Мінкульт абвясціў паляванне на «здраднікаў»?
Міністр культуры Анатоль Маркевіч на пасяджэнні выніковай калегіі міністэрства выказаўся пра артыстаў і творчыя калектывы:
— Здраднікам не месца на сцэне, будзь то дзяржспецмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку.
Але пры гэтым да кожнага артыста або творчага калектыву, які заявіў аб адрачэнні ад ранейшых поглядаў і жаданні працаваць на карысць Беларусі, прымяняецца індывідуальны падыход.
Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, пастах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, яму даецца другі шанс.
Калі словы пакаяння аказваюцца хлуснёй, з такімі людзьмі мы расстаёмся адразу і назаўжды.
Да чаго можа прывесці такая палітыка ў сферы культуры і ці знойдуцца людзі, якія ў 2020-м выступалі супраць гвалту і за новыя выбары, а заўтра раптоўна адракуцца ад сваіх поглядаў — Филин абмеркаваў з гісторыкам Цімафеем Акудовічам.
— Кожны чалавек сам вырашае, ці хоча ён выступаць у раённых дамах культуры. Мяркую, міністр культуры Беларусі вельмі малое мае дачыненне да беларускай культуры. Так, па шчырасці, і раней было, а цяпер яшчэ больш.
Гэтая прорва паміж міністрам культуры і культурай нават у самой Беларусі, мне падаецца, вельмі глыбокая, таму словы міністра культуры, на маю думку, канешне, уплываюць на шмат якіх людзей, і палітыка дзяржавы ламае лёсы людзей, але агулам на культуру не дужа гэта будзе ўплываць, таму што людзі, якія выказаліся ў 20-м годзе ці з’ехалі, ці прынцыпова не пойдуць працаваць на дзяржаву, застаючыся ў Беларусі.
Не бачу тут праблемы, гэта проста словы чыноўніка, якому трэба было нешта сказаць.
— Як думаеце, ці можа гэта выклікаць чарговую хвалю чыстак ва ўстановах культуры?
— Мне здаецца, гэта цунамі ў пастаянным рэжыме. Хто яго ведае? Можа, сапраўды падрыхтоўка да нечага, але не зусім зразумела — да чаго, бо і так ужо вычысцілі каго можна. Можа, зверху нейкіх справаздач патрабуюць, дык трэба было адсправаздачыцца хаця б такім чынам.
— Як гісторык можаце правесці паралелі з падобнымі падзеямі ў мінулым, калі здраднікаў шукалі, і чым гэта ўсё ў выніку заканчвалася?
— Для Беларусі гэта гісторыя апошніх двух стагоддзяў, бо гісторыя Расійскай імперыі — гэта пошук людзей няправільнай пазіцыі, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, калі расійскі нацыяналізм пачаў паднімаць галаву. Ну, а савецкі перыяд — гэта 70 год пастаяннага пошуку «здраднікаў».
І, здаецца, для нас гэта добры прыклад, бо гэты пошук моцна што папсаваў, але глабальна нічога не памяняў. Не адмяніў жадання людзей мець нармальную культуру, не адмяніў «Бітлз» у Савецкім Саюзе, не адмяніў нацыянальных культур. Таму што культура ідзе сваёй чаргой, а міністр культуры — сваёй.