую мову.

Вядоўцам Майстэрні стала вядомая перакладчыца і беларусістка Яанна Бернатовіч. Яаана працавала над перакладамі ключавых беларускіх твораў на польскую мову, у тым ліку дакументальнай кнігі Аляксандра Лукашука «След матылька», аўтабіяграфіі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», а цяпер перакладае «Сабак Еўропы» Альгерда Бахарэвіча:
РР: Калі ласка, прадстаўцеся, скажыце пра сваю дзейнасць і як вы прыйшлі да беларускай мовы ўвогуле? Як яна стала часткай вашага жыцця?
– Ну, гэта была як бы сямейная крыху прычына. Калі я была на першым курсе польскай філалогіі, мой дзядзька Вацлаў запрапанаваў паехаць у Беларусь, у вёску, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства мой дзядуля. У нас у сям’і было нейкае ўсведамленне, што дзядуля паходзіў з Беларусі, але яно не было так… ці проста так было. Але, калі з’явілася гэта магчымасць, гэта быў, здаецца, 2002 год, я ўпершыню была ў Беларусі. Гэта была такая вёсачка над Нёманам, Беліца. Я захапілася Беларуссю, вярнулася тады пасля тыдня, дзе мы наведалі сваякоў. Гэта быў ліпень, лета, проста цудоўны час на вёсцы.
– У мяне было такое ўражанне, што я не вярнулася ў пэўным такім метафізічным сэнсе, што Беларусь стала як бы часткай мяне, важнай часткай, і пачала так спрабаваць неяк вывучаць. Гэта дзіўна, таму што там, калі я была, людзі карысталіся больш расейскай мовай, але калі я пачала вывучаць расейскую мову, вярнуўшыся з Беларусі, я зразумела, што гэта не тое. Вельмі хацелася вучыць беларускую мову.
– У Кракаве, у Ягелонскім універсітэце на польскай філалогіі, я вырашыла паступіць на расіязнаўства, і там у рамках гэтага расіязнаўства быў лектарат беларускай мовы, які вёў прафесар Юры Гардзееў. Пачала ўдзельнічаць у гэтых занятках, вучыцца беларускай мове, і так крок за крокам. Я зразумела, што мне гэта вельмі лёгка даецца.
– Вучыцца беларускай мове было лёгка, таму што я дзесьці там унутры ўсё гэта разумела. Калі я бачыла нейкае слова, то адразу здагадвалася, што яно можа значыць. Адначасова я пачала перакладаць, таму што пераклады заўсёды былі для мяне цікавымі. Я пачала перакладаць з беларускай мовы, карыстаючыся слоўнікам. Часта ўжо ведала значэнне слова, а слоўнік толькі пацвярджаў гэта.
– Я з Падляшша, з Беластока, хаця зусім з польскамоўнай сям’і. Вядома, што ў нас гэта шматкультурнасць, яна з дзяцінства была для мяне чымсьці натуральным. Першы кантакт з беларусамі з Беларусі адбыўся падчас фестывалю «Басовішча» ў Гарадку. Мне было тады 17-18 гадоў, я ездзіла туды, хоць яшчэ не цікавілася Беларуссю. Мы ездзілі туды як моладзь з Падляшша, на фестываль, які быў бліжэйшым рок-фестывалем. Сам беларускі кантэкст для мяне тады яшчэ не меў такога значэння.
– На постаць Быкава я вельмі хутка выйшла, таму што, калі пачынаеш цікавіцца, вывучаць беларускую мову і ўнікаць у беларускую тэматыку, постаць Быкава з’яўляецца як нешта класічнае. Пераломны момант адбыўся ў Менску, калі ў пачатку 2000-х гадоў я была ў Менску і купіла там кнігу «Доўгая дарога». Я думала, што не змагу прачытаць гэтую кнігу, бо яна была вельмі тоўстай. Я была здзіўленая, як лёгка яна чыталася.
– Гэта аўтабіяграфія, вельмі цікавая, я чытала яе на адным дыханні, бо хацелася ведаць, што будзе далей. Кніга вельмі знакавая ў плане беларускага лёсу, у лёсе Быкава вельмі добра адлюстроўваецца гісторыя Беларусі XX стагоддзя. Гэта было для мяне адкрыццём, як зразумець лёс беларуса праз лёс Быкава. З’явілася думка калісьці перакласці гэту кнігу.
– Я падумала, што гэта добры час. І сапраўды так было, бо на пераклад я атрымала стыпендыю, тры месяцы ў Вене, у Інстытуце навук пра чалавека. Я там вельмі інтэнсіўна працавала. Якраз тады ў кіно паказвалі фільм Сяргея Лазніцы «Бабін Яр». Там былі дакументальныя матэрыялы з 40-х гадоў, дзе можна было ўбачыць чырвонаармейцаў у іх форме.
– Быкаў вельмі часта пісаў пра тое, як выглядаў шынель, ягоная торба. Кніга была вельмі тоўстай — 22 выдавецкія аркушы. За гэты час я пераклала каля паловы, а ўвогуле гэта заняло каля дзевяці месяцаў.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле: