
16 ліпеня памёр беларускі грамадзкі дзеяч у ЗША Вячка Станкевіч (1932-2025), паведаміла ў сваім фэйсбуку Наталля Гардзіенка.
Вячка Станкевіч нарадзіўся ў Вільні 15 верасьня 1932 г. у сям’і ведамага мовазнаўцы Янкі Станкевіча й ягонай жонкі Марыі. У 1949 г. разам з бацькамі прыехаў у ЗША. Спачатку пасяліўся ў Мінэсоце, пазьней жыў у Кліўлэндзе, дзе ўдзельнічаў у беларускай футбольнай камандзе “Пагоня”. У 1951—1954 гг. служыў у амэрыканскім войску. Па вяртаньні жыў у Нью-Ёрку.
У 1959 г. закончыў Нью-Ёрскі гарадзкі каледж з дыплёмам інжынэра-электроніка. У 1968 г. у Ньюарскім інжынэрным каледжы (Нью-Джэрзі) атрымаў ступень магістра інжынэрыі. Гуляў за нью-ёрскую футбольную каманду “Беларусь”. Быў актыўным сябрам Згуртаваньня беларускай моладзі ў Амэрыцы, быў старшынём яго нью-ёрскага аддзелу, пазьней старшынём Галоўнай управы. Працаваў інжынэрам у карпарацыях ITT і WesternUnion. У 1963—1966 гг. у сувязі з працай жыў у Заходняй Эўропе, пазьней вярнуўся ў Нью-Ёрк.
Быў сябрам Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, уваходзіў у кіраўніцтва арганізацыі (старшыня Галоўнай управы ў 1969—1971 і 2007—2011 гг.). У 1988—1998 гг. быў кіраўніком беларускай службы Радыё “Свабода”. Пасьля вярнуўся ў ЗША. У 2003 г. пераняў кіраваньне Фундацыяй імя Льва Сапегі. Радны БНР, быў абраны заступнікам старшыні Рады. У 2009—2018 гг. быў старшынём Беларускай фундацыі Крачэўскага. У 2013 г. разам з жонкай заклаў фундацыю “Monroe-Vilnia Foundation” для падтрымкі розных беларускіх праектаў.
Паводле facebook.com/natalla.hardziyenka
