Антаніна Канавалава: Мы добра ведаем, як і чым можна дапамагчы

Экс-палітвязынка, давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года Антаніна Канавалава, якая адбыла свой тэрмін і выйшла па памілаванні, з’ехала ў Варшаву і працягвае займацца грамадскай дзейнасцю. Нядаўна актывістка разам з іншымі палітзняволеннымі прэзентавала ініцыятыву “Freedom Woman”. «Радыё Рацыя» пагутарыла з ёй пра аб’яднанне, стаўленне да беларускіх падзеяў у эміграцыі і адносіны з дзецьмі.

РР: Як праходзіць адаптацыя ў Польшчы? Наколькі камфортна сябе тут ужо адчуваеш?

Антаніна Канавалава: Ужо магу сказаць, што добра. Побач сям’я. Самыя блізкія мне людзі. Таму магу сказаць, што адаптацыя праходзіць добра. Каб яшчэ дакументы былі, то наогул было цудоўна. Тады канчаткова адчула б сябе свабодным чалавека. Ужо лета. Цёпла, прыгожа. Ёсць планы на летні перыяд. Я не скарджуся.

РР: Планы якія?

Антаніна Канавалава: На адпачынак. Я хачу з’ездзіць да мора. У мяне атрымаецца гэта зрабіць у Гданьск. Я хачу проста ўвечары прагуляцца па марскім узбярэжжы. Гэта калі я выязджала з калоніі, то мне хацелася ў лес пракрычацца. То зараз у мяне такая мара проста пашпацыраваць ля мора.

РР: Разам з тым вы ўжо пачалі дапамагаць палітвязанкам. Вы запускаеце ініцыятыву «Freedom Woman». На што яна будзе скіраваная?

Антаніна Канавалава: Мы толькі пачынаем. Гэта агульная камандная работа. То бок у нас няма галоўнага дырэктара, мы ўсё робім разам. Мы будзем імкнуцца даваць і юрыдычную, і псіхалагічную дапамогу, будзем спрабаваць, каб жанчыны змаглі выехаць кудысьці за межы Варшавы, можа ў Італію, у Гішпанію, у Чэхію, адпачыць. Зараз ідуць размовы пра гэта. Таксама мы хочам заняцца beauty-сферай, каб жанчыны змаглі прывесці сябе ў парадак пасля калоніі. І каб гэта ўсё было бясплатна.

РР: У эміграцыі існуе не адна арганізацыя, якая накіраваная на дапамогу палітвязням. Чаму вы вырашылі ствараць сваю?

Антаніна Канавалава: Таму што мы як ніхто іншы ведаем, чым мы можам дапамагчы, як мы можам дапамагчы, што мы можам параіць. Таму што мы самі праз гэта прайшлі. Усе жанчыны, якія зараз да нас далучыліся, якія зараз дапамагаюць і сваімі ідэямі, і сваімі сувязямі, яны ўсе былі ў жаночых калоніях, яны былі на хатняй «хіміі», і яны ведаюць, што адчувае кожная жанчына, якая выходзіць на волю.

РР: У вас стаіць задача аб’яднання ўсіх палітвязанак, якія цяпер на волі. Або вам дастаткова таго «касцяку», які будзе галоўным чынам адказваць за арганізацыю? А далей новыя людзі, якія вызваляюцца, будуць дадавацца.

Антаніна Канавалава: Калі чалавек захоча да нас прыйсці і скажа, што хоча дапамагаць, то мы, канешне, прымем. У нас няма такога, маўляў, ёсць пяць чалавек і мы ўсё самі вырашаем. Калі нас будзе 50 чалавек, гэта будзе крута. Калі жанчыны будуць вызваляцца і захочуць нам дапамагаць, гэта таксама будзе крута. Мы толькі за.

Цалкам размова:

racyja.com