
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс не бачыць падстаў разглядаць пытанне аб ануляванні акрэдытацыі “Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі” (дэ-факта Офіса Святланы Ціханоўскай). Пра гэта паведамляе літоўскае інфармагенцтва BNS.
Так міністр пракаментаваў зварот дэпутата Сейма Літвы Вітаўтаса Сініцы з просьбай ануляваць акрэдытацыю беларускага прадстаўніцтва.
Нададзены “Прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі” статус дазваляе яму “дзеіць, выконваць функцыі і мабілізоўваць дэмакратычныя сілы”, — заявіў учора кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
У сваю чаргу ў заяве Офіса на сайце Святланы Ціханоўскай 23 ліпеня сцвярджаецца, што беларуская дэмакратычная супольнасць удзячная Вільнюсу за “шматгадовую падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за мірныя дэмакратычныя і еўрапейскія пераўтварэнні ў краіне”.
Адзначана таксама, што “ліст дэпутата літоўскага Сейма, які з’явіўся ў публічнай прасторы, змяшчае недакладную ды хлуслівую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім стасункам паміж літоўскім і беларускім народамі”.
