Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года на шляху дахаты з пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Спачатку палітык 75 сутак правёў на Акрэсьціна, дзе на знак пратэсту парэзаў сабе рукі. Потым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. 25 траўня 2021 года яму прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня, піша «Новы Час».
Паўлу Севярынцу было прад’яўлена абвінавачаньне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя масавых беспарадкаў».
Прыгадаем пра колішняга кіраўніка «Маладога Фронту», а потым сустаршыню аргкамітэту партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя».
Наступны здымак быў зроблены на апошняй акцыі, у якой удзельнічаў Павел Севярынец, каля Камароўскага рынку. Неўзабаве праз дзьве гадзіны ён будзе выкрадзены непадалёк ад дому.
Павел Севярынец падчас выбараў кіраўніцтва «Маладога Фронту» ў 2015 годзе.
Непасрэдна пасьля прысуду, які вынеслі 25 траўня 2021 года, родныя палітыка паведамлялі «Новаму Часу»:
— Калі пералічвалі артыкулы, у якіх сказана пра падпалы, узброены супраціў, гвалт над асобай, якія нібыта зьдзейсьненыя гэтымі людзьмі (палітвязьнямі. — НЧ) — нягледзячы на ўсю трагічнасьць моманту, гэта было сьмешна. Гэта з той жа оперы, што і нібыта ХАМАС самалёт спыніў, — дадае маці палітыка Тацьцяна Севярынец. — Гэты суд увойдзе ў гісторыю крыміналістыкі як прыклад таго, як фальсіфікаваліся дакумэнты і як нельга гуляць чалавечымі лёсамі.
Тацьцяна Севярынец абураная прысудам сыну, але ў той жа час яна перакананая: «Камусьці гэта будзе дабраславеньнем, таму што гэтыя людзі будуць распаўсюджваць сьвятло там, куды яны трапяць». Жанчына прызнаецца, што раней увесь час, гаворачы пра сына, не магла стрымаць сьлёз. Сёньня першы раз, калі яна не заплакала, гаворачы пра Паўла.
— Я не збіраюся плакаць, каб гэтыя пачвары бачылі мае сьлёзы. Не дачакаюцца — мы будзем жыць!
27 жніўня без сюрпрызаў прысуд пакінулі тым самым.
«Апеляцыйны суд пакінуў прысуд. Адзінае, пералічылі 1 дзень СІЗА за 1,5 дня калоніі, таму Паша ўжо паўтара года адматаў. Засталося 5,5, калі падлічыць, але веру, што Бог падрыхтаваў для нас нешта зусім іншае», — напісала ў Фэйсбуку жонка палітыка Вольга Севярынец.
З-за кратаў Павел перадае весткі і дагэтуль.
У жніўні 2021-га ён заклікаў праваслаўных сьвятароў весьці набажэнствы па-беларуску. Хаця б раз на тыдзень:
— Госпад даў кожнаму народу сваю ўласную мову — каб прадухіліць пабудову сусветнай імперыі зла і паставіць заслон граху агульначалавечай пыхі (гісторыю пра вавілонскае стоўпатварэнне мы чытаем у Быцці).
Больш за тое, наш Збаўца і Госпад Ісус Хрыстос пасля Ўваскрасення запаведаў сваім вучням: Ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысціце іх у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога (Мацвея 28:19). Бог не сказаў: «усіх людзей», але падкрэсліў — «усе народы». І беларускі народ — у іх ліку.
«Мова наша святая, бо яна нам ад Бога дадзеная», — казаў адзін з апосталаў беларускага народа, глыбокі вернік, паэт і абаронца сялянаў Францішак Багушэвіч.
— Большасць беларускіх нацыяльнальных герояў — вернікі Ісуса Хрыста. Найлепшы для Беларусі палітычны лад — вечавая хрысціянская дэмакратыя. Полацкае княства, шляхецкая хрысціянская дэмакратыя ВКЛ і народная хрысціянская дэмакратыя новага часу. Беларускі менталітэт выяўлены ў Божых дарах любові, ахвярнасці, міру, цярпення — поўны евангельскага святла.
Сёння Госпад дае цудоўную магчымасць для беларусізацыі хрысціянаў і хрысціянізацыі беларусаў. Людзі ўзрушаныя, яны цягнуцца і да Бога, і да Беларусі. Таму царква мае весці глыбінную ўнутраную працу: шукаць і знайсці ў сабе Ісуса Хрыста, Які размаўляе па-беларуску.
— Траціна трыадзінай беларускай хрысціянскай Царквы — Рыма-Каталіцкі Касцёл і Грэка-каталіцкая Царква — у асноўным беларускамоўныя. Мы бачым, што сёння яны — з народам. А вось беларускім праваслаўным і евангельскім цэрквам як паветра патрэбныя набажэнствы па-беларуску. У Беларускай Праваслаўнай Царкве, між іншым, беларуская мова — літургічная нароўні з царкоўнаславянскай, усё распрацавана, і для малітвы па-беларуску патрэбнае толькі рашэнне святара. У евангельскіх цэрквах пастарам варта згадаць: Рэфармацыя XVI стагоддзя, якая стала Залатым векам Беларусі, размаўляла па-беларуску.
Няхай усё пачнецца хаця б з аднаго беларускамоўнага набажэнства на тыдзень. Бог дапаможа і натхніць людзей. Няўжо беларусы ня вартыя аднаго беларускамоўнага набажэнства на 7 дзён, браты? Няўжо так і будзем маліцца да Бога не па-беларуску?
— Бог даў нам мову — а мы адмаўляемся ды грэбліва адкідаем яе. Час пакаяцца за тое, што выракліся Божага дару — і ствараць плод, варты пакаяння. Ёсць жа цудоўныя праваслаўныя і евангельскія супольнасці, дзе беларуская мова квітнее! Пераймайце!».
Напрыканцы 2021 года ў сям’і Севярынцаў здарылася трагічная падзея — памёр тата Паўла пісьменьнік Кастусь Севярынец. Гутарку зь ім і матуляй палітыка Тацьцянай мы запісалі ў наступным матэрыяле.
Аднак Паўла Севярынца не адпусьцілі на пахаваньне свайго бацькі.
«Мы разумелі, што Паўла на пахаванне, хутчэй за ўсё, ніхто не адпусціць, але не спрабаваць не маглі, — напісала Вольга Севярынец.
— Мы звярнуліся да хрысціянскіх іерархаў, хтосьці адразу ж адгукнуўся і стараўся дапамагчы, хтосьці сказаў, што дапамагчы не зможа.
Я бачыла, што сябры пісалі запыты ў калонію, каб Пашу адпусцілі. Бачыла, што выказваліся дыпламаты. Мы кожнаму вельмі ўдзячныя. Мы зрабілі, што маглі.Пашу сказалі, што тата памёр, днём у пятніцу і адразу ж далі патэлефанаваць матулі. Ён напісаў заяву на выезд, тэарэтычна такая магчымасць у зняволенага ў калоніі ёсць, але дазвол яму не далі, сказалі, што цяжкі артыкул. Паша агаломшаны».
Спадзяемся, хутка будзе нагода паўтарыць наступныя здымкі, якія мы зьнялі поруч з Валадаркай у Менску:
Вольга Севярынец напісала шчымлівы расповед пра тое, як прайшло яе двухдзённае спатканне з мужам у шклоўскай калоніі №17.
На спатканне з мужам Вольга прыехала з сынам.
— Цікава, колькі ўсяго можа вытрымаць чалавечае сэрца. Кожны раз здзіўляюся. Прыслухаешся. Трывае? І праўда, трывае. А здавалася, больш не вытрымае.
Праз сэрца як праз сітца… Кап, кап, кап, сок з роспачы, надзеі, болю і шчасця…
— Пакой напоўнены зімовым мяккім святлом, так што амаль не відаць закратаваных вокнаў, і сонечныя зайчыкі кладуцца на твары трох цалкам шчаслівых людзей, якія, абняўшыся, ляжаць на ложку — мужчына, жанчына і іх маленькі хлопчык.
Гэта мы! Вось проста зараз, разам, у шыкоўным гатэлі для доўгіх спатканняў Шклоўскай калоніі нумар 17.
Цуд даўжынёй у два дні. Слоў не хапае, і паветра таксама.
— Абняць адно аднаго зноў роўна праз паўтара года. Бог быццам адмервае чарговы этап суцяшэннем — трымайцеся, родныя, і нічога не бойцеся. Я з вамі.
І кожная будзёная рэч як дзіва — разам прачнуцца, разам паснедаць, памыць посуд, разам спяваць і маліцца, адкрыць бляшанку з аліўкамі, разам прайсціся па калідоры.І глядзіш на ўсе вочы і не верыш — вось ён. Пахне дрэвам. Усміхаецца. Такі ж родны, такі ж уважлівы, толькі яшчэ больш мяккі, быццам цярпенні, якія шчодра сустракаюцца на яго шляху, размякчаюць яго сэрца, а не ачарсцвяюць».
Дома яго чакае любая жонка Вольга.
А таксама самы малодшы з Севярынцаў — сын Францішак.
Павел Севярынец у «Чабурэчнай», дзе была абвешчаная БНР у 1918 годзе.