
Раней улады Літвы заявілі, што закрыюць мяжу зь Беларусьсю, калі будуць правакацыі.
За апошнія содні на мяжы Літвы зь Беларусьсю не фіксавалі спробаў нелегальнага перасячэньня. Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Пры гэтым у папярэднія дні былі спробы нелегальнага перасячэньня ў дзьвюх суседніх дзяржавах — Латвіі і Польшчы. Памежнікі Латвіі ў нядзелю вярнулі дзесяць мігрантаў, а ў Польшчы ў суботу не прапусьцілі ў краіну 175 іншаземцаў. Пры гэтым статыстыку за наступныя дні ў краінах яшчэ не апублікавалі.
Сёлета ў Літву не прапусьцілі больш за 1,2 тысячы мігрантаў, якія парушалі мяжу. Летась былі 1002 спробы пранікненьня ў краіну зь Беларусі ў недазволеных месцах.
- У ноч на 12 верасьня Польшча закрыла апошні прапускны пункт на мяжы зь Беларусьсю і заявіла, што гэтыя захады будуць дзейнічаць да часу зьнікненьня пагрозы.
- Закрыцьцё мяжы зьвязалі з расейска-беларускімі вучэньнямі «Запад-2025», але ў Польшчы адзначылі, што ў сваім рашэньні грунтуюцца ня толькі на іх.
- Некалькі гадоў на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу адбываецца мігранцкі крызіс, ягонымі ахвярамі сталі некалькі чалавек.
- Польскія памежнікі таксама станавіліся ахвярамі нападаў, сярод іх быў адзін забіты і некалькі параненых.
