У кракаўскім выдавецтве Gutenberg Publisher выходзіць кніга «Хто ты, дрон?». Яе аўтарка перамагла ў конкурсе рукапісаў «Шуфлядка»

Фота: Інстаграм выдавецтва Gutenberg Publisher

На фестывалі Piknik LTCŃ (Пікнік Летуцень) адбудзецца прэзентацыя новай кнігі для дзяцей «Хто ты, дрон?» Ганны Кручковай. Прыгодніцкая казка, якая сталася пераможцам конкурсу рукапісаў фестывалю Pradmova ў намінацыі «Творы для дзяцей», выходзіць у выдавецтве Gutenberg Publisher.

Галоўныя героі ў кніжцы — дзяўчынка Паліна, хлопчык Глеб і дрон па мянушцы Андрон. Як прызналася Reform.news аўтарка твора, нахтненнем для яе незвычайнага персанажа стаў Карлсан, вядомы герой казкі Астрыд Ліндгрэн.

Любімай кніжкай з дзяцінства для беларускай журналісткі быў твор «Малыш і Карлсан, які жыве на даху». Ганна напісала працяг казкі шведскай пісьменніцы яшчэ шмат гадоў таму, калі жыла ў Мінску. Яна звязалася з нашчадкамі літаратаркі наконт аўтарскіх правоў, але ёй адказалі, што па запавеце Астрыд, не хацелі б, каб герояў яе твораў пазычалі іншыя аўтары. Так Ганне прыйшлося адмовіцца ад сваёй гісторыі. Але ў яе з’явілася ідэя, што Карлсана можна замяніць дронам. І нарадзілася новая казка, у якой дзейнічае дрон Андрон. Над гэтым рукапісам, які і быў адпраўлены на конкурс Pradmova летась, Ганна працавала ўжо ў Варшаве.

— Вядома, мой персанаж за гэты час прайшоў дзіўную трансфармацыю, і атрымалася зусім іншая гісторыя, чым прыгоды хлопчыка і смешнага чалавечка з прапелерам, — прызнаецца аўтарка. — Дрон у маім рукапісе — зусім іншая істота.

У творы падымаюцца шмат важных тэм: экалагічная павестка, але ў першую чаргу гэта сучасная гісторыя пра сяброўства і сям’ю, адзначае Ганна.

Выдавецтва Gutenberg Publisher прыпадносіць казку як інтрыгоўны дэтэктыў:

«2028 год. Адзінаццацігадовая Паліна жыве ў мястэчку каля запаведніка, і яе займаюць тры важныя пытанні.
1. Чаму ваўкі раптам пачалі выходзіць з лесу і нападаць на людзей?
2. Адкуль узяўся дзіўны аўтаномны нейрадрон, які раптам прызямліўся на яе дах?
3. І галоўнае: што стала з бацькам, які знік у джунглях, ратуючы звяроў ад браканьераў?
У пошуках адказаў Паліне давядзецца раскрыць страшнае злачынства і даведацца неймаверную праўду, якая разарве ёй сэрца, але і адкрые дзіўны свет».

Найлепш кніга падыдзе для дзяцей ад 9 да 12 гадоў. Зрабіць перадзаказ выдання можна ўжо зараз.

Час і месца прэзентацыі кнігі «Хто ты, дрон?»: 26 ліпеня, фестываль «Летуцень» у Кракаве (park Jordana).

reform.news