Прадстаўнікі АПК заклікалі ўлады Ўкраіны дапамагчы ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота. Падчас акцыі ў падтрымку Ўкраіны і супраць расейскай агрэсіі

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі (АПК) зьвярнуліся да ўкраінскага боку з ініцыятывай уключыць беларускіх палітвязьняў у абменныя сьпісы, а таксама заклікалі Ўкраіну «выкарыстаць усе магчымыя мэханізмы для спрыяньня вызваленьню беларускіх палітвязьняў».

Прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская і прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Вадзім Кабанчук накіравалі адпаведныя лісты прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных справаў Украіны і да Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, паведамляе прэс-служба АПК.

У лістах прадстаўнікі АПК падкрэсьліваюць, што пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзян Беларусі адкрыта падтрымалі Ўкраіну — удзельнічалі ў пратэстах, інфармацыйных і валянтэрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падразьдзелаў.

«Рэжым Лукашэнкі, які зьяўляецца саюзьнікам Крамля, жорстка перасьледуе любыя праявы салідарнасьці з Украінай. У выніку шмат беларусаў былі арыштаваныя і асуджаныя на працяглыя тэрміны па сфабрыкаваных абвінавачаньнях», — адзначаецца ў лістах.

Прадстаўнікі АПК прапанавалі Ўкраіне скарыстаць даступныя дыпляматычныя і міжнародныя мэханізмы, у тым ліку:

  • ініцыяваць кансультацыі зь міжнароднымі партнэрамі аб уключэньні беларускіх палітвязьняў у абменныя сьпісы;
  • публічна выказаць падтрымку гэтым асобам і запатрабаваць іх вызваленьня;
  • далучыць міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЭ, Чырвоны Крыж) да перамоўнага працэсу;
  • узмацніць ціск на Расею як саюзьніка Лукашэнкі;
  • разглядаць беларускіх палітвязьняў як ахвяраў палітычных рэпрэсіяў за іх праўкраінскую пазыцыю.

Паводле аўтараў лістоў, спрыяньне вызваленьню беларускіх палітвязьняў ня толькі падкрэсьліць імідж Украіны як дзяржавы, што абараняе правы чалавека і падтрымлівае дэмакратычныя рухі, але і ўмацуе сувязі зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, прадэманструе салідарнасьць і аслабіць пазыцыі рэжыму Лукашэнкі.

Да ліста прадстаўнікі АПК далучылі сьпіс беларускіх палітзьняволеных, якія падтрымалі Ўкраіну.

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў, на 24 лютага 2025 году агулам за падтрымку Ўкраіны ў Беларусі асудзілі як мінімум 209 чалавек, сярод якіх 38 жанчын. Так, прынамсі41 чалавека асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. За намер ваяваць на баку Ўкраіны асуджаныя 30 чалавек, за перадачу фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі ў СМІ — мінімум 93. Таксама ў сувязі з вайной ва Ўкраіне ў Беларусі судзяць за «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК) і за «акт тэрарызму» (арт. 289 КК). Па гэтых артыкулах асуджаныя мінімум 35 і 24 чалавекі адпаведна.
  • Агулам на 3 лютага ў Беларусі сама меней 1208 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю; пры гэтым рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў у краіне можа быць значна большай.

svaboda.org